Галоўчанка: старонка санкцый закрытая. СМІ: Польшча настойвае на новых санкцыях супраць Беларусі

Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка заявіў, што Беларусь перабудавала лагістыку пасля ўвядзення санкцый і выйшла на ўзровень мінулага года. Але яго словы варта ўспрымаць калі не як маніпуляцыю, то даволі скептычна.

berlin_sankcii_3_logo.jpg


Са слоў Галоўчанкі, санкцыі больш не ўспрымаюцца як перашкода ў развіцці.

«Усё, што неабходна было, мы зрабілі. Усё, што можна было, — лагістыку, разлікі, патокі — мы перабудавалі. Як мы і абяцалі, з красавіка мы фактычна выйшлі на той узровень, які быў летась, і будзем дадаваць далей ад месяца да месяца. Мы ўжо не адчуваем ніякага шоку. Раней было шмат незразумелых рэчаў. Але цяпер, я мяркую, што гэтую старонку мы ўжо закрылі», — заявіў прэм'ер.

Галоўчанка падкрэсліў, што ў сітуацыі, калі Беларусь палохаюць узмацненнем жорсткасці санкцый, у краіны ёсць упэўненасць і наладжаныя кантакты з краінамі СНД. «Для невялікай Беларусі гэтага дастаткова для таго, каб выбудоўваць раўнапраўныя ўзаемавыгадныя эканамічныя адносіны», — заявіў Галоўчанка. На пытанне, ці атрымае Беларусь эканамічную перамогу, прэм'ер сказаў, што ўпэўнены ў гэтым.

Варта адзначыць, што летась праз санкцыі ў красавіку-траўні ў Беларусі назіраўся значны эканамічны спад. Таму словы Галоўчанкі пра тое, што «мы выйшлі на ўзровень мінулага года» варта ўспрымаць калі не як маніпуляцыю, то вельмі скептычна.

Згодна з афіцыйнай статыстыкай, ВУП Беларусі ў першым квартале 2023 года ўпаў на 2,1% у параўнанні з мінулым годам.

У той жа час, як паведамляе са спасылкай на крыніцы ў Брусэлі «Радыё Св*бода», у 11-ты пакет санкцый Еўрасаюза плануюць уключыць двух беларускіх чыноўнікаў. Прапануецца ўвесці санкцыі супраць начальніка Беларускай чыгункі Уладзіміра Марозава і кіраўніка Дзяржкамваенпрама Дзмітрыя Пантуса.

Марозаў, як сцвярджаецца, падтрымліваў разгортванне і транспарціроўку расійскага вайсковага персаналу і тэхнікі, якія ўдзельнічалі ў вайне супраць Украіны. Дзяржкамваенпрам распрацоўвае і абслугоўвае ўзбраенне, ваенную і спецтэхніку, садзейнічае вытворчасці зброі падведамнымі прадпрыемствамі, ажыццяўляе нагляд за перамяшчэннем зброі праз мяжу і забяспечвае навігацыю расійскіх войскаў.

Новы пакет санкцый будзе абмяркоўвацца ў ЕС сёння, 10 траўня.

Кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен заявіла, што ў 11-ты санкцыйны пакет будуць уключаныя інструменты супраць абыходу санкцый у дачыненні да паставак РФ праз трэція краіны, а таксама рэстрыкцыі ў дачыненні да ценявых структур РФ.

Польшча збіраецца падняць пытанне аб увядзенні санкцый супраць Беларусі, бо краіна выкарыстоўваецца для абыходу абмежаванняў.