«На гарызонце інфляцыя з дэвальвацыяй. Але каго гэта хвалюе?»

Блогер і прадпрымальнік Аляксандр Кныровіч ацэньвае свежыя даныя Белстата на стане беларускай эканомікі не іначай, як «экстрэмісцкія». Бо лічбы не сыходзяцца, і сведчаць пра вельмі трывожныя тэндэнцыі.

_belarus_hroszy_ekanomika_kurs_infljacyja_fota_novy_czas__4__logo.jpg

Расцем, грамадзяне! Ды так, што Жалезны Арні ў лепшыя гады нам бы абзайздросціўся!

Планава прэ эканоміка, даходы, зарплаты, на зайздрасць брыдкім ліберальным заходнікам. Вось толькі рост гэты нейкі... падазроны.

Пра гэта ўжо сігналізуюць, махаюць чырвонымі сцяжкамі супрацоўнікі цэнтра BEROC.

Літаральна ўсім калектывам. Так і пішуць, маўляў,  рост «незбалансаваны», і выкліканы непрапарцыйным разгонам заробкаў і занадта таннымі крэдытамі (Т9 — выправіў было на «крэтынамі», што таксама правільна).

Ну словы «эканамістаў-экстрэмістаў» можна было б і міма вушэй прапусціць, але куды падзець справаздачу Белстата? Выйшла свежая, з данымі аб развіцці эканомікі за студзень-люты.

І там, — мамка ж ты мая!

Адкрываеш «гандаль», чытаеш — абарот вырас на 11 з чымсьці там адсоткаў. На «нешта там» увагі ўжо і не звяртаеш, дастаткова і цудоўных 11! І ўжо нібыта як палез у лядоўню за шампанскім, трэба ж і адзначыць такое... Як погляд здрадліва слізгануў на радок «прыбытак», і лядоўня засталася стаяць адкрытай.

Гэта як у вас, таварышы спецыялісты, так атрымліваецца: выручка вырасла на 11,4%, а прыбытак ад рэалізацыі палёг?

Выдаў мінус 45,5%??? Гэта што за «загагуліна»?

Ну і глядзіш далей, і, практычна ўсюды, акрамя пажываючага будаўніцтва, карціна аналагічная. Па гэтым самым паказчыку «прыбытак ад рэалізацыі», які вызначае якасць аперацыйнай дзейнасці, маем: прамысловасць — мінус 16%, грамадскае харчаванне — мінус 13,3%, сельская гаспадарка — наогул мінус 40%!

У параўнанні са студзенем-лютым 2023-га. Тут, мне здаецца, час ужо і Белстату статус «экстрэміста» надаць. Інакш, чым шкодніцтвам, апублікаванне такой інфармацыі, дый яшчэ і напярэдадні УНС і не патлумачыш.

У цэлым жа па эканоміцы, чысты прыбытак (выніковы паказчык) зморшчылася на 27,6%, вось такія поспехі.

Што гэта? Чым растлумачыць?

Маем гарачае жаданне таварышы Галоўчанкі і кампаніі і выслужыцца перад начальствам, а значыць, любымі сродкамі дамагчыся лічбы эканамічнага росту ў 3,8% ва ўмовах недахопу працоўных рук.

І, улічваючы спробу адначасова абмежаваць інфляцыю, «маем тое, што маем».

Грошы забралі ў прадпрыемстваў і разагналі попыт так, што на гарызонце інфляцыя з дэвальвацыяй. Але каго гэта хвалюе?

Чым, акрамя дасканалай абыякавасці да стану фінансаў, можна растлумачыць наяўнасць у эканоміцы 57,5% стратных «калгасаў»? Гэта наогул як?

Ну і такі так, інфляцыя ў Беларусі сёння разы гэтак у два вышэй чым у любой з краін Балтыі ці Польшчы...

Дарэгуляваліся.

Глядзіце таксама