Рэха вайны. У Растоўскай вобласці «ветэран СВА» забіў васьмігадовую дзяўчынку

У Расіі людзі, якія вярнулісчя з вайны ва Украіне, нярэдка становяцца фігурантамі крымінальных спраў. Паводле падлікаў выдання «Вёрстка», за два гады з пачатку поўнамаштабнай расійскай агрэсіі як мінімум 107 чалавек загінулі, яшчэ 100 пацярпелі праз злачынствы, якія ўчынілі ўдзельнікі баявых дзеянняў.

foto8049_1000_fitted.jpg

Аксайскі раённы суд у Растоўскай вобласці 18 траўня арыштаваў жыхара пасёлка Дарожны Руслана Шынгірэя, які вярнуўся з вайны, па справе аб забойстве васьмігадовай дзяўчынкі, паведамляе «Растоў-на-Доне анлайн».

Як піша выданне, дзяўчынка знікла ў станіцы Ольгінская ўвечары 17 траўня. Увечары таго ж дня цела дзіцяці знайшлі ў лесапаласе непадалёк. На наступны дзень супрацоўнікі праваахоўных органаў затрымалі 25-гадовага Шынгірэя.

«Падчас допыту падазраваны сваю віну ў здзяйсненні злачынства прызнаў у поўным аб'ёме і растлумачыў, што, знаходзячыся за рулём аўтамашыны, праязджаў па станіцы Ольгінскай, дзе ўбачыў раней незнаёмую дзяўчынку і прапанаваў падвезці яе дадому. Пасля таго, як яна села ў аўтамабіль, ён вывез яе ў бязлюднае месца, дзе забіў», — гаварылася ў прэс-рэлізе СК. Па факце здарэння была ўзбуджаная справа паводле артыкула аб забойстве малалетняга.


Глядзіце таксама

Знаёмыя Шынгірэя распавялі журналістам, што ён з 18 гадоў служыў у войску, двойчы заключаў кантракт з Мінабароны. Пасля пачатку вайны Шынгірэй апынуўся ў зоне баявых дзеянняў. «Ён у першы год трапіў [на вайну]. Знік, яго шукалі. Думалі, што забілі або ў палон узялі. Потым праз тры месяцы знайшоўся», — паведаміла выданню Людміла, суседка бацькоў Руслана.

Паводле яе слоў, пасля Шынгірэй разарваў кантакт з Мінабароны. Як яму ўдалося гэта зрабіць і вярнуцца дадому, яна не ведае. У той жа час іншыя суседзі, спасылаючыся на самога Руслана, сцвярджаюць, што ён проста «збег». «У яго кантракт скончыўся. Яны павінны былі ехаць у Луганск на перагрупоўку. У іх машына была пабітая, нерабочая стала. Ён усё кінуў і ў Луганскую вобласць пайшоў пешшу», — заявіў знаёмы Шынгірэя.

Вярнуўшыся з вайны, Руслан стаў жыць з бацькамі і ўладкаваўся працаваць кіроўцам эвакуатара. Пасля забойства дзяўчынкі Шынгірэя вылічылі мясцовыя жыхары з дапамогай камер назірання. На запісах яны заўважылі белы эвакуатар, які рухаўся за дзіцем. З дапамогай сістэмы ГЛОНАСС, усталяванай у машыне, жыхары высветлілі месца, дзе Шынгірэй пакінуў цела.