«Мы вам потым заплацім». Як дзяржава можа «кінуць» будучых пенсіянераў

«Светлая будучыня» хутка дагоніць пенсіянераў. Масавая міграцыя працоўнага насельніцтва стала праблемай для пенсійнага фонду.

Пенсіянерам у Беларусі будзе не соладка. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Пенсіянерам у Беларусі будзе не соладка. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


У Беларусі працягвае скарачацца працаздольнае насельніцтва. Галоўныя прычыны гэтага — хуткае старэнне насельніцтва пры адсутнасці міграцыйнага прытоку і масавая эміграцыя з краіны моладзі і жыхароў сярэдняга ўзросту, у тым ліку сем'яў з дзецьмі — як з палітычных, так і з эканамічных прычын. Усе гэтыя трэнды яшчэ больш узмацніліся з канца 2020 года, калі ў Беларусі пасля выбараў прэзідэнта пачаўся чарговы віток рэпрэсій супраць праціўнікаў Лукашэнкі. Вынік — доля насельніцтва, якая працуе і плаціць падаткі і пенсійныя адлічэнні, рэзка скарацілася, а колькасць пенсіянераў, якія атрымліваюць выплаты, у Беларусі засталася той жа ці нават вырасла.

Экспертка «BEROC» эканаміст Анастасія Лузгіна лічыць, што ўжо ў бліжэйшыя гады беларускім уладам давядзецца прымаць непапулярныя рашэнні, каб паспрабаваць збалансаваць пенсійную сістэму і кампенсаваць дэфіцыт пенсійнага фонду, піша «Настоящее время».

Яна прадказвае хуткае павышэнне пенсійнага ўзросту ў Беларусі, у першую чаргу для жанчын, а таксама стымуляванне пенсіянераў працягваць працаваць і пасля дасягнення пенсійнага ўзросту, але без выплаты ім пенсій. Лузгіна асобна падкрэслівае, што тыя, хто з'ехаў з краіны ў апошнія гады, ужо «пазбавілі» пенсій прыкладна 6% пенсіянераў у Беларусі, і хутка гэтая лічба можа вырасці яшчэ больш.

Тыя, хто з'ехаў, «пазбавілі» пенсій тых, хто застаўся

— На жаль, дакладных лічбаў тых, хто з'ехаў з Беларусі ў апошнія гады, няма, але агучвалася лічба ў 150 тысяч чалавек. Пры гэтым, напрыклад, dev.by, які лічыць выключна IT-сектар, ацэньвае колькасць тых, хто з'ехаў з краіны, у 200 тысяч чалавек, а канкрэтна тых, хто былі занятыя ў IT-сферы — каля 170 тысяч. Ці можам мы вельмі груба, прыкладна сказаць пра тое, наколькі сур'ёзную шкоду ад'езд гэтых людзей на сённяшні дзень нанёс беларускай эканоміцы?

— Адразу скажу, што гэтыя лічбы, што мы агучвалі ў сваім даследаванні, тычацца толькі тых, хто з'ехаў з Беларусі ў еўрапейскія краіны. Але, вядома, людзі з'язджалі яшчэ і ў іншыя дзяржавы: і ў Расію з'язджалі, і ў іншыя краіны постсавецкай прасторы, у Турцыю, Грузію — і ў выніку, канечне, агульная лічба будзе вышэй.

Але нават калі сканцэнтравацца на тых лічбах, якія мы атрымалі менавіта па краінах Еўрасаюза, то мы гаворым, што з'ехала дзесьці ў дыяпазоне ад 140 да 170 тысяч чалавек.


Зразумела, што гэта не ўсе людзі працаздольнага ўзросту, сярод тых, хто з'ехаў, таксама ёсць студэнты і дзеці. Але можна вельмі груба на гэтых лічбах уявіць, паглядзець, хто плаціць адлічэнні ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Беларусі. Гэта дзесьці можа складаць 150-160 тысяч чалавек, якія працуюць у еўрапейскіх краінах, часова ці не — усё роўна.

Зыходзячы з гэтай колькасці, можна, зноў-ткі, груба палічыць, колькі недаатрымаў беларускі бюджэт з улікам таго, што гэтыя работнікі проста ўзялі і з'ехалі, а цяпер працуюць у іншых дзяржавах. Калі б яны працавалі ў Беларусі, то з іх заработнай платы выплачвалася б:

  • 34% — унёсак у ФСАН (Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва) ад налічанага заробку, які пералічвае працадаўца;
  • 1% на сацыяльныя патрэбы;
  • 13% падаходнага падатку, які таксама выплачваецца з заработнай платы работнікаў.

Зыходзячы з гэтых лічбаў, выходзіць недаатрыманне штомесяц у раёне 130-140 млн беларускіх рублёў (больш за $44 млн). Калі палічыць менавіта адлічэнні ў ФСАН, зноў-ткі — груба, і ўзяць сярэднюю пенсію, то атрымліваецца, што кожны месяц гэтыя людзі маглі б плаціць падаткі і такім чынам забяспечваць, груба кажучы, пенсіі прыкладна 140 тысячам пенсіянераў.

Гэта не так шмат ад іх агульнай колькасці: у Беларусі на сённяшні дзень каля 2,3 млн пенсіянераў. Але ўсё роўна гэта каля 6% ад агульнай колькасці пенсіянераў. Мы разумеем, што гэта не ўсе людзі, якія цяпер працуюць дзесьці за мяжой. Але нават зыходзячы з гэтых грубых прыкідак, я лічу, што гэта ўжо паказчык на сённяшні дзень.

Па-другое, і гэта таксама трэба мець на ўвазе: гэты міграцыйны працэс не спыняецца. Цалкам магчыма, што ў 2023 годзе ён замарудзіцца, таму што, напрыклад, шок, калі пачалася вайна, вядома, меў характар усплёску, а цяпер гэта можа стаць больш павольным працэсам. Але гэты працэс не заканчваецца, і колькі гэта будзе працягвацца — вялікае пытанне. Але пакуль існуюць рызык — палітычныя, эканамічныя рызыкі, — то, хутчэй за ўсё, мы будзем бачыць, што людзі будуць з'язджаць з Беларусі.

І плюс да гэтага, на ўсе гэтыя міграцыйныя працэсы накладваецца дрэнная дэмаграфічная сітуацыя, гэта значыць проста натуральнае змяншэнне насельніцтва за кошт нізкай нараджальнасці. І тут можна прывесці лічбы, не праводзячы глыбокага даследавання, можна проста па статыстыцы паглядзець: з 2010 года на рынку працы колькасць занятага насельніцтва скарацілася на 500 тысяч чалавек. Пры гэтым колькасць пенсіянераў у нас засталася прыкладна на тым жа ўзроўні. Гэта ўжо сведчыць, што нагрузка на пенсійны фонд аб'ектыўна ўзрасла.

Усе гэтыя працэсы паказваюць, што, вядома, прамы эфект перш за ўсё адбіваецца на паступленнях падаткаў у бюджэт і на магчымасці забяспечваць сённяшніх і будучых пенсіянераў адпаведнымі выплатамі.

Акрамя прамых эфектаў, ёсць яшчэ шэраг іншых тэндэнцый і наступстваў, уключаючы міграцыю. Таму што, як мы ўжо глядзелі ў даследаванні па той жа Польшчы, відаць, што з'язджаюць у Польшчу ў асноўным людзі працаздольнага ўзросту, іх дзеці, а таксама студэнты. Калі мы гаворым пра студэнтаў і дзяцей, то гэта тыя людзі, якія яшчэ не выйшлі на рынак працы, але выйдуць — і, хутчэй за ўсё, не ў Беларусі, а ў іншых краінах. Гэта адзін момант.

Другі момант — гэта тое, што з'язджаюць, вядома, найбольш актыўныя людзі і людзі, якія могуць уладкавацца. Гэта значыць іх навыкі, іх кваліфікацыя канкурэнтаздольныя на іншых рынках, гэта людзі высокай кваліфікацыі. Гэта, вядома, IT-сектар, але акрамя іх з'язджаюць і лекары, і людзі, якія працуюць у транспартнай галіне, у будаўніцтве — гэта галіны, якія дынамічна развіваюцца. Гэтыя людзі, вядома, маглі б прыкласці свае веды, навыкі ў Беларусі, але яны выбіраюць іншыя рынкі, і ва ўсіх розныя прычыны.

Што тычыцца лекараў, то цяпер ужо ўсе кажуць пра недахоп медыцынскіх спецыялістаў. Гэта, вядома, вельмі дрэнна, таму што лекары адказваюць за здароўе нацыі. І калі іх не хапае, то гэта адбіваецца на агульным стане здароўя людзей. Гэта вельмі адмоўны эфект менавіта сацыяльнага характару ў галіне медыцыны.


Як дзяржава збіраецца выкручвацца

— Вы сказалі, што ўжо цяпер ёсць каля 6% пенсіянераў, якія да гэтага забяспечваліся за кошт тых, хто цяпер з'ехалі. Якімі сродкамі на дадзены момант дзяржава ў стане кампенсаваць гэтую частку бюджэту ад падаткаплацельшчыкаў, якія з'ехалі? Нельга ж 6% пенсіянераў проста пакінуць без выплат? Чым гэта пагражае?

— Безумоўна, ніхто без пенсіі не застаецца, гэта нават відаць і па тым, што ў Беларусі перыядычна адбываецца павышэнне пенсіі, зыходзячы з інфляцыйных працэсаў. Але, як я ўжо сказала, гэта непасрэдна 130-140 тысяч пенсіянераў, якія апрыёры цяпер маглі «выпасці», калі б мы палічылі па колькасці тых, хто з'ехаў.

Як я ўжо сказала, з 2010 года колькасць занятых у Беларусі скарацілася на 500 тысяч чалавек — гэта яшчэ большая лічба. Колькасць пенсіянераў засталася аднолькавай. Калі раней ФСАН быў прафіцытным, то цяпер ён дэфіцытны, і, адпаведна, проста адбываецца пераразмеркаванне бюджэтных рэсурсаў. Фонд датуецца, каб пенсіі выплачваць цалкам.

Але гэта пагражае тым, што скарачаюцца нейкія іншыя выдаткі бюджэту, адбываецца магчымае павелічэнне дэфіцыту бюджэту. Дзяржава выпускае тыя ж аблігацыі, каб папоўніць дэфіцыт дзяржбюджэту, скарачаюцца і аптымізуюцца выдаткі, напрыклад, на эканоміку, можа быць, на сацыяльную сферу, тут ужо трэба глядзець бюджэт. Для таго, каб цалкам кампенсаваць гэтую нястачу ФСАН, дзяржава вымушана, па-першае, скарачаць нейкія іншыя выдаткі і выпускаць, дапусцім, каштоўныя паперы для фінансавання дэфіцыту дзяржбюджэту.

Апошняя кропля

— Вы гаварылі, што няма тэндэнцыі на спыненне міграцыі — гэта значыць, людзі працягваюць з'язджаць з Беларусі. Ці ёсць нейкая, можа быць, крытычная кропка для эканомікі, калі будзе такая ж тэндэнцыя міграцыі? Нейкая крытычная кропка тых, хто з'ехаў, калі стане максімальна складана, скажам так, за кошт іншых абласцей бюджэту кампенсаваць падаткі людзей, якія пакінулі краіну?

— Напэўна, пра гэта лепш спытаць тых, хто менавіта аналізуюць дынаміку ФСАН больш выразна. Але трэба разумець, што людзі, якія цяпер з'язджаюць у працаздольным узросце, калісьці выйдуць на пенсію — і, вядома, выйдуць ужо не ў Беларусі, у іншых краінах. У нейкай ступені гэта кампенсуецца.

Але, сапраўды, праблема існуе, і як яе будзе вырашаць дзяржава — пытанне. Таму што, па-добраму, нават без уліку ўсіх міграцыйных працэсаў, у Беларусі сапраўды назіраецца трэнд на скарачэнне насельніцтва за кошт нізкай нараджальнасці, і з гэтым пакуль нічога не могуць зрабіць.

Каб палепшыць сітуацыю з тымі ж пенсіямі, трэба было насамрэч праводзіць пенсійную рэформу. У нас цяпер размеркавальная сістэма, а трэба было ўводзіць як мінімум назапашвальны элемент. І яго трэба было не сёння ўводзіць, а нашмат раней. Калі б гэта было зроблена своечасова, то мы маглі б прынамсі часткова развязаць тыя праблемы, якія цяпер ёсць у ФСАН. Таму што кожны чалавек, які працуе, паралельна з нейкімі агульнымі адлічэннямі рабіў бы яшчэ адлічэнні на свой асабісты рахунак. І калі б ён выходзіў на пенсію, так, нейкая базавая пенсія ад дзяржавы, гэта мінімальная, яму б выплачвалася б, але частка як мінімум ішла б за кошт яго асабістых назапашванняў, якія ён на працягу жыцця назапасіў і, адпаведна, сам сябе забяспечыў.

У Беларусі, на жаль, такой сістэмы няма. Але цяпер, па-першае, ужо з'яўляецца інфармацыя, што дзяржчыноўнікі гавораць пра тое, каб стымуляваць сённяшніх пенсіянераў працягваць працаваць без выплаты пенсій. Гэта ўжо кажа, што «давайце мы не будзем цяпер вам плаціць, потым заплацім». Гэта адзін момант.

Другі момант: яны ўжо ўвялі добраахвотны назапашвальны элемент, але гэта добраахвотны элемент, не абавязковы, гэта значыць такімі палавіністымі мерамі спрабуюць неяк вырашыць праблему. Вядома, праблема гэтая не вырашыцца такім чынам.


Таксама павышалі пенсійны ўзрост. Гэта таксама дапамагло, але на кароткі прамежак часу. Хутчэй за ўсё, рана ці позна ўсё роўна да гэтага вернуцца, і цалкам магчыма, прынамсі для жанчын, зноў будуць павышаць пенсійны ўзрост.

Ёсць пэўныя рычагі. Гэта павышэнне пенсійнага ўзросту, якое можа з'яўляцца рашэннем праблемы, але на вельмі невялікі прамежак часу. Ёсць магчымасць рэфармавання пенсійнай сістэмы, але ў бягучых умовах гэта, на жаль, немагчыма, таму што ўжо сёння ў гэтым выпадку на гэтую рэформу трэба прыцягваць дадатковыя рэсурсы, якіх, на жаль, няма.

Таму найбліжэйшым часам такая сітуацыя, якую мы цяпер бачым, будзе захоўвацца. Будзе дэфіцыт, будуць забяспечвацца пенсіянеры на пэўным узроўні, будуць выплачвацца пенсіі, але гэтыя праблемы будуць нарастаць. Як яны будуць вырашацца ў будучыні, вядома, залежыць шмат у чым ад тых умоў, у якіх акажацца эканоміка Беларусі праз 5-10 гадоў.