Беларуская эканоміка збочвае на траекторыю альтэрнатыўнага росквіту

Крызіс 2011 года ў нас, відаць, не паўторыцца. Гэтым разам у нас будзе новы, унікальны крызіс, разважае аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».

fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__6__logo.jpg

Самы час, я лічу, зноў трошкі сказаць табе пра сумнае. Хоць пра сумнае казаць цяжка. Як ты ведаеш, падрабязнасці пра сумнае ад нас хаваюць, каб лішні раз не адцягваць увагі ад эканамічных поспехаў. Але эканамічныя поспехі зайшлі ўжо так далёка, што не абавязкова ведаць усе дробныя дэталі, каб заўважыць, што беларуская эканоміка збочвае на траекторыю альтэрнатыўнага росквіту.

Вось Белстат паведаміў пра дасягненні беларускага экспарту за тры месяцы гэтага года. І гэтыя дасягненні такія, што нават Белстату было, напэўна, няёмка імі выхваляцца. Таму што за тры месяцы беларускі экспарт вырас на адзін цэлы і пяць сотых працэнта.

А калі палічыць у сакавіку асобна, то беларускі экспарт за сакавік не вырас, а знізіўся на 1,5 працэнта. І гэта значыць, што беларускі экспарт страціў інерцыю разгону, які ён набраў летась. Таму што на расійскім рынку беларускі экспарт крыўдзяць канкурэнты, якія нічога не ведаюць пра ўнікальную беларускую якасць. А да рынкаў далёкай дугі беларускаму экспарту цяжка дастаць, таму што ў беларускага экспарту ў арганізме не хапае расійскіх чыгунак. Ну вось проста няма як беларускі экспарт вазіць.

І атрымліваецца, што магчымасці беларускага экспарту не супадаюць з жаданнямі беларускага ўрада. Таму што ў беларускага ўрада ёсць жаданне эканамічнага росту, а ў беларускага экспарту няма для гэтага ніякіх магчымасцяў. Каб выканаць планы ўрада, экспарту за год трэба вырасці на сем з паловай працэнтаў. А не ўпасці на паўтара.

Але ад сваіх планаў беларускі ўрад жа адмаўляцца не збіраецца. Яно, можа, і хацела б, але хто ж яму дазволіць. Гэта значыць, вытворчасць павінна вырабляць у адпаведнасці з даведзенымі да яго мэтавымі паказчыкамі. Нават калі яна вырабляе лішняе.

І вось калі ты не можаш прадаць лішняе на знешніх рынках, то табе даводзіцца разлічваць на ўнутраны. (Можна яшчэ, вядома, вырабляць і нікому не прадаваць, але гэта не варыянт, таму што склады не гумовыя). А каб унутраны рынак мог дазволіць сабе лішнія тавары ва ўнутранага рынку павінны быць лішнія грошы. І вось гэтым беларускі ўрад цяпер і займаецца. Забяспечвае ўнутраны рынак таннымі лішнімі грашыма. Гэта значыць, культурна кажучы, стымулюе ўнутраны попыт.

За тры месяцы гэтага года беларускія кампаніі ўзялі крэдытаў на 35 працэнтаў больш, чым год таму. А год таму яны таксама не саромеліся браць крэдыты. І беларускія грамадзяне не адставалі. Беларускія грамадзяне ўзялі крэдытаў за гэтыя тры месяцы на 30 працэнтаў больш, чым летась.

У нармальных жыццёвых абставінах лішнія грошы маглі б проста прастымуляваць цэны. Інфляцыя б вырасла — і ў эканоміцы аднавіўся нармальны цэнавы баланс. Але беларускім уладам эканамічныя законы не пісаныя. Таму, павышаць цэны яны забаранілі. Таму інфляцыя для беларускай эканомікі — не выйсце.

Беларускія кампаніі павінны больш вырабляць, больш плаціць рабочым, а цэны падвышаць не павінны. І ўлічваючы, што ў краіне не да эканамічных законаў, гэта будзе працягвацца пакуль спачатку ў кампаній, а потым у банкаў, не скончацца грошы. І гэтыя грошы, насамрэч ужо паціху канчаюцца.

За першы месяц гэтага года прыбытак беларускіх кампаній абваліўся на траціну. А іх чыстыя страты вырасла на 75 працэнтаў. Спажывецкі попыт у краіне вырас на 14 працэнтаў. Гэта значыць, беларускія кампаніі выраблялі больш, прадавалі больш, а грошай зараблялі менш.

Таму крызіс 2011 года ў нас, хутчэй за ўсё, не паўторыцца. У гэты раз у нас будзе новы, унікальны крызіс. Такі, якога ўжо даўно не было. Вось калі ўлады своечасова не дазволяць цэнам расці так, як ім хочацца, то замест росту цэнаў у нас пачнуць руйнавацца банкі і заводы. А цэны ўсё роўна вырастуць. Толькі потым.