Эканаміст: Тактыка тысячы парэзаў рана ці позна дасць вынікі

Ці абрынецца расійскі рубель, а разам з ім і беларускі, пасля ўвядзення санкцый Мінфіна ЗША супраць Маскоўскай валютнай біржы? Наколькі працяглай будзе паніка на рынку? 

_hroszy___valjuta__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo.jpg

— З вялікай верагоднасцю пасля некалькіх дзён — максімум тыдняў нявызначанасці — сітуацыя падсупакоіцца. Курс долара ў Расіі будзе вызначацца на пазабіржавых таргах — гэта таргі паміж банкамі, — растлумачыў у эфіры Звычайнага ранку эканаміст, старшы навуковы супрацоўнік BEROC Дзмітрый Крук.

Эксперт правёў аналогію з басейнам: будуць уручную вырашаць, які ўзровень вады ў басейне ў кожны момант зафіксаваць, разумны механізм прымяняцца не будзе.

— Беларускі рубель ходзіць як прывязаны на вяровачцы за расійскім рублём, гэта значыць усе праблемы расійскага рубля, на жаль, становяцца нашымі. Але счэпка гэтая не жорсткая, а гнуткая.

Цяпер, калі пасля ўвядзення санкцый расійскі рубель ірвануў, Нацбанк гэтую счэпку можа аслабіць і на беларускім рублі, я ўпэўнены, гэта адаб'ецца ў меншай ступені, гэта значыць ён будзе ледзь-ледзь ісці за курсам расійскага рубля, але маштаб ваганняў будзе не такі вялікі.

Гэта Нацбанк пакуль у стане рабіць, пры ўмове, што расійскі рубель пасля ваганняў тэрмінам у адзін-два тыдні ўстаканіцца на новым узроўні, мяркуе эканаміст.

— Таму з гэтай прычыны (іншыя прычыны мы выносім за дужкі) цяпер для беларускага рубля, не думаю, што кардынальна змяняецца сітуацыя.

Па іншых прычынах — тое, што ў нас сваіх праблем хапае ўнутры эканомікі і ў гандлі на расійскім рынку — гэта цяпер больш важныя фактары для перспектыў беларускага рубля на гарызонце ад месяца да паўгода.

Дзмітрый Крук адзначыў, што на працягу апошніх двух гадоў расійскі валютны рынак губляе ўстойлівасць.

— Скокі і чаканыя пературбацыі становяцца ўсё больш верагоднымі. Калі нешта адбудзецца з валютнай выручкай, з магчымасцю Расіі пастаўляць свае нафтапрадукты, якія яны цяпер у значнай меры ценявым флотам дастаўляюць у Індыю, у Кітай, то гэтая маленькая кропля можа стаць досыць сур'ёзным важкім аргументам.

Трэба памятаць, што ў дачыненні да самога патоку ўваходнай валютнай выручкі ў Расію існуе шмат іншых абмежаванняў, і ўсе разам гэта можа ў будучыні прывесці да такіх жа скокаў, як увосень, калі расійскі рубель скакаў, і яго неймавернымі намаганнямі — павышэннем працэнтнай стаўкі, усталяваннем абавязковага продажу валютнай выручкі — трохі стабілізавалі.

Таму як рэзюмэ: прама цяпер сітуацыя падсупакоіцца, але тактыка тысячы парэзаў рана ці позна дасць пра сабе ведаць. Гэта адзін парэз з тысячы, — сказаў на заканчэнне эксперт.

Паводле Салідарнасці

Глядзіце таксама