Лузгіна: Насельніцтва Беларусі будзе скарачацца і старэць паскоранымі тэмпамі
Старшы навуковы супрацоўнік BEROC аналізуе тэмпы ад’езду беларусаў за мяжу, падлічвае магчымае скарачэнне насельніцтва краіны за 10 гадоў і прагназуе, якіх наступстваў варта чакаць ад найбуйнейшай міграцыі.
![_belarus_minsk_zniven_2022_ljudzi_zyccjo_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__9__logo.jpg _belarus_minsk_zniven_2022_ljudzi_zyccjo_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__9__logo.jpg](/img/v1/images/_belarus_minsk_zniven_2022_ljudzi_zyccjo_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__9__logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
— Паводле афіцыйнай статыстыкі, з Беларусі за 2021 і 2022 год эмігравалі 11 320 чалавек, — піша Анастасія Лузгіна ў калонцы на сайце «Беларусь. Экспертыза». — Аднак звесткі іншых краін паказваюць іншую карціну. Толькі ў Польшчы за гэты ж перыяд амаль 45 тысяч беларусаў атрымалі дакументы, якія даюць права на пастаяннае знаходжанне.
Колькі ж насамрэч людзей пераехала за апошнія два гады ў краіны Еўразвязу і што імі рухала?
Міграцыя з Беларусі расце
Калі прааналізаваць дынаміку занятага насельніцтва ў 2021-2022 гадах, можна адзначыць паступовае скарачэнне колькасці занятых у эканоміцы. Паралельна адбывалася і зніжэнне ўзроўню беспрацоўя: яна паменшылася з 4,2% у 2019 годзе да 3,6% у 2022 годзе.
Часткова гэтая тэндэнцыя тлумачыцца дрэннай дэмаграфічнай сітуацыяй. Аднак гэта не адзіная прычына скарачэння працоўнага насельніцтва. Не менш важным фактарам, які ўплывае на сітуацыю на рынку працы, у апошнія гады стаў ад'езд спецыялістаў з Беларусі.
Калі паглядзець на статыстыку Еўрастата, то толькі за 2021 год беларусам было выдадзена каля 150 тысяч першасных дазволаў, якія даюць права пастаяннага знаходжання на тэрыторыі Еўрасаюза на працягу трох і больш месяцаў. Да першасных дазволаў адносяцца віды на жыхарства, а таксама карты паляка і некаторыя тыпы віз.
Па агульнай колькасці выдадзеных у 2021 годзе дазволаў Беларусь заняла трэцяе месца пасля Украіны і Марока. Але калі палічыць, колькі замежнікаў атрымала такія дазволы зыходзячы з разліку на 100 тысяч насельніцтва, то грамадзяне Беларусі аказваюцца на другім месцы пасля Украіны.
Вядома, з гэтых звестак не вынікае, што ўсе 150 тысяч беларусаў, якія атрымалі першасныя дазволы, пераехалі жыць у ЕС. Аднак можна казаць пра ўзмацненне плыні міграцыі, бо ў папярэднія 5 гадоў набыццё статусаў для сталага знаходжання ў краінах ЕС не перавышала 82 тысячы чалавек на год.
Зыходзячы з наяўных звестак, не ўяўляецца магчымым даведацца дакладную колькасць беларусаў, якія з'ехалі ў Еўрасаюз. Разлікі экспертаў BEROC паказваюць, што для сталага пражывання ў ЕС пераехалі ад 143.6 да 171.9 тысяч беларусаў. Прычым асноўная частка з іх абрала Польшчу і Літву.
![Беларусаў у Беларусі засталося менш за дзевяць мільёнаў? Кожны дзясяты: Беларусаў за гады кіравання Лукашэнкі стала менш на мільён](/img/v1/images/_minsk___horad__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Як беларусы выбіраюць новы дом
За апошнія два гады колькасць беларускіх грамадзян на тэрыторыі Літвы ўзрасла ў дыяпазоне ад 25,4 да 37,9 тысяч чалавек. Але асноўны паток мігрантаў прыйшоўся на Польшчу.
Гэта вынікае ў тым ліку з даных Еўрастата. Польшча традыцыйна прыцягвала беларусаў: у 2013-2021 гадах ад 85% да 95% усіх першасных дазволаў на жыхарства, атрыманых беларусамі ў Еўрасаюзе, выдавала Польшча. А пасля 2020 года колькасць нашых суграмадзян у гэтай краіне прыкметна ўзрасла.
Калі ўлічваць колькасць выдадзеных відаў на жыхарства, заяўкі на атрыманне дакументаў для пастаяннага знаходжання, а таксама даныя аб плацельшчыках сацыяльных узносаў, то ў Польшчы толькі за 2021-2022 гады магло асесці ад 96,7 да 111,7 тысяч грамадзян Беларусі. У асноўным гэта былі людзі ва ўзросце 20-39 гадоў.
Таксама ў апошнія гады ўзрасла доля маладых людзей да 19 гадоў пры паралельным скарачэнні беларускіх мігрантаў у Польшчы ва ўзросце 60 гадоў і старэйшых. У Польшчу ехалі ў асноўным людзі працаздольнага ўзросту, студэнты, а таксама сем'і з дзецьмі.
Гэта значыць, што Беларусь губляла праз міграцыю не толькі працаздольную частку грамадства, але і пазбаўлялася часткі маладых людзей, якія ў будучыні будуць ствараць сем'і і выходзіць на рынак працы, але ўжо ў іншай краіне. Пры гэтым пажылыя людзі заставаліся ў Беларусі.
Феномен Польшчы, як найбольш прывабнай для беларусаў еўрапейскай краіны, абумоўлены некалькімі фактарамі:
- Па-першае, беларусаў і палякаў аб'ядноўвае агульная гісторыя і культурныя каштоўнасці.
- Па-другое, для беларусаў не складае цяжкасцяў адаптавацца да польскай мовы, якая шмат у чым падобная да беларускай.
- Па-трэцяе, у Польшчы дзейнічаюць спрыяльныя ўмовы для легалізацыі. У прыватнасці, у 2008 годзе была запушчана праграма «Карта паляка», а ў 2020 годзе Польшча стала выдаваць нацыянальныя візы Poland Business Harbor для IT-спецыялістаў, якія ў спрошчаным парадку дазвалялі замежнікам атрымліваць доступ да рынку працы і афармляць часовы від на жыхарства.
- Па-чацвёртае, польскія ўлады сфармавалі ўмовы, якія дазваляюць легалізавацца тым беларусам, якія беглі з Украіны праз вайну, а таксама з роднай краіны праз рэпрэсіі.
З 9 ліпеня 2022 года Польшча стала выдаваць гуманітарныя віды на жыхарства, а з 1 студзеня 2023 года — праязныя дакументы, якія могуць замяніць беларускі пашпарт у выпадку яго адсутнасці. А з 1 чэрвеня 2023 года працэдура афармлення праязнога дакумента стане прасцей, і яго атрыманне будзе бясплатным.
![Котаў: «Гэта супастаўна з тым, што Беларусь перажывала пасля Другой сусветнай» Котаў: «Гэта супастаўна з тым, што Беларусь перажывала пасля Другой сусветнай»](/img/v1/images/_belarus_minsk_zniven_2022_ljudzi_zyccjo_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__8__logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Што ўплывала і працягвае ўплываць на міграцыйныя працэсы
У другой палове 2020 года і ў 2021 годзе людзі з'язджалі з Беларусі праз страх палітычных рэпрэсій і пагаршэнне эканамічнай сітуацыі. У 2022 годзе да вышэйназваных прычын дадалася вайна ва Украіне, якая паўплывала на паводзіны грамадзян і прадпрыемстваў.
Вельмі ярка гэты трэнд выявіўся ў IT-сектары, які з'яўляўся драйверам эканамічнага росту Беларусі на працягу многіх гадоў, аднак у канцы 2022 — пачатку 2023 года стаў забяспечваць «адмоўны ўнёсак» у ВУП.
![Наколькі міграцыя — сур'ёзная праблема для беларускай эканомікі і для дэмаграфіі? Казакевіч: Міграцыя з Беларусі будзе толькі павялічвацца](/img/v1/images/_aeraport__samalet___vylet__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Да чаго прывядзе рэкордная эміграцыя
Міграцыю з Беларусі за апошнія два гады можна назваць рэкорднай. Толькі за кошт ад'езду ў дзяржавы Еўрасаюза краіна страціла ад 1,5% да 1,9% насельніцтва. А яшчэ была міграцыя ў Расію, Грузію і іншыя краіны. І гэты працэс працягваецца да гэтага часу, хоць, магчыма, і больш памяркоўнымі тэмпамі.
Тут таксама трэба ўлічваць, што з'язджае і будзе з'язджаць у асноўным эканамічна актыўная частка беларусаў. Зыходзячы з эканамічнай і палітычнай сітуацыі ў краіне, наўрад ці варта чакаць актыўнага росту нараджальнасці або прытоку мігрантаў з іншых дзяржаў для папаўнення дэфіцыту працоўных рэсурсаў у найбліжэйшай будучыні.
Можна чакаць, што ў выніку насельніцтва Беларусі будзе скарачацца і старэць паскоранымі тэмпамі. Гэта, у сваю чаргу, будзе ўзмацняць праблемы ў эканоміцы і абмяжоўваць магчымасці эканамічнага развіцця ў будучыні.