Заробак: за рэкордным ростам — рэкорднае падзенне

Сярэдні намінальны налічаны заробак у студзені ўпаў на 279,8 рубля ў параўнанні са снежаньскім рэкордам і зноў апусціўся ніжэй за адзнаку ў 2 тысячы рублёў. У студзені сярэдні заробак склаў 1991,2 рубля. Гаворка ідзе пра суму да выліку падаткаў, паведаміў Белстат.

_hroszy___valjuta__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__3_.jpg

Намінальны налічаны заробак — заробак да выліку падаходнага падатку па стаўцы 13% і 1% абавязковага страхавога ўзносу ў Фонд сацыяльнай абароны.

У рэальным выражэнні, з папраўкай на інфляцыю, заробак вырас на 11,8% да студзеня 2023 года.

Рэзкае зніжэнне сярэдняй зарплаты ў студзені ў параўнанні са снежнем — з’ява звычайная, бо на апошні месяц года прыпадае выплата прэмій і іншых бонусаў.

Самай высокай сярод рэгіёнаў была сярэдняя зарплата ў Мінску. Яна склала 2697,9 рубля, павялічыўшыся за год на 11,1%. Таксама большым за 2 тысячы рублёў паказчык быў у Мінскай вобласці — 2011,8 рубля, што ў рэальным выражэнні на 12,4% больш, чым год таму.

Самай нізкай сярод рэгіёнаў была сярэдняя зарплата ў Магілёўскай вобласці. Яна склала 1666,9 рубля, або на 13,6% больш, чым у леташнім студзені. У Віцебскай вобласці сярэдняя была крыху вышэйшая — 1668,2 рубля (+10,8%).

Глядзіце таксама

У IT сярэдні заробак у снежні склаў 6900,4 рубля. У рэальным выражэнні ў параўнанні з леташнім студзенем ён вырас на 9,1%.

На другім месцы ў зарплатным рэйтынгу работнікі пасажырскага паветранага транспарту з сярэднім заробкам у 4993,5 рубля. Трэцяе месца па заробках у студзені было ў работнікаў горназдабыўной прамысловасці. Іх сярэдняя зарплата склала 3686 рублёў.

Самы нізкі заробак, паводле звестак Белстата, атрымлівалі ў студзені работнікі цырульняў і салонаў прыгажосці — аб’ектаў сферы абслугоўвання. Ён склаў 966 рублёў. Музейныя работнікі, бібліятэкары, работнікі архіваў мелі ў мінулым месяцы сярэднюю  зарплату ў 1213,8 рубля, а сацыяльныя работнікі — 1208,3 рубля.

Сярэднія заробкі ў раслінаводстве склалі ў студзені 1498,9 рубля, у жывёлагадоўлі — 1572,5 рубля. У прамысловасці заробак склаў 2174,1 рубля, у апрацоўчай —2172,9 рубля.

У будаўніцтве ў сярэднім да выплаты падаткаў атрымалі 2180,8 рубля, а ў рознічным гандлі — 1625,2 рубля.

Сярэдні заробак у ахове здароўя складаў 1725,2 рубля, а ў адукацыі — 1447,3 рубля.

Паводле АФН, Reform.by