«Чыноўнікі называюць нас жулікамі». Ці знікнуць у Беларусі індывідуальныя прадпрымальнікі?
Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон па пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці, да гэтага адобраны беларускім парламентам. Дакумент устанаўлівае канчатковы тэрмін, калі ў краіне можа знікнуць самае паняцце «індывідуальны прадпрымальнік». Чакаць засталося адносна нядоўга: згодна з законам, гэта павінна адбыцца да канца 2025 года.
Што прадугледжвае закон?
Як вынікае з афіцыйнага каментара прэс-службы Лукашэнкі, падпісаны закон «устанаўлівае абноўленую архітэктуру прадпрымальніцтва», піша DW. У Беларусі прадугледжваецца толькі дзве катэгорыі, якія займаюцца прадпрымальніцкай дзейнасцю, — юрыдычныя і фізічныя асобы.
Да юрыдычных асоб аднесеныя малыя арганізацыі з колькасцю працуючых да 100 чалавек. Сярэднімі лічацца арганізацыі, якія маюць да 250 супрацоўнікаў, буйнымі — звыш 250 чалавек. У катэгорыю фізічных асоб уключаныя рамеснікі, уладальнікі аграэкасядзіб, самазанятыя і — пакуль яшчэ — індывідуальныя прадпрымальнікі (ІП).
Гэтым летам урад РБ павінен вызначыцца з відамі дзейнасці, якія змогуць ажыццяўляць дзейныя ІП. Па відах, якія не ўвайшлі ў плануемы пералік, з 1 кастрычніка 2024 года рэгістрацыя новых індывідуальных прадпрымальнікаў будзе спыненая. Раней чыноўнікі агучвалі свае планы, з якіх вынікала, што ІП не дазволяць займацца аптовым гандлем, аказваць турыстычныя і юрыдычныя паслугі, а таксама арганізоўваць і праводзіць культурна-забаўляльныя мерапрыемствы.
Аднак у любым выпадку астатнія індывідуальныя прадпрымальнікі абавязаныя будуць да 1 студзеня 2026 года змяніць статус і стварыць юрыдычную асобу. Да гэтай даты наяўнасць у Беларусі ІП законам проста не прадугледжаная. Узамен улады абяцаюць спрошчаны парадак пераходу ў камерцыйныя арганізацыі і фінансавую падтрымку.
Па словах міністра эканомікі Юрыя Чабатара, «за будучай юрыдычнай асобай застануцца ўсе дзейсныя на той момант дазвольныя дакументы — сертыфікаты, ліцэнзіі — і магчымасць у паскораным рэжыме перарэгістраваць свой разліковы рахунак у банку».
Як прадпрымальнікаў называюць спекулянтамі
На ўмовах ананімнасці прадстаўнік адной з беларускіх юрыдычных кампаній распавёў, што ўлады ўжо некалькі гадоў дамагаюцца скарачэння колькасці ІП у Беларусі. «Увесь гэты час ствараюцца ўмовы, каб мець статус індывідуальнага прадпрымальніка было не выгадна, — адзначыў суразмоўца. — Гэта тычыцца падаткаабкладання, абмежаванняў па ўзроўні даходаў або наяўнасці наёмных работнікаў».
Раней у Міністэрстве эканомікі РБ агучвалі свой прагноз: пасля перагляду відаў дзейнасці колькасць індывідуальных прадпрымальнікаў у краіне можа скараціцца амаль удвая — з 263 тысяч да 143,5 тысячы. Таксама павінна прыкметна зменшыцца і колькасць наёмных работнікаў у ІП. Цяпер беларускае заканадаўства дазваляе ІП прыцягваць не больш за тры асобы паводле працоўных дамоваў.
Індывідуальны прадпрымальнік Сяргей займаецца рознічным гандлем у адным з райцэнтраў Беларусі і мае як раз трох работнікаў. «Мне такой колькасці памочнікаў дастаткова, а калі б задумваўся аб пашырэнні бізнесу, то давялося б шукаць іншыя варыянты», — прызнаецца мужчына.
Паводле слоў Сяргея, як ІП ён зарэгістраваўся амаль два дзясяткі гадоў таму. За гэты час неаднаразова сутыкаўся з грэблівым стаўленнем мясцовых уладаў. «Такіх, як я, маглі назваць спекулянтамі і жулікамі, папракнуць у тым, што нібыта хаваем даходы або ўхіляемся ад выплаты падаткаў, — распавядае прадпрымальнік. — Робіцца ўсё гэта галаслоўна: праверкі ніякіх сур'ёзных парушэнняў не знаходзілі. Чамусьці чыноўнікам і ў галаву не прыходзіць, што ўсе гэтыя гады «іпэшнікі» не просяць у дзяржавы ніякай дапамогі і самі забяспечваюць свае сем'і».
Што кажуць ІП пра перспектывы свайго бізнесу?
Калі Сяргей займаецца дробным бізнесам даўно, то жыхар Брэста Вадзім толькі некалькі месяцаў таму афіцыйна стаў індывідуальным прадпрымальнікам. Малады чалавек прызнаецца, што падпісаны закон можа прымусіць яго адмовіцца ад статусу ІП значна раней, чым да 2026 года.
«Летась служыў у войску і, шчыра кажучы, не сачыў, што абмяркоўваліся новыя правілы для індывідуальных прадпрымальнікаў, — распавядае Вадзім. — Пасля дэмабілізацыі вырашыў пачаць сваю справу, але цяпер нават не ведаю, як паступіць. Адкрыць сваё прадпрыемства я пакуль не гатовы, а цяпер атрымліваецца, што як ІП змагу працаваць нядоўга».
Жыхар Брэста не выключае, што з ідэяй уласнага прадпрымальніцтва давядзецца расстацца і сысці ў наёмныя работнікі, альбо зусім з'ехаць у Польшчу. «У любым выпадку на дзяржаўнае прадпрыемства або ў бюджэтную арганізацыю не пайду», — заяўляе Вадзім.
Мінчанка Святлана да нядаўняга часу таксама была індывідуальным прадпрымальнікам: пасля доўгіх роздумаў яна ўсё ж вырашыла стварыць юрыдычную асобу. «Для мяне было важна захаваць тыя веды і досвед, якія атрымала, будучы ІП, — тлумачыць жанчына. — Старанна вывучала ўсе плюсы і мінусы пераходу ў новы статус. Прыйшла да высновы, што, на жаль, дзеянні ўладаў у апошнія гады былі накіраваныя на тое, каб пазбавіцца ад дробнага бізнесу».
Святлана ўспамінае, якой зацяжной у Беларусі была барацьба ІП за прызнанне сертыфікатаў, усталяванне фіксаваных плацяжоў за арэнду памяшканняў і іншых пытанняў, якія перашкаджалі развіццю прадпрымальніцтва.
Ці абяруць прадпрымальнікі новы юрыдычны статус?
У выніку жыхарка Мінска стварыла фірму, хоць і прызнаецца, што зрабіла гэта больш ад безвыходнасці. «З'явіліся абавязацельствы весці падрабязную дакументацыю, мець бухгалтара, рабіць адлічэнні ў Фонд сацыяльнай абароны, — пералічвае Святлана. — Гэта значыць, падаткавая нагрузка і выдаткі на суправаджэнне бізнесу прыкметна выраслі, чаго не скажаш пра прыбытак. Добра, што цяпер няма абмежаванняў па наёмных работнікахм, як было ў ІП. Але і неабходнасці прыцягваць супрацоўнікаў у цяперашняй эканамічнай сітуацыі пакуль не бачу».
Прадстаўнік юрыдычнай кампаніі пацвердзіў, што пры стварэнні прыватных прадпрыемстваў яго заснавальнікам прыйдзецца рабіць больш адлічэнняў у бюджэт, чым тыя, што прадугледжаныя для ІП. «Прадпрымальнікаў гэта засмучае, але яны ўсведамляюць — па-іншаму ім працаваць не дадуць, — адзначае суразмоўца. — Да таго ж ліквідаваць ІП не так проста ў параўнанні са зменай юрыдычнага статусу».
На думку юрыста, прыняўшы закон аб прадпрымальніцкай
дзейнасці, улады наўрад ці маюць на мэце выключна папоўніць бюджэт. «Справа не
ў грошах, а ў розніцы паміж юрыдычнай асобай і ІП, — мяркуе суразмоўца. — Прадпрыемства
лягчэй кантраляваць, чым індывідуальнага прадпрымальніка, якому прасцей весці
бізнес. Вось гэтая функцыя кантролю, як мне здаецца, выходзіць цяпер на першы
план».