Доля прыватнага бізнесу ў рознічным гандлі Беларусі — больш за дзяржаўную
Якія беларускія крамы маюць найбольшы таварааброт у рознічным гандлі? Што з прадуктаў беларусы куплялі найбольш у першым квартале 2024 года? Распавядае «Беларусы і рынак».
Каля 64% усяго абароту рознічных крам прыпадае на прыватны сектар, паведамляецца ў статыстычным зборніку Белстата.
З гэтага аб'ёму невялікая частка ўсё ж звязаная з дзяржавай. Агульная сума абароту ў прыватнікаў склала ў першым квартале амаль 12,6 мільярда рублёў, але ў ёй каля 911 мільёнаў — гэта абарот у крамах з удзелам дзяржавы.
Пры гэтым Белстат пад сумай прыватнага абароту мае на ўвазе айчынны бізнес. Крамы замежнай уласнасці даюць яшчэ каля 5,4 мільярда рублёў абароту. Сярод іх ёсць сапраўды замежныя бізнесы. Напрыклад, гэта сеткі дыскаўнтэраў «Святлафор» і «Дабрацэн», якія належаць расіянам.
Але ёсць і група кампаній «Еўрагандаль» («Еўраопт», «Хіт!», «Грошык», «Сем пятніц»). Яе асноўная юрыдычная асоба належыць кампаніі, якая зарэгістраваная ў ААЭ. Аднак асноўныя канчатковыя ўладальнікі — два бізнесоўцы, якія з'ехалі з Беларусі за мяжу.
Доля харчовых прадуктаў, напояў і тытунёвых вырабаў у студзені-сакавіку склала 48,6%, а нехарчовых тавараў — 51,4%. Для параўнання: у першым квартале 2023 года гэта было, адпаведна, 50,6% і 49,4%.
У цэлым рознічны тавараабарот у першым квартале 2024 года склаў 19,7 мільярда рублёў, што на 13,1% больш чым годам раней. Пры гэтым каля 5% абароту фармуюць індывідуальныя прадпрымальнікі і фізічныя асобы. На іх прыпадае каля мільярда рублёў.
Вада і гарэлка
Сярод папулярных тавараў паўсядзённага попыту ў прадуктовых крамах больш за ўсё прадаюцца мінеральная і пітная вада ў бутэльках, калі вымяраць не ў грошах, а фізічных аб'ёмах. У студзені-сакавіку рэалізавана амаль 9,5 мільёна дэкалітраў.
Алкаголь адстае. За той жа час спіртнога прададзена 1,7 мільёна дэкалітраў, калі вымяраць у абсалютным алкаголі. У рэальнасці гэта азначае, што за тры месяцы набыта амаль 1,9 мільёна дэкалітраў гарэлкі, 566 тысяч дэкалітраў іншага спіртнога. Выручка ад такіх напояў і піва склала 1,4 мільярда рублёў (плюс 0,5% да першага квартала папярэдняга года).
Набыта таксама больш за мільён дэкалітраў фруктовых і агароднінных сокаў. На якую суму, не ўдакладняецца.
Закуска
Жыхары і госці краіны ў студзені-сакавіку 2024 года купілі каля 358 мільёнаў яек. За гэты ж час у Беларусі іх было выраблена 895 мільёнаў штук. Гэта значыць частка прадукцыі пайшла на экспарт. Асноўны напрамак — Расія.
Прададзена ў крамах і 100 тысяч тон мясных прадуктаў, 68,5 тысячы тон мяса, 84,1 тысячы тон свежай гародніны і грыбоў, 13,3 тысячы тон макаронных вырабаў. Многія прадукты айчынныя. Яйкі прадаюцца толькі беларускія. Самая вялікая доля імпарту — у раслінных алеях (89,8%). У цэлым доля айчынных прадуктаў на паліцах трохі знізілася, склаўшы 76,2% (у першым квартале 2023-га было 77%).
У нехарчовым сегменце ў грашовым выражэнні сярод папулярных тавараў у лідарах маторнае паліва (больш за мільярд рублёў), затым ідуць лекі (каля 890 мільёнаў), будматэрыялы (811,6 мільёна), трыкатаж (550,3 мільёна) і іншае. Доля айчынных тавараў — 37,6%. Асабліва шмат імпарту ў трыкатажы — 84,3%.