Што чакае беларускі рубель? Ці будзе дэвальвацыя?

Беларуская эканоміка — з'ява нестабільная. Сёння яна можа здавацца ўстойлівай, а заўтра — абваліцца. Таму беларусам трэба быць гатовымі да ўсяго, у тым ліку да магчымай дэвальвацыі, пра якую апошнім часам загаварылі не толькі незалежныя эксперты, але і самі чыноўнікі.

_hroszy___zyrouka__fota_novy_czas_logo_1_logo.jpg

Што адбываецца з курсам беларускага рубля і рабіць беларусам у выпадку дэвальвацыі? «Еўрарадыё» паразмаўляла пра гэта з эканамістамі.

«Лепш за ўсё стварыць падушку бяспекі да таго, як адбудзецца моцнае падзенне»

Дэвальвацыя — гэта зніжэнне курсу нацыянальнай валюты ў дачыненні да іншых валют. Паводле старшай навуковай супрацоўніцы даследчага цэнтра BEROC Анастасіі Лузгіной, калі курс рэагуе на тое, што адбываецца ў эканоміцы, — гэта абсалютна нармальны працэс. Але ёсць нюанс.

— Кепска, калі дэвальвацыя моцна паскараецца, напрыклад, праз дэфіцыт валюты або высокія тэмпы інфляцыі. Тады эканоміка адчувае шок і заканамерна пераходзіць у новы раўнаважны стан. Але пераход да яго можа быць хваравітым як для грамадзян, так і для дзяржавы.

Хваравітасць выяўляецца ў тым, што беларускі рубель падае рэзка, і зберажэнні ў ім абясцэньваюцца. Цяпер у Беларусі назіраецца трэнд на паступовае зніжэнне курсу. Як не прапусціць момант, калі ён зменіцца?

— Улады вельмі шмат кажуць пра павелічэнне экспарту. І нездарма. Цяпер дадатнае сальда гандлю (розніца паміж экспартам і імпартам тавараў і паслуг) складае ўсяго 23,1 мільёна долараў, а гэта нізкі паказчык. А калі сальда стане адмоўным, гэта непазбежна прывядзе да зніжэння курсу.

Другі момант, кажа экспертка, звязаны з нестабільнасцю расійскага рубля.

— Летась мы бачылі, як ваганні расійскай валюты паўплывалі на зніжэнне курсу ў Беларусі. Калі расійскі рубель паскорыць зніжэнне ў будучыні (за кошт змякчэння валютных абмежаванняў ці больш жорсткіх санкцый), то змены прывядуць да аналагічных трэндаў і ў дачыненні да беларускай эканомікі.

З аднаго боку, у гэтым нічога страшнага няма, бо беларускі рубель можа нават умацавацца да кошыка валют, кажа Лузгіна. Але з іншага, такая залежнасць ад расійскага рынку прыводзіць да ўзмацнення ваганняў курсу, чым стварае дадатковыя выдаткі для прадпрыемстваў, якія не страхавалі валютныя рызыкі.

Незалежна ад таго, ці спраўдзяцца негатыўныя прагнозы, беларусам варта сябе засцерагчы.

— Я не раю скупляць долары ці бегчы ў крамы па бытавую тэхніку, калі курс ужо знізіўся. Лепш за ўсё стварыць падушку бяспекі, загадзя дыверсіфікуючы свае збержэнні. Гэта можа выглядаць як размеркаванне грошай у розныя валюты, купля кватэры для сваёй сям'і з прыцягненнем досыць прывабных на сённяшні дзень крэдытаў. Ва ўмовах няпэўнасці гэта найлепшы варыянт.


Глядзіце таксама

«Адназначна сказаць, што курс беларускага рубля рэзка абваліцца, нельга»

Паводле старшага навуковага супрацоўніка даследчага цэнтра BEROC Дзмітрыя Крука, чакаць, што сёння-заўтра беларускі рубель будзе абясцэньвацца гэтак жа, як было ў 2009-—2011 гадах, не варта. Эканаміст таксама звяртае ўвагу на тое, што курс ужо зніжаецца — але паступова.

— Як бы парадаксальна гэта ні гучала, стан беларускага знешняга гандлю ў 2021-2022 гадах па доларавых паказчыках быў адным з найлепшых за ўсю гісторыю Беларусі. Гэта звязана з рознымі штучнымі прычынамі, якія ў другой палове 2023 года проста сышлі на нішто. Пачаліся праблемы з экспартам тавараў у Расію, дзе Беларусь усё часцей сутыкаецца з вялікай канкурэнцыяй з боку кітайскіх вытворцаў. Таму ўнутранае сальда станам на гэты год, хутчэй за ўсё, будзе адмоўным.

Для нармальнай краіны гэта не катастрофа. Але ўрад Беларусі, каб закрыць дэфіцыт, можа прыдумаць і непапулярныя варыянты.

— Гэта можна кампенсаваць за кошт знешніх крэдытаў або інвестыцый. Але Беларусь і інвестыцыі цяпер знаходзяцца дзесьці ў паралельных сусветах. А калі дэфіцыт немагчыма прафінансаваць — значыць, яго трэба прадухіліць, і робіцца гэта за кошт абясцэньвання рубля.

Улічваючы гэты фактар, а таксама сітуацыю вакол расійскага рубля, эксперт робіць выснову, што ў 2024 годзе беларускі рубель працягне плаўна абясцэньвацца без рэзкіх падзенняў. Але трэба ўважліва глядзець на беларускі экспарт.

— Гіпатэтычна рэзкае падзенне можа адбыцца, калі спыніцца экспарт нафтапрадуктаў ці калійных угнаенняў. Тады так, курс абваліцца, а засцерагчы сябе стане практычна немагчыма. Лепш за ўсё падрыхтавацца загадзя, да таго, як гэта адбылося: закупіцца валютай і рознага кшталту доўгатэрміновымі таварамі. Але паўтаруся: адназначна сказаць, што курс беларускага рубля рэзка абваліцца, нельга.


Глядзіце таксама

Што адбываецца на валютным рынку цяпер?

Пра дэвальвацыю загаварылі ў кантэксце зніжэння беларускага рубля да асноўнага кошыка валют (туды ўваходзяць долар ЗША, расійскі рубель і кітайскі юань). Калі летась з 1 студзеня да 11 красавіка рубель саступіў 0,64%, то за аналагічны перыяд гэтага года — ужо 0,92%.

Аднак Анастасія Лузгіна не лічыць гэтую розніцу значнай:

— Калі паглядзець разбіўку асноўных валют, то можна ўбачыць прыпыненне ўмацавання беларускага рубля да расійскага. Паколькі доля расійскага рубля цяпер складае 60% валютнага кошыка, менавіта гэты фактар і аказвае моцны ўплыў на змены ў кошыку валют у цэлым. Але, паўтаруся, нічога звышнатуральнага не адбываецца.