Беларуса, затрыманага ў Італіі на запыт лукашэнкаўскіх сілавікоў, не будуць экстрадаваць на радзіму

Грамадзяніна Беларусі Уладзіслава Гірыса, якога ў Неапалі затрымаў Інтэрпол на запыт беларускіх уладаў, не будуць выдаваць Мінску. Пра гэта паведамляе «Н*ша Ніва» са спасылкай на дарадцу Святланы Ціханоўскай Франака Вячорку.

Уладзіслаў Гірыс

Уладзіслаў Гірыс

Уладзіслава Гірыса затрымалі 7 лютага 2023 года ў Неапалі, куды яны з жонкай прыехалі літаральна на адзін дзень. Ордар на арышт маладога чалавека быў выдадзены беларускімі ўладамі яшчэ 1 снежня 2020-га. 8 мая стала вядома, што экстрадыцыі не адбудзецца. Пра гэта паведаміў дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

У вырашэнне пытання экстрадыцыі беларуса актыўна ўключылася Народная амбасада Беларусі ў Італіі.

У Італіі ў зняволенні 27-гадовы Уладзіслаў правёў больш за тры месяцы, удакладняе M*ST. 2 траўня 2023 года прайшоў суд, які вызваліў беларуса.

— Нарэшце мы можам падзяліцца файнай і доўгачаканай навіной. Беларус, якога па запыце беларускага боку 7 лютага затрымаў Інтэрпол у Неапалі, вольны і ўжо знаходзіцца ў Польшчы! Мы бязмежна радыя, што канец гэтай гісторыі менавіта такі. Некалькі месяцаў Уладзіслаў правёў у зняволенні: спачатку ў турме ў Неапалі, потым — пад хатнім арыштам. За гэты час адбыліся два судовыя паседжанні, вынікі якіх станоўчыя для нашага суайчынніка. Мы былі амаль першыя, да каго звярнуліся па дапамогу сябры і знаёмыя Улада, якія шукалі магчымасць дапамагчы яму. Мы актыўна ўключыліся ў працэс і ўважліва сачылі за лёсам Уладзіслава, заўсёды былі на сувязі з яго жонкай і прадстаўнікамі асацыяцый, якія займаліся гэтай справай. Было вельмі прыемна атрымаць паведамленне: «Перамога!», — расказалі ў Народнай амбасадзе.

Беларус Уладзіслаў Гірыс разам з жонкай жыве ў Польшчы з 2019 года. Там у мужчыны свая фірма — ён уладальнік таксі.

У Неапаль пара прыехала 7 лютага, на наступны дзень яны ўжо былі павінны вяртацца ў Польшчу.

«Былі ўвечары ў апартаментах. Прыйшла паліцыя, каб праверыць нейкія даныя, потым сказалі, што яго забіраюць. Надзелі на яго кайданкі і павезлі. Мяне з сабой не ўзялі, далі адрас, куды яны яго вязуць.

Паехала за імі. Але там мяне не пусцілі, вярнулася ў апартаменты. Праз пару гадзін патэлефанаваў муж, сказаў, што ў яго ўзялі адбіткі пальцаў, сфатаграфавалі. Я спытала, ці звязана гэта неяк з Беларуссю, ён адказаў «так». І наша размова на гэтым скончылася», — расказвала раней жонка Уладзіслава.

У жонкі Уладзіслава ёсць польскі від на жыхарства, у мужа — гуманітарная віза.

Паводле слоў жанчыны, апошні раз яны былі ў Беларусі ў лютым 2020-га. У Польшчы Уладзіслаў удзельнічаў у беларускіх акцыях і мітынгах.

Гэта не першы выпадак, калі лукашэнкаўцы дамагаліся выдачы беларусаў ад краін Еўрасаюза праз інстытут Інтэрпола. Ніводнага разу гэтыя спробы не мелі поспеху, але рэжым працягвае ствараць дыскамфорт сваім апанентам за мяжой.