У Растове зняволеныя, у тым ліку прыхільнікі ІДІЛ, захапілі ў закладнікі супрацоўнікаў СІЗА (абноўлена)

Зняволеныя следчага ізалятара № 1 Растова-на-Доне захапілі ў закладнікі двух супрацоўнікаў СІЗА, паведаміла раніцай 16 чэрвеня ўпраўленне Федэральнай службы выканання пакаранняў (ФСВП) па Растоўскай вобласці РФ.

photo_2024_06_16_10_44_27.jpg

На месцы здарэння, як паведамілі ў ведамстве, знаходзіцца начальнік рэгіянальнага ўпраўлення ФСВП, а таксама прадстаўнікі праваахоўных органаў і пракуратуры. У рэгіён выехала група супрацоўнікаў цэнтральнага апарата ФСВП. Вядуцца перамовы па вызваленні закладнікаў. Пры гэтым у ФСВП заявілі, што СІЗА-1 функцыянуе ў «штатным рэжыме», а абстаноўка «кантралюемая».

Тэрыторыю вакол СІЗА ачапілі, а ў цэнтры горада абмежавалі рух транспарту, піша «Медуза». Mash сцвярджае, што да следчага ізалятара з'язджаюцца машыны хуткай дапамогі і Расгвардыі. Ля будынка СІЗА заўважылі супрацоўнікаў АМАПа.

Паводле звестак тэлеграм-канала Baza, шэсць (паводле іншай версіі — сем) абвінавачаных выбілі аконныя краты ў сваёй камеры і праніклі ў дзяжурную частку. Яны захапілі ў закладнікі начальніка аператыўнага ўпраўлення падпалкоўніка Аляксандра Богму і малодшага інспектара дзяжурнай службы Віктара Канчакова, а таксама запатрабавалі машыну, зброю і магчымасць з'ехаць з ізалятара.

У сваю чаргу ТАСС у праваахоўных органах заявілі, што зняволеныя, якія захапілі закладнікаў, утрымліваліся ў розных камерах, але паміж імі была сувязь, захоп рыхтаваўся некалькі месяцаў і каардынаваўся звонку.

Расійскія агенцтвы і тэлеграм-каналы паведамляюць, што частка зняволеных, якія захапілі закладнікаў, асуджаныя паводле тэрарыстычных артыкулаў. Baza апублікавала прозвішчы пецярых зняволеных: Сайпудзінаў, Камнееў, Цыцкіеў, Гірэеў, Акіеў — асобу шостага пакуль не ўстанавілі. Пры гэтым Сайпудзінава абвінавацілі ў рабаванні і разбоі, а Шаміля Акіева, Тамерлана Гірэева і Азамата Цыцкіева — ва ўдзеле ў тэрарыстычнай арганізацыі. Паводле звестак Mash і «112», ім ставяць у віну ўдзел у ІДІЛ і падрыхтоўку тэракту ў будынку Вярхоўнага суда ў Карачаева-Чаркесіі ў снежні 2023 года. У сакавіку іх прыгаварылі да тэрмінаў ад 18 да 18,5 гадоў калоніі строгага рэжыму.


Глядзіце таксама

Тэлеграм-каналы апублікавалі відэа затрымання Акіева, Гірэева і Цыцкіева.

Тэлеграм-канал «112» апублікаваў два відэазвароты, якія, як сцвярджаецца, зняволеныя запісалі з СІЗА Растова-на-Доне, захапіўшы закладнікаў. Як тэлеграм-канал атрымаў гэтыя відэа, невядома.

У першым роліку мужчына з барадой, нажом у руках і з чорнай павязкай з арабскай вяззю на галаве кажа, што «маджахеды Ісламскай дзяржавы захапілі цэнтрал». На запісе таксама бачныя два закладнікі ў форме, аднаго з якіх аўтары відэа называюць Аляксандрам. Пасля просьбы захопнікаў «падзяліцца эмоцыямі і адчуваннямі» Аляксандр кажа: «Людзі настроеныя сур'ёзна».

На другім запісе іншы мужчына з барадой і ў павязцы на галаве заяўляе, што групу захопнікаў «падрыхтаваў сам Алах», і тое, што здарылася не было зроблена спантанна, а яны паставілі «кяфірам умовы».

Паводле адной з версій, абвінавачаныя змаглі адабраць зброю ў супрацоўнікаў ізалятара. Крыніца РІА Навіны сцвярджае, што зняволеныя ўзброеныя пажарнымі сякерамі і гумовымі дубінкамі. Пры гэтым на кадрах відэазваротаў зняволеных відаць, што ў руках у іх нажы і заточкі.

UPD. Расійскія дзяржаўныя медыя са спасылкай на афіцыйныя крыніцы паведамілі аб ліквідацыі зняволеных. Пры штурме СІЗА, як сцвярджаецца, забітыя шасцёра "тэрарыстаў". Узятыя імі ў закладнікі супрацоўнікі ізалятара вызваленыя, яны не пацярпелі.