«Гэта выглядае як спроба “залатаць дзіркі” пенсіянерамі, каб падоўжыць агонію»

Яшчэ гадоў дзесяць таму на мясцовых заводах стараліся пазбавіцца ад людзей пенсійнага ўзросту, а цяпер вымушаныя клікаць іх назад, бо працаваць няма каму. Але ці гатовыя самі пенсіянеры, якіх раней выштурхнулі за вароты прадпрыемстваў, вярнуцца да працы? 

_horad___ljudzi___rybak___czalavek__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo.jpg

Падчас нарады, якая прайшла 9 красавіка 2024 года і прысвечанай развіццю прамысловасці, Лукашэнка прызнаў «павальны дэфіцыт» кадраў у гэтай галіне. У якасці рашэння праблемы прапануецца звярнуць увагу на нявыкарыстаныя рэзервы: імі ўлады лічаць пенсіянераў. Але ці гатовыя самі людзі пенсійнага ўзросту працягваць працаваць — у матэрыяле DW.

Колькі ў Беларусі пенсіянераў?

Пенсійны ўзрост у Беларусі — 58 гадоў для жанчын і 63 гады для мужчын. Аднак даведацца, колькі цяпер у краіне людзей, якія выйшлі на пенсію па ўзросце, не проста.

Яшчэ ў часы пандэміі каронавіруса Нацыянальны статыстычны камітэт РБ перастаў публікаваць даныя аб смяротнасці насельніцтва і аб колькасці пенсіянераў. У 2022 годзе ўлады паведамлялі, што розныя віды пенсій у Беларусі атрымліваюць каля 2,5 мільёна чалавек. Але ў гэты спіс уваходзяць і тыя, каму належаць выплаты па інваліднасці або з нагоды страты карміцеля.

Восенню 2023 года ў аглядзе Белстата, прымеркаванага да Дня пажылых людзей, гаварылася, што ў краіне жыве больш за 1,5 мільёна грамадзян ва ўзросце 65 гадоў і старэйшых. Тады ж намесніца міністра працы і сацыяльнай абароны Марына Арцёменка паведаміла падчас прэс-канферэнцыі, што ў Беларусі працуе кожны пяты пенсіянер — амаль 420 тысяч чалавек. Аднак незразумела, ці ўключаны ў іх лік людзі, якія атрымліваюць пенсію па інваліднасці або па іншых прычынах, не звязаных з узростам.

Глядзіце таксама

Навошта людзям пенсійннага ўзросту ўгаворваць вярнуцца на працу?

На думку эксперта ў пытаннях дэмаграфіі (ён знаходзіцца ў Беларусі і пагадзіўся пракаментаваць сітуацыю на ўмовах ананімнасці), закрытасць важных статыстычных звестак лішні раз паказвае, што ўладам ёсць што хаваць. «Чыноўнікі аддаюць перавагу агучваць вельмі дазаваную інфармацыю, якая не заўсёды адлюстроўвае рэальнае становішча спраў», — канстатуе суразмоўца DW.

Ён лічыць, што апошнія выказванні Аляксандра Лукашэнкі на тэму дэфіцыту кадраў аказваюцца значна больш інфарматыўныя за справаздачы Белстата.

«Мы даведаемся, што на вядучых прадпрыемствах краіны — МАЗе, Трактарным заводзе — не хапае да дзвюх тысяч чалавек і больш, а ў апрацоўчай прамысловасці маецца 23 тысячы вакансій па рабочых спецыяльнасцях», — звяртае ўвагу эксперт. Пры гэтым, паводле яго слоў, замоўчваецца сапраўдная прычына такога дэфіцыту, якая шмат у чым звязана з неканкурэнтным узроўнем аплаты працы і адтокам працаздольнага насельніцтва за мяжу.

Што тычыцца магчымасці кампенсаваць кадравы голад на прамысловых прадпрыемствах за кошт пенсіянераў, то суразмоўца DW мяркуе, што зрабіць гэта ў патрэбных уладам маштабах наўрад ці ўдасца. «Мне здаецца, што тыя з людзей пенсійнага ўзросту, хто мог і хацеў працягнуць сваю дзейнасць па рабочых спецыяльнасцях, у адмысловым запрашэнні не маюць патрэбы», — лічыць эксперт. Ён таксама робіць яшчэ адну важную заўвагу: часцяком пенсіянеры ў Беларусі вымушаныя працягваць працаваць толькі таму, што не могуць годна жыць на сваю пенсію.

Глядзіце таксама

«Для мяне — прыбаўка да пенсіі, іншы на гэтыя грошы не пагодзіцца»

З такім пунктам гледжання згодная Кацярына, якая, нягледзячы на пенсійны ўзрост, працуе санітаркай у бальніцы ў невялікім горадзе на поўдні Беларусі. Са слоў жанчыны, маючы амаль саракагадовы стаж, яна атрымлівае блізу 700 беларускіх рублёў (200 еўра) пенсіі. «Для нашага гарадка цалкам прыстойная пенсія, — распавядае Кацярына. — Але гэта калі не мець ніякіх клопатаў і здароўе не падводзіць. А тут трэба і дачцэ дапамагчы, якая дом будуе, і ўнуку, які атрымлівае платную адукацыю ў Мінску, ды і свае болькі даюць пра сябе ведаць».

Жанчына адзначае, што яе цяперашні заробак ненашмат перавышае памер пенсіі, і знайсці работніка на такую пасаду адміністрацыя лякарні не можа. «Калі для мяне гэта-прыбаўка да пенсіі, то нехта іншы за такія грошы не заўсёды пагодзіцца працаваць, — лічыць Кацярына. — Моладзь будзе шукаць нешта падыходнае, а не знойдзе тут – з'едзе ў вялікі горад ці нават у Польшчу».

Яшчэ адна пенсіянерка, Валянціна, большую частку свайго жыцця правяла ў вёсцы і была звязана з сельскай гаспадаркай. «Заробкі там невялікія, таму і пенсія выйшла менш, чым у гарадскіх, — кажа жанчына. — Ратуе тое, што цяпер жыву ў дачкі ў Берасці, а свой сельскі дом цяпер выкарыстоўваем, як лецішча».

Па словах Валянціны, рабочых рук у беларускіх сельгаспрадпрыемствах не хапае ўжо даўно і па дапамогу да пенсіянераў звяртаюцца рэгулярна. «Калі з пасяўной яшчэ сяк-так у вёсках спраўляюцца самі, то на ўборку ўраджаю даводзіцца клікаць людзей з горада», — распавядае вяскоўка.

Глядзіце таксама

Раней на заводах ад пенсіянераў пазбаўляліся, цяпер клічуць назад

Мінчук Уладзімір да выхаду на пенсію адпрацаваў на розных прадпрыемствах у беларускай сталіцы, а цяпер гатовы працаваць толькі на сябе. «Пакуль здароўе дазваляе магу яшчэ і пад заказ нешта зрабіць, і сыну дапамагчы ў будаўніцтве», — кажа мужчына і пераканана заяўляе, што вяртацца на заводы, якія належаць дзяржаве, не мае намеру.

«Проста не бачу ў гэтым сэнсу пры той сістэме, якая склалася: лічыце, што гэта мая пазіцыя, — адзначае Уладзімір. — Вялікіх грошай там усё роўна цяпер не заробіш, але ўладам патрабуюцца паслухмяныя і пакорлівыя выканаўцы. Моладзь жа нездарма шукае іншыя варыянты працаўладкавання, у тым ліку і за мяжой. Будзь я маладзейшы, напэўна, паступіў гэтак жа сама».

Жыхар Мінска ўспамінае, што яшчэ гадоў дзесяць таму на мясцовых заводах стараліся пазбавіцца ад людзей пенсійнага ўзросту, паколькі асабліва дэфіцыту кадраў не адчувалі. «Раз сталі гучаць заклікі вярнуць пенсіянераў у цэхі, значыць нешта вельмі моцна памянялася і на заводах, і ў краіне. І далёка не ў лепшы бок», — робіць выснову Уладзімір.

Мужчына згаджаецца з высновамі экспертаў, што вырашыць кадравую праблему за кошт пенсіянераў прамысловыя прадпрыемствы не змогуць. «У любым выпадку патрэбная моладзь, тады будзе і перспектыва ў вытворчасці: пакуль жа гэта выглядае як спроба «залатаць дзіркі» пенсіянерамі, каб падоўжыць агонію», — рэзюмуе мінскі пенсіянер.

Між тым, па даных праекта «Кошт урада» толькі за год — з лютага 2023-га па люты 2024-га — беларускі рынак працы страціў каля 40 тысяч работнікаў. У цяперашніх умовах кампенсаваць такія страты міграцыяй, дэмаграфічнай палітыкай ці ростам прадукцыйнасці працы не ўяўляецца магчымым.

Глядзіце таксама