«Урад вырашыў рызыкаваць як мага даўжэй, падтрымліваючы ілюзію дабрабыту»

Законы фізікі і эканомікі ніхто не адмяняў. Калі доўга адначасова адной нагой ціснуць на тормаз, а другой — на газ, вельмі хутка аўтамабіль зламаецца. Пры спалучэнні «перагрэву» і штучнага «тармажэння» тое ж самае адбудзецца і з эканомікай.

Ілюстрацыйнае фота з svistanet.com

Ілюстрацыйнае фота з svistanet.com

З'явіліся звесткі, якія дазваляюць падвесці гадавыя эканамічныя вынікі Беларусі праз прызму індэкса ЧаркаШкварка. Нас чакаюць новыя рэкорды, якія здзіўляюць, бянтэжаць і трывожаць. Такім чынам, за чацвёрты квартал колькасць чарак і шкварак, якія можа сабе дазволіць беларус за сярэднюю заработную плату, склала 551. І гэта гістарычны максімум, піша праект «Вашы грошы».

У трэцім квартале 2023 года паказчык быў больш сціплы — 525 ЧШ.

Даведка:Пасля таго, як Лукашэнка аднойчы заявіў, што нашаму народу трэба «чарка і шкварка», беларускія эканамісты распрацавалі індэкс «ЧаркаШкварка». Гэты індэкс складаецца з кошту 100 грамаў свініны і 100 грамаў гарэлкі, і разлічваецца на падставе звестак Белстата.

Атрыманы ў выніку паказчык ярка падсвятляе схаваныя тэндэнцыі ў эканоміцы, якія мы сёння і вывучым.

Высокія паказчыкі сярэдняга заробку ў чарках і скварках да канца мінулага года не сталі для нас нечаканасцю. Варта памятаць, што снежань з'яўляецца месяцам выбуховага росту заробкаў, так як на гэты перыяд прыпадае час выплаты прэмій, трынаццатых заробкаў і гадавых бонусаў.

Вылучым некаторыя трэнды, што ахарактарызавалі мінулы год. Калі ў 2021 і 2022 годзе кошт ЧШ стабільна рос, даганяючы інфляцыю, то ў 2023-м гэты паказчык прыкметна затармазіўся — мы бачым вынік ручнога рэгулявання цэн. У чацвёртым квартале кошт ЧШ дасягнуў 3 рублі 76 капеек, што таксама з'яўляецца рэкордам, нават нягледзячы на штучнае стрымліванне кошту складнікаў ЧШ.

Калі разглядаць апошні квартал 2023 года, то мы ўбачым, што свініна вырасла ў кошце на 1,8%, а гарэлка — усяго на 0,8%. Адпаведна, кошт адной ЧШ вырасла ўсяго на 1,2%. Мы наглядна бачым, што цэнавы кантроль сапраўды працуе, і, калі не ведаць падтэксту таго, што адбываецца, здаецца, што ўсё выдатна.

На самай справе, прыгожая карцінка — вынік дзеяння двух фактараў: з аднаго боку, людзям плацяць зарплаты, якія растуць значна хутчэй прадукцыйнасці іх працы (уключаючы для гэтага друкавальны станок), з другога — бізнес паставілі ва ўмовы, пры якіх ён не можа рынкавым чынам усталёўваць кошты.

Але важна памятаць, што законы фізікі і эканомікі ніхто не адмяняў. Калі доўга адначасова адной нагой ціснуць на тормаз, а другой — на газ, вельмі хутка аўтамабіль зламаецца. Пры спалучэнні «перагрэву» і штучнага «тармажэння» тое ж самае адбудзецца і з эканомікай. Мы бачым, што ў першай палове 2023 года пакупніцкая здольнасць заробкаў была прыкладна на ўзроўні 2021-2022 года, але прыкладна са жніўня, калі інфляцыя застыла на мінімальных узроўнях, а заробкі пры гэтым працягнулі нарошчваць, даходы ў чарках і шкварках рэзка рванулі ўверх.

Глядзіце таксама

Ёсць і іншыя цікавыя даныя. Напрыклад, заробкі ў Мінску дасягнулі 811 ЧШ, і ўлічваючы, што ў цяперашнім крызісе горш за ўсё сябе адчувае сталіца, гэта ўражлівы вынікі. Пры гэтым ужо другі раз больш за 400 ЧШ удалося зарабіць у сярэднім жыхарам Магілёўскай вобласці. Гомельская вобласць упершыню ўзяла планку 500+. Да 500 ЧШ наблізілася і Брэсцкая вобласць, ёй засталося зарабіць усяго на 2 чаркі і шкваркі больш. Пры гэтым больш за ўсё зарплата ў ЧШ прырасла ў Мінску (на 8,8%), а менш за ўсё — у Мінскай вобласці (усяго на 0,8%).

Цяпер некалькі слоў пра кошт чаркі і шкваркі, якая наўпрост паўплывала на паказчыкі пакупніцкай здольнасці сярэдніх заробкаў у кожнай з абласцей. Напрыклад, у Мінскай вобласці кошт ЧШ вырас на 3,6% за квартал, а ў Гомельскай вобласці — усяго на 0,3%.

Аб'яднаўшы ўсе гэтыя паказчыкі, мы бачым, што ўрад прыклаў усе намаганні для таго, каб атрымаць запланаваны рост ВУП у 3,8%. Для гэтага пайшлі на самыя адчайныя меры. У выніку ў эканоміцы краіны назапасіліся значныя дысбалансы, якія могуць стрэліць у гэтым годзе ў самы нечаканы момант і самым непрадказальным чынам. Мы гаворым тут пра заробкі, якія перавышаюць прадукцыйнасць працы, неапраўдана даступныя крэдыты, вельмі цяжкую сітуацыю з прадпрыемствамі гандлю, якія ва ўмовах «замарожаных коштаў» працуюць фактычна ў мінус.

І напрыканцы паглядзім, як размеркавацца заработныя платы ў эквіваленце ЧШ па розных сферах дзейнасці.

На першым месцы традыцыйна засталася IT-галіна, у якой да канца 2023 года зараблялі ў сярэднім 2236 чаркашкварак (у канцы 2022 года — 2040 ЧШ). Следам ідзе авіяцыя. Але, нягледзячы на ажыўленне паветраных зносін на ўсходнім кірунку, заробкі тут склалі толькі 1314 чаркашкварак (у канцы 2022 года — 1555 ЧШ). За год мала змяніліся сярэднія заробкі шахцёраў — 1174 чаркашкварак, але лепш стала ў фінансістаў — 1190 чаркашкварак супраць 1028 годам раней. Як заўсёды, аўтсайдарамі па заработных платах сталі ўрачы — 523 чаркашкваркі, аграрыі — 433 чаркашкваркі і настаўнікі — 392 чаркашкваркі. Пры гэтым сярэдняя заработная плата ў краіне паднялася з 536 ЧШ у снежні 2022 годзе да 601— у снежні 2023-га.

Глядзіце таксама

Пакупніцкая здольнасць у першым квартале 2024 года прыкметна ўпадзе — гэта традыцыйна адбываецца ў пачатку кожнага года. Але і ў наступным яна не моцна вырасце — для гэтага ўжо няма патэнцыялу.

Зрэшты, замарожаныя цэны на гарэлку і свініну ўсё менш адлюстроўваюць сітуацыю з цэнамі ў сярэднім па эканоміцы, а асабліва па сектары якасных тавараў. Гэта значыць, колькасныя паказчыкі, якія зручна паказваць у прапагандысцкіх мэтах, усё больш будуць пераважаць над якаснымі. Па сутнасці, мы ідзем да такой забытай з'явы, як дэфіцыт, толькі ён закране ў першую чаргу якасныя тавары.

Мы меркавалі раней, што да канца 2023 года заработная плата не будзе так моцна расці. Хаця б таму, што для гэтага няма аб'ектыўных прычын. Але, як бачна, урад вырашыў не змяншаць абароты і рызыкаваць як мага даўжэй, падтрымліваючы ілюзію дабрабыту. Нявырашаная праблема з дысбалансамі ў эканоміцы нікуды не падзелася, мала таго, яна становіцца ўсё вастрэйшай, а рэсурсаў, каб нівеліраваць наступствы — усё менш. Мы асцерагаемся, што чыноўнікі, пераканаўшы саміх сябе штучна надзьмутымі вынікамі мінулага года, вырашаць: «Калі раз атрымалася, можа, і сёлета пракоціць!».

Пракаціць можа толькі ў выпадку, калі чарговыя правалы ў кіраванні краінай будуць прыкрытыя новымі траншамі з Масквы, якая ўжо пакрывае каля 10% выдаткаў беларускага бюджэту.