Чаму не знайшлося ніводнага сведкі стабільнасці, які рызыкнуў бы дзеля стабільнасці сваімі грашыма?

Няма дурных! Рызыкнеш паставіць адзін раз на стабільнасць — і страціш усё, што было нажытае непасільнай працай,  разважае  аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».

img_2231_logo_2.jpg

Прадаць канфіскаваную кватэру Цапкалы не атрымалася праз адсутнасць ахвотных яе купіць. На аўкцыён не паступіла ніводнай заяўкі. Нікому не захацелася палепшыць свае жыллёвыя ўмовы з палітычным абцяжараннем.

Пасля трох з паловай гадоў генацыду беларускага народа вера ў стабільнасць не стала мацнейшай, чым пасля двух гадоў генацыду.

Я хачу сказаць, што дзеля такога выпадку маглі б знайсці сабе прыдатнага сведку стабільнасці. Ну бываюць жа сведкі стабільнасці з рэсурсам грашовых знакаў!

Але ж не атрымалася. Не знайшлося ніводнага свядомага сведкі стабільнасці, які рызыкнуў бы дзеля стабільнасці сваімі грашыма.

Таму што гэта ж не пра тое, як сведчыць стабільнасць у тэлевізары. Гэта пра надзейнасць асабістых фінансавых укладанняў. Грошы ж потым ніхто назад не аддасць, а кватэру на сабе не панясеш. Вось так рызыкнеш паставіць адзін раз на стабільнасць — і страціш усё, што было нажытае непасільнай працай.

Вось я падазраю, што нават самыя адданыя сведкі стабільнасці, нават такія, якім ужо няма чаго губляць, у трываласць сваёй стабільнасці не вераць. Асабліва тыя, якім няма чаго губляць. Таму яны так і імкнуцца. Таму і распавядаюць, што па меры ўмацавання стабільнасці барацьба за стабільнасць будзе толькі нарастаць.

Як тое “залатое пяро”, якое тлумачыць, што беларускі народ не дакладвае красаўцам даносаў. Таму што губляць няма чаго, а веры ў стабільнасць няма. І вельмі хочацца, каб такіх, якім няма чаго губляць, было больш. Таму што, калі няма чаго губляць не толькі табе аднаму, узнікае пэўная ілюзія стабільнасці.

Але колькі разоў ні паўтарай «87 адсоткаў», а стабільнасць ад гэтага мацней не стане. Таму што тры з паловай гады яны ладзілі генацыд беларускага народу, а беларускі народ стабільнасць так і не палюбіў. А калі за тры з паловай гады не палюбіў, то ўжо ж і не палюбіць. Колькі ты не старайся.

Вось, як я падазраю, сваім электаральным працэсам беларускія ўлады хацелі вымераць сабе ўзровень народнай лаяльнасці. Гэта значыць, масавы ўдзел беларускага народа ў іх электаральным працэсе мог бы ім даказаць, што лаяльнасць у беларускага народа аднаўляецца.

Але ўсё, што атрымалася даказаць у выніку электаральнага працэсу, — гэта тое, што яны могуць загнаць некаторую колькасць выбаршчыкаў на свой электаральны працэс.

Такое сабе сумнеўнае дасягненне пасля трох з паловай гадоў навядзення ў краіне стабільнасці. Можна падумаць, яны раней гэтага не ўмелі.

Як вядома, афіцыйныя вынікі электаральнага працэсу не маюць нічога агульнага ні са стабільнасцю, ні з народнай лаяльнасцю. Афіцыйныя вынікі электаральнага працэсу заснаваныя на неэўклідавай арыфметыцы і альтэрнатыўнай прававой свядомасці. І нягледзячы на ўсю альтэрнатыўнасць прававой свядомасці, масавага энтузіязму з нагоды электаральнага працэсу ўсё роўна не атрымалася. Вось нават тэлевізар не змог гэты масавы энтузіязм адлюстраваць.

Таму што ні ў кога ніякага энтузіязму наконт беларускай улады няма з тых часоў, як сокалы скінулі пацука на прыступкі дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы.