Новы закон — жаданне знішчыць індывідуальных прадпрымальнікаў як клас

Навошта беларускія ўлады так доўга і зацята змагаюцца супраць індывідуальных прадпрымальнікаў і хто прыйдзе на іх месца, тлумачыць «Свабодзе» прадпрымальнік і блогер Аляксандар Кныровіч.

_belarus_ekanomika_rynak_fota_novy_czas__2___1__logo.jpg

— Аляксандар Лукашэнка падпісаў закон, які абмяжоўвае прадпрымальніцкую дзейнасьць. Якая ваша агульная ацэнка гэтага закону і дзеля чаго ўлада яго прыняла, зь якой мэтай?

— Гэта шматпакутны закон, які ўжо два гады праходзіў розныя стадыі прыняцьця і паправак. Варта ўзгадаць, што зыходным пунктам гэтага закону было жаданьне ўлады зьнішчыць індывідуальных прадпрымальнікаў як клясу.

Цяперашні палітычны рэжым мае думку, што індывідуальныя прадпрымальнікі — гэта такія хітруны, якія недаплачваюць падаткі. Што яны знаходзяцца ў няроўных, больш выгодных умовах у параўнаньні зь юрыдычнымі асобамі, і таму гэта трэба спыняць.

Натуральна, што ўлада не пытаецца ў тых 270 тысяч беларускіх індывідуальных прадпрымальнікаў, што яны наконт гэтага думаюць. Навошта пытацца думкі тых, каго ты зьбіраесься зарэзаць?

Было вырашана, што застануцца дзьве формы існаваньня бізнэсу.

  • Адна — у выглядзе фізычнай асобы, якая самастойна займаецца нейкай прадпрымальніцкай дзейнасьцю. Для гэтага існуе панятак самазанятасьці і ўсё вакол гэтага.
  • Для ўсіх астатніх — юрыдычная асоба. Натуральна, што рэгістрацыя ў якасьці юрыдычнай асобы цягне за сабой значна больш адказнасьці і выдаткаў — і мы разумеем, што далёка ня кожны індывідуальны прадпрымальнік на гэта адважыцца.

Таму рашэньняў зь іхнага боку можа быць некалькі:

  1. Адно — увогуле спыняць сваю дзейнасьць. Большасьць ІП — гэта не мільянэры, гэта людзі, якія зарабляюць больш-менш прыстойна на сябе і сваю сям’ю.
  2. Другое рашэньне — «схавацца ў цень».
  3. Трэцяе — перайсьці ўсё ж у юрыдычную асобу. Мы бачылі, што гэтыя пагрозы, якія цягнуцца даволі даўно, прыводзілі да таго, што некаторыя ІП пераходзілі паступова ў юрыдычную асобу. Але прапорцыя была 1 да 4 — то бок на 4 закрытыя ІП зьяўлялася адна юрыдычная асоба.

Цяпер усё залежыць ад таго, якія віды дзейнасьці будуць дазволеныя індывідуальным прадпрымальнікам. І тут ніхто ня хоча браць на сябе адказнасьць за тое, што некаторыя сэктары — такія, як перавозкі альбо гуртовы гандаль — могуць быць цалкам зьнішчаныя.

Таму, дарэчы, прыняцьце гэтага закону доўгі час адкладалася. І цяпер вызначылі, што да 1 ліпеня павінен быць падрыхтаваны сьпіс дазволеных відаў дзейнасьці. А бяз гэтага сьпісу пакуль яшчэ нічога не зразумела.

— У гэтым жаданьні ўлады змагацца з ІП чаго, на вашую думку, больш — чыста эканамічных рэзонаў (жаданьня павялічыць сабраныя падаткі), альбо тут ёсьць і палітычна-сацыяльная матывацыя?

— Я б усё ж паставіў у аснову жаданьне зьбіраць больш грошай у бюджэт. Але ёсьць і іншы элемэнт. Лукашэнка хоча даказаць, што той сьвет, які існуе ў яго ў галаве, рэальны. І ў гэтым сьвеце пануе плянавая эканоміка, у якой у існаваньні індывідуальных прадпрымальнікаў няма сэнсу.

Гэта можна назваць клясавай нянавісьцю да тых людзей, якія ад яго не залежаць. Гэтыя 270 тысяч чалавек нічога ў Лукашэнкі ня просяць, не пытаюцца, што ім вырабляць, па якіх цэнах прадаваць і гэтак далей. Яны ад яго не залежаць — і, канечне, гэта выклікае жаданьне іх падпарадкаваць.

— Нават паводле афіцыйных падлікаў Міністэрства эканомікі, пасьля перагляду відаў дзейнасьці колькасьць індывідуальных прадпрымальнікаў можа скараціцца амаль удвая — з 263 тысяч да 143,5 тысячы, колькасьць найманых работнікаў у іх — з 64,6 тысячы да 47,1 тысячы. Няўжо ўлады ня бачаць тут нэгатыўных наступстваў?

— Яны разважаюць такімі катэгорыямі. Маўляў, гэтыя ІП нам ствараюць толькі 3 працэнты падатковай базы. І нават калі іх ня будзе ўвогуле, нічога страшнага для бюджэту ня здарыцца. Памруць — дый халера зь імі. Чыноўнікі ня мысьляць катэгорыямі, што гэтыя ІП не ствараюць фінансавай нагрузкі для сыстэмы, ня просяць выплатаў, заробкаў.

Я перакананы, што чалавек, які мае досьвед уласнага бізнэсу, няхай нават самы мінімальны, ніколі ня пойдзе працаваць на завод за тры капейкі, не паедзе ў калгас. А сёньня ў Беларусі адчувальны недахоп працоўных рук найперш у гэтых сфэрах — на заводах і ў сельскай гаспадарцы. Але ІП — гэта дакладна ня тыя людзі, якія вырашаць для ўлады гэтую праблему.

А для насельніцтва ў выніку змаганьня з ІП усё будзе як заўсёды — тавары падаражэюць, будзе меншы выбар. Вядома, на месца ІП нехта прыйдзе, але, калі гэта будуць юрыдычныя асобы, то яны проста падымуць цэны, каб кампэнсаваць уласныя большыя выдаткі.

— Але за гэты час барацьбы дзяржавы супраць ІП часам нават ад людзей з рынкавымі падыходамі гучалі меркаваньні, што ІП — гэта форма самазанятасьці, больш уласьцівая першай стадыі рынкавых адносінаў, 1990-м гадам, і ня вельмі сучасная цяпер. Маўляў, калі яны пяройдуць у статус юрыдычных асобаў, гэта будзе больш адпавядаць сучасным эканамічным рэаліям. Як вы ставіцеся да гэтага аргумэнту?

— Я бачу Польшчу, дзе колькасьць людзей, якія займаюцца індывідуальнай працоўнай дзейнасьцю, звыш 2 з паловай мільёнаў (пры насельніцтве краіны 38 мільёнаў). Памер польскай эканомікі ў 10 разоў большы за беларускі — 700 мільярдаў супраць 70 мільярдаў даляраў.

І гэтай эканоміцы ніяк не замінае наяўнасьць такой колькасьці людзей, якія працуюць у статусе індывідуальных прадпрымальнікаў. Заўсёды ў бізнэсе так ёсьць — вялікая маса маленькіх кампаніяў, якія хутка нараджаюцца і хутка паміраюць, і толькі адзінкі зь іх пераходзяць на наступную стадыю і вырастаюць у буйныя кампаніі. Гэта нармальна.

Таму для беларускага ўзроўню разьвіцьця (беларуская эканоміка на 39-м месцы з 43 у Эўропе) я б лічыў, што ня варта нічога чапаць у гэтай частцы.