Да нармальнай пенсіі дажывуць не ўсе?

Памятаеце, як у Расіі сацсеткі адрэагавалі на павышэнне пенсійнага ўзросту? Па сеціве пачалі гуляць новыя эмблемы пенсійнага фонду з піратам і дэвізам: «Той, хто застанецца ў жывых, пазайздросціць памерлым». Гэта цалкам датычна і Беларусі.

_belarus_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__12__logo.jpg

Калі пенсійную сістэму не рэфармаваць, да нармальнай пенсіі дажывуць не ўсе. Дый дажыўшыя не будуць рады яе памеру. Гэта ў тым выпадку, калі ў Беларусі нічога не зменіцца. Але і пасля зменаў працэс будзе балючы. Тым не менш, калі мы хочам дастойную пенсію — без яго не абысціся.

«Праблема 2055»

Сённяшняя пенсійная сістэма ў Беларусі — размеркавальная, яна дасталася ў спадчыну ад СССР. Яна чымсьці нагадвае фінансавую піраміду: тыя, хто сёння плацяць грошы ў пенсійны фонд, такім чынам аплачваюць пенсіі сённяшнім пенсіянерам. І як толькі колькасць работнікаў у Беларусі скарачаецца, — а менавіта такую сітуацыю мы бачым цяпер — скарачаюцца і выплаты ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН), які пенсіі і размяркоўвае.

І калі цяпер мы ўсё яшчэ можам падтрымліваць пенсійную сістэму, то ў будучыні сітуацыя можа стаць горшай. А ў больш аддаленай будучыні, калі ў краіне нічога не зменіцца — і зусім катастрафічнай — з-за імклівага пагаршэння дэмаграфічнай сітуацыі.

Насельніцтва Беларусі скарачаецца і старэе. Зніжэнне нараджальнасці ў Беларусі ў апошнія гады набыло пагрозлівы характар, а рост эміграцыі пагаршае і без таго змрочны дэмаграфічны прагноз.



Паводле апошніх прагнозаў ААН для Беларусі, агучаных у 2022 годзе, колькасць насельніцтва скароціцца да 8,634 тысяч чалавек да 2050 года. Яшчэ мацней скароціцца колькасць насельніцтва ў працаздольным узросце — да 4,762 тысяч чалавек. Такія працэсы азначаюць моцны рост дэмаграфічнай нагрузкі: калі ў 2015 годзе на 100 чалавек ва ўзросце 15-64 гады прыходзілася 20,6 чалавека 65 гадоў і старэйшых, да 2050 года апошняя лічба вырасце да 39,9 чалавека. Прасцей кажучы, у 2015 годзе аднаго пенсіянера забяспечвалі чатыры чалавекі, якія працавалі. У 2050 годзе будзе прыпадаць два пенсіянеры на трох працуючых.

Адпаведна, знізяцца і выплаты ў пенсійны фонд.


Эміграцыя: праблема цяпер

Толькі за няпоўны 2022 год краіну пакінула 12 тысяч «лічбавых спецыялістаў». Сярэдні заробак IT у Беларусі паводле звестак devby.io склаў за ліпень-верасень 2022 года 2030 долараў. Працадаўца выплачвае ў ФСАН 28%. Такім чынам, тры айцішніка ўтрымлівалі двух пенсіянераў.

Але з'язджаюць не толькі айцішнікі — лекары, прадпрымальнікі, бізнесоўцы... Усе яны — як правіла, людзі маладыя і эканамічна актыўныя. І пытанне, наколькі сур'ёзны выклік эміграцыя кідае Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва?

Адзін з распрацоўшчыкаў праекта рэформы пенсійнай сістэмы, эканаміст Леў Львоўскі адзначае, што адток высокааплатных спецыялістаў дасць свой некаторы эфект цяпер. Але эміграцыя стварае «неадназначны эфект» для будучыні.

«Так, з'язджаюць людзі, як правіла, маладыя, з высокім узроўнем адукацыі. І, калі ў нас з'язджае чалавек працаздольнага ўзросту, нагрузка на ФСАН павялічваецца — прама цяпер. Але мы бачым, што нараджальнасць у нас 1,38 дзіцяці на жанчыну. То бок у перспектыве — гадоў праз трыццаць — атрымліваецца, што ў нас з'ехала два пенсіянеры, але 1,38 маладых работніка», — кажа Львоўскі.

Таму да канца стагоддзя сцэнар «эміграцыйнай» пенсійнай нагрузкі амаль сыходзіцца са сцэнаром без эміграцыі.


Як падзяліць грошы?

Эканамісты даследчага цэнтра BEROC (Кіеў) прагназуюць два варыянты развіцця падзей. Першы — гэта калі дзяржава бярэ на сябе захаванне пенсій у цяперашнім аб'ёме, 39% ад сярэдняй па краіне зарплаты, або прыкладна 200 долараў. Тады доля «ўнёску» дзяржавы ў ФСАН дасягне 5-6% ВУП краіны. Гэта вельмі вялікая сума, якая сур'ёзна адаб'ецца на іншых дзяржаўных выдатках — на бюджэтнікаў, інфраструктуру, медыцыну, і гэтак далей. Пры гэтым нельга не ўлічваць, што ВУП краіны таксама не статычны — сёлета ён падае хуткімі тэмпамі.

Другі сцэнар (і, ведаючы нашу дзяржаву, больш верагодны), — гэта калі дзяржава будзе зніжаць пенсіі. Калі «замарозіць» сітуацыю ў цяперашнім выглядзе, то адносіны сярэдняй пенсіі да сярэдняй зарплаты да 2055 года апусціцца да 26%. Гэта значыць, пенсіянер будзе атрымліваць не прыкладна 200 долараў у эквіваленце, як цяпер, а каля 120 долараў.

Такім чынам, з «праблемы 2055» трэба шукаць нейкае выйсце. І тут, на думку спецыялістаў, ёсць тры варыянты вырашэння праблемы.

Першы — чарговае павышэнне пенсійнага ўзросту: менш пенсіянераў — менш пенсій. Аднак, ні выраўноўванне пенсійнага ўзросту для мужчын і жанчын да 63 гадоў, ні нават узняцце яго для ўсіх да 65 гадоў праблемы не вырашае — проста таму, што дэмаграфічная сітуацыя застаецца неспрыяльнай. І мы ўсё роўна атрымаем да 2055 года дэфіцыт ФСАН калі не ў 5%, то блізу 3% ВУП (пры сцэнары 63-63). А павышаць пенсійны ўзрост яшчэ больш не мае сэнсу, бо сярэдняя працягласць жыцця мужчын у Беларусі — 70 гадоў. Пры сцэнары 65-65 многія да пенсіі проста не дажывуць.

А ўжо якія з іх будуць работнікі ў 65 гадоў... Шмат яны напрацуюць?

thumb_1920.jpg


Другі сцэнар — гэта ўвядзенне назапашвальнага кампанента пенсіі. Быццам бы, дзяржава гэтым ужо занялася, і з 1 кастрычніка можна адлічваць (па жаданні работніка) ад 1 да 10% заробку ў пенсійны страхавы фонд, напрыклад, страхавой кампаніі «Стравіта». Але цяпер гэта зроблена вельмі цікава. Па-першае, дэкларуецца, што пенсійныя сродкі размяшчаюцца на рынкавых умовах у дэпазіты, каштоўныя паперы. Гэта, нібыта, дазваляе абараніць сродкі грамадзян ад інфляцыі. Але пры гэтым ніхто не ведае, у якія каштоўныя паперы будуць укладвацца іх грошы, а прыклад з беларускімі еўрабондамі вельмі красамоўны.

Па-другое, дэкларуецца, што цяперашняя назапашвальная пенсія ніяк не паўплывае на памер салідарнай пенсіі. Для работнікаў, якія заключылі дагавор дадатковага назапашвальнага пенсійнага страхавання, салідарная пенсія будзе вылічацца па тых жа правілах, што і для работнікаў, якія не прымалі ўдзелу ў страхаванні. Гэта значыць, нагрузка на ФСАН не зніжаецца.

Эфектыўны адсотак заробкаў, якія грамадзяне Беларусі адлічваюць у пенсійны фонд, па падліках спецыялістаў, складае 18%. Аптымальнай доляй адлічэнняў у назапашвальную частку з'яўляецца траціна, гэта значыць, прыкладна 6% зарплаты. Гэтыя лічбы, нагадаем, выведзеныя са «сцэнару 2019 года», пры росце ВУП 1,5% і сярэдняй аддачы ад інвестыцый у 4%.

Трэці сцэнар проста спалучае два падыходы: павышэнне пенсійнага ўзросту, і стварэнне назапашвальнай пенсійнай сістэмы. Менавіта яго эканамісты лічаць найбольш прывабным.


Не ў гэтай Беларусі

Як адзначае Леў Львоўскі, ад выраўноўвання пенсійнага ўзросту да ўзроўню 63 гады як мужчын, так і жанчын, нам нікуды не сысці — гэта хоць трохі, але знізіць нагрузку на ФСАН. З усім астатнім — праблемы.

«Крытычна важнай з'яўляецца незалежнасць такога фонду, і яго недатыкальнасць, замацаваная законам, — кажа спецыяліст. — Каб працавала назапашвальная сістэма, патрабуецца вялікая доля даверу паміж насельніцтвам, урадам і Нацыянальным банкам. Людзі, якія ўкладваюць свае грошы ў назапашвальную пенсійную сістэму, укладваюць іх на доўгі час — 30-40 гадоў. Яны павінны быць упэўненыя, што ўрад гэтыя грошы не ўкрадзе, як гэта было ў Расіі. Яны нармальна запусцілі назапашвальную сістэму, аднак, як толькі ва ўрада паўсталі бюджэтныя складанасці, яны гэтыя грошы змяшалі і замарозілі», — распавядае эканаміст.

Але для гэтага ў краіне павінна быць, як мінімум, вяршэнства закону і працоўная судовая сістэма.

Людзі павінны верыць, што іх грошы будуць добра інвеставацца. Прычым, інвестыцыі павінны быць не толькі ў беларускую эканоміку, але і ў міжнародныя структуры і інструменты. Пасля ў міжнародныя актывы, на думку Львоўскага, будзе ўкладвацца значная частка назапашваемых сродкаў. Гэта неабходна для дыверсіфікацыі рызык: прасцей кажучы, не варта класці ўсе яйкі ў адзін кошык.

maxresdefault__4_.jpg


Неабходна, каб людзі давяралі свайму цэнтральнаму (Нацыянальнаму) банку, манетарнай стабільнасці. «Калі ў нас чаканая інфляцыя 20% гадавых, то зразумела, што зберагаць грошы на 40 гадоў ніхто не хоча — людзі баяцца, што іх грошы згараць. Спачатку трэба стабілізаваць інфляцыю, манетарную сістэму, і, калі людзі будуць верыць у стабільнасць фінансавых інстытутаў, стабільнасць рубля, тады ўжо можна будзе казаць пра тое, каб яны задумаліся пра будучыню на гады наперад», — кажа Львоўскі.

Зразумела, ні пра які давер дзяржаве не можа быць, калі ў краіне «не да законаў», і адсутнічае судовая сістэма. Не можа быць ніякіх інвестыцый, калі Беларусь — пад санкцыямі цывілізаванага свету, і да плацяжоў з краіны ставяцца з вялікім падазрэннем. Не можа быць ніякай фінансавай стабільнасці, калі кіраўнік сказаў, што рост цэн «за-ба-ра-ня-ецца», і ўрад, не без скрыгату зубоўнага, але ж адразу ўзяў пад казырок.

У цяперашняй сітуацыі, апісанай у папярэднім абзацы, што больш верагодна — дык гэта тое, што пенсійны ўзрост будзе павышаны, а пенсіі ўсё роўна знізяцца.

Але гэта не значыць, што не трэба рыхтавацца да рэформы пенсійнай сістэмы. Ясна, што ў цяперашнім выглядзе яна сябе зжыла.