Сотні тысяч віз атрымалі беларусы, якія ўцякалі ад рэжыму

Людзі выязджалі з краіны і працягваюць выязджаць — яшчэ актыўней, чым у папярэднія гады. Польскі дыпламат расказаў «НН», колькі беларусаў ужо пакінула радзіму.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева


У 2022 годзе людзі выязджаюць з Беларусі актыўней, чым у 2021-м. Агулам з верасня 2020-га па травень 2022 года беларусам было выдадзена каля 650 тысяч шэнгенскіх віз.
Толькі па праграме «Poland Business Harbour» — для рэлакацыі ІТ-бізнесаў і ІТ-спецыялістаў — візы атрымалі 40 тысяч беларусаў. Гуманітарных віз Польшча выдала каля 35 тысяч.
Агулам Польшча выдала 340 тысяч віз. Яшчэ прыкладна 310 тысяч — астатнія краіны Шэнгенскай зоны.
«Пры гэтым колькасць людзей, якія падаліся на атрыманне гуманітарных віз вясной 2022 года, большая, чым восенню 2020-га. Вайна з Украінай стала большым каталізатарам, чым рэпрэсіі 2020-га. Адбываецца вялізная нагрузка на дыпламатычны персанал, бо заявак ад Беларусі шмат», — патлумачыў польскі дыпламат.
Дакладнай статыстыкі, колькі беларусаў пакінула краіну, няма. Не ўсе, хто атрымлівае візу, у выніку застаюцца за мяжой. У той жа час, нямала беларусаў пераехала ў краіны не шэнгенскай зоны: Грузію, Турцыю, Чарнагорыю. Арменія, Узбекістан і Кыргызстан у 2022-м таксама ўпершыню сталі кірункамі міграцыі беларусаў.
Паводле РС.