«Лукашэнка памрэ раней ці пазней. Але чакаць, пакуль памрэ Лукашэнка, не павінна стаць нашай стратэгіяй»

Якую памылку робіць Захад у адносінах да нашай краіны? Што Захаду трэба змяніць у сваёй палітыцы, каб не дазволіць Маскве заваяваць Беларусь без адзінага стрэлу? Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка выступіў у Варшаўскім універсітэце перад удзельнікамі дыпламатычнага курсу «Новыя кадры для новай Беларусі».

Фота з sobesednik.ru

Фота з sobesednik.ru

Расія спрабуе заваяваць Беларусь ментальна, таму Захад не павінен дазволіць ператварыць Беларусь у яшчэ адну Паўночную Карэю. Палітык мяркуе, што цяперашні курс Захаду ў дачыненні да Беларусі трэба мяняць.

— На сёння Захад рэалізуе тактыку, а не стратэгію ў дачыненні да Беларусі. На Захадзе глядзяць на Лукашэнку з тактычнага пункту гледжання, яны глядзяць на Лукашэнку як у 2015 годзе — як на гаранта незалежнасці. Гэта памылковы погляд на Лукашэнку: ні тады, ні тым больш цяпер, і ніколі ўжо не будзе гарантам нашай незалежнасці. Зыходзячы з гэтай ацэнкі, на Захадзе лічаць, што на Лукашэнку не трэба ціснуць, не трэба выдаваць ордэр на яго арышт (хоць ужо ўсё падрыхтавана), не трэба ўводзіць вялікія санкцыі — не трэба збіваць яго з ног, гэта значыць караць так, каб ён сам сышоў, каб паўстаў народ, каб з'явіўся магутны трыгер унутры краіны, — тлумачыць Павел Латушка.

Захад лічыць, што Лукашэнка ўсё яшчэ гарант незалежнасці — і ў гэтым памыляецца, кажа Латушка:

— Па-першае, Лукашэнка памрэ, раней ці пазней, гэта фізіялогія. Калісьці намеснік міністра замежных спраў Польшчы тут, у Варшаве, сказаў мне, маладому амбасадару: праблема Беларусі — вырашыць фактар фізіялогіі. І паўтарыў гэты тэзіс некалькі разоў. Такі варыянт магчымы, але гэта не значыць, што надзея на фізіялогію павінна стаць нашай стратэгіяй. Гэта не павінна стаць нашай стратэгіяй — чакаць, пакуль памрэ Лукашэнка.

Ёсць яшчэ адзін фактар, які, магчыма, важнейшы за першы:

— Другі фактар — Пуцін. Калі мы кажам, што Лукашэнка можа адмовіць Пуціну ў выкананні нейкай задачы, якую паставіць Пуцін, то хто яго ліквідуе? Пуцін. Не абавязкова фізічна: ён можа яго знесці ў 2025 годзе падчас перапрызначэння. Бо Пуцін спрабаваў гэта зрабіць у 2020 годзе (гэта таксама была і маскоўская гульня).

Зразумела, што галоўным гульцом стаў беларускі народ, які выйшаў на пратэсты: тут Масква пралічылася; беларусы аказаліся пад такім ціскам благой палітыкі Лукашэнкі, што гатовыя былі самі яго знесці. І тут Масква спалохалася сітуацыі, якую яна сама ж і правакавала. Альбо так, альбо так — і ўся тактыка зламалася. У выніку Беларусь стане альбо часткай Расійскай Федэрацыі, альбо застанецца пад расійскім уплывам.

Павел Латушка настойвае, што Захад павінен праводзіць менавіта стратэгію, а не тактыку ў дачыненні да Беларусі, а «беларускі народ — самае галоўнае, што трэба падтрымліваць».

— Мяжу нельга закрываць, каб не ствараць Паўночную Карэю. Калі Расія хоча нас скарыць, хоча ментальна нас заваяваць, яна адкрывае тысячы стыпендый, а Захад — пяцьсот? Яны купляюць нашых дзяржслужачых, яны робяць усё, што нас змяніць ментальна.

Таму нам патрэбная адкрытая мяжа — для камунікацыі з ЕС, нам патрэбныя візы для камунікацыі з ЕС, нам патрэбныя стажыроўкі, адукацыя, СМІ. Выбачайце, калі ідзе дыскусія пра тое, даць ці не даць Белсату 10 мільёнаў, я кажу, што не пра 10 мільёнаў трэба казаць, а даць грошай Белсату ў 2-3 разы больш, бо мы павінны стварыць такі прадукт, які пераможа СТВ, АНТ і Беларусь-1 разам узятыя.

Паводле BGmedia