Яраслаў Раманчук: «Беларусь можа пісаць падручнікі, як не спраўляцца з інфляцыяй»

Улады рыхтуюць новую праграму па стабілізацыі цэн у краіне і спрабуюць «уручную» кантраляваць узровень інфляцыі. Да чаго гэта можа прывесці, разважае эканаміст Яраслаў Раманчук у тэксце «Салідарнасці»

Фота Белсат

Фота Белсат

Беларускія ўлады, парушаючы ўсе базавыя эканамічныя прынцыпы, працягваюць уручную змагацца з інфляцыяй. Як паведамляе БЕЛТА, урад і Камітэт дзяржкантролю рыхтуюць праграму дзеянняў па стабілізацыі цэн. Паведамляецца, што яна будзе накіраваная «на максімальнае забеспячэнне насельніцтва, насычэнне рынку таварамі, нарошчванне імпартазамяшчальнай вытворчасці, барацьбу з інфляцыйнымі чаканнямі».

— Беларусь, напэўна, адна з нямногіх краін у свеце, у якой стабілізацыі цэн дзяржаўнымі мерамі надаецца так шмат увагі, — адзначае на канале «Эканоміка здаровага сэнсу» эканаміст Яраслаў Раманчук. — Ну проста няма такой краіны, якая вось так 30 гадоў хадзіла б па адных і тых жа граблях, наступала б на іх, разбівала б сабе лоб, фіксавала высокую інфляцыю, Чухала гэты лоб і працягвала рабіць тое ж самае.

Эканаміст нагадвае, што ўжо некалькі гадоў у краіне дзейнічае адна праграма стабілізацыі цэн. Але яе, здаецца, недастаткова.

— Мала. Трэба прыняць яшчэ адну дзяржаўную праграму. Словы перастаўляюцца, але самае галоўнае, аб'ект вось гэтай чыноўніцкай бюракратычнай дзейнасці застаецца нязменным.

Лукашэнка хоча ў ручным рэжыме даказаць, што ён можа перамагчы інфляцыю. Нікому ў гісторыі чалавецтва гэта не ўдавалася без негатыўных наступстваў. Лукашэнку, уласна, таксама. 30 гадоў ён робіць гэта ледзь ні кожны год, нічога не атрымліваецца, але ён працягвае апеляваць да гэтай тэмы.

Пры гэтым інфляцыя і рост коштаў застаюцца ў тройцы самых вялікіх эканамічных праблем, з якімі сутыкаюцца беларусы.

— Але Лукашэнка не можа дапусціць думку, што гэта з'яўляецца следствам грашова-крэдытнай палітыкі, абмежаваннем канкурэнцыі, бязладдзем у абмежаванні прадпрымальніцкай дзейнасці. Калі ты за год павялічваеш грашовую масу на 40%, пры гэтым няма паўнавартасных адносін са знешнім светам, няма спрыяльнага дзелавога клімату, натуральна, гэта ціск на цэны, ціск на курс. І, так, ты да нейкага часу будзеш гэта стрымліваць, але рана ці позна прарве. Гэта проста законы эканомікі, — тлумачыць Яраслаў Раманчук.

Глядзіце таксама

Ён упэўнены, што, калі чарговая дзяржаўная праграма стабілізацыя цэн будзе прынятая, гэта адразу можа прывесці да абмежавання асартыменту і якасці.

— Мы гэта ўсё ўжо праходзілі. Беларусь можа ўжо пісаць падручнікі ўсяму свету, як не спраўляцца з інфляцыяй. Таму што калі было б інакш, Беларусь не ўваходзіла б у топ-15 краін з самай высокай штогадовай інфляцыяй на працягу апошніх 20 гадоў.

Адкрываеш зборнік статыстыкі Швейцарыі — з пачатку XXI стагоддзя сярэднегадавы ўзровень коштаў 1,5%. Глядзіш Беларусь — 13%. Ну няма ў Швейцарыі Дзяржаўнай праграмы стабілізацыі цэн, няма дзяржаўнай праграмы рэгулявання курсу! Там проста ёсць незалежны Нацыянальны банк, які ведае сваю працу. Яго праца як раз — стабільныя кошты. Кропка.

А тут Лукашэнка сустракаецца з Нацыянальным банкам і пачынае: «Я Вам пакажу, як працаваць, трэба стабільнасцю заняцца! Што гэта за інфляцыя такая?» Хоць інфляцыя афіцыйна ў Беларусі 5-6%, і гэта з пункту гледжання нават беларускіх стандартаў — добры паказчык, — тлумачыць эканаміст. — Але, відавочна, Лукашэнка ведае іншую праўду і арыентуецца на іншую праўду. Ды і людзі, калі іх пытаюцца, наколькі павысіліся кошты, адказваюць, не на 5%, не на 3%, а можа быць, у два-тры разы.

Глядзіце таксама

Менавіта з гэтай прычыны, упэўнены эканаміст, Лукашэнка падчас чарговай электаральнай кампаніі імітуе бурную дзейнасць, паказваючы, як ён робіць усё, што ад яго залежыць, каб кошты былі стабільнымі, а прадукты, тавары і паслугі для звычайных людзей даступнымі.

— А потым, у выпадку чаго, скажа чыноўнікам: «Гэта вы мяне падманулі!» і пасадзіць якога-небудзь начальніка антыманапольнага рэгулявання або аптавіка, або пастаўшчыка, каб людзям паказаць: гэта не я дрэнную грашова-крэдытную палітыку праводжу, не я душу бізнэс, гэта яны вінаватыя. Зноў — такі пан добры, а халопы дрэнныя. Вось навошта ўся гэтая катавасія з ручным рэгуляваннем коштаў!

Эканаміст упэўнены, што з інфляцыяй неабходна змагацца выключна рынкавымі метадамі. А ў якасці прыкладу можна браць любыя іншыя краіны, дзе гэта працуе: Швейцарыю, Ірландыю, Японію і нават Кітай.

— У Кітаі сярэднегадавая інфляцыя 1,2%. І там, у Кітаі, вось такімі метадамі не змагаюцца, — тлумачыць Яраслаў Раманчук. — Але, на жаль, Лукашэнка не бярэ прыклад з лідараў, ігнаруе навуку. А потым скажа электарату «мяне падманулі» — і намалюе сабе 89%.