857-мы дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: 328 дронаў атакавалі ўкраінскія гарады і вёскі, ёсць ахвяры

Пуцін пагражае Захаду далейшай распрацоўкай ядзернай зброі, у той час як яго шпіёны выбудоўваюць агентурныя сеткі па ўсёй Еўропе. Працягваюцца абстрэлы ўкраінскай тэрыторыі, у выніку якіх гінуць мірныя жыхары.

Ілюстрацыйнае фота: AFP / Getty Images

Ілюстрацыйнае фота: AFP / Getty Images

***

Кіраўнік Расіі Уладзімір Пуцін загаварыў пра аднаўленне вытворчасці ракет сярэдняй і малой далёкасці. На думку аналітыкаў, такім чынам ён спрабуе ўплываць на рашэнні Захаду, асабліва ў ключавыя моманты палітычных дыскусій пра ваенную дапамогу Украіне, піша амерыканскі «Інстытут вывучэння вайны» (ISW).

Пуцін 28 чэрвеня аддаў распараджэнне аб вытворчасці і разгортванні ядзерных ракет малой і сярэдняй далёкасці пасля выхаду ЗША з «Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і малой далёкасці» ў 2019 годзе.

Аналітыкі мяркуюць што гэта, верагодна, з'яўляецца часткай кампаніі Крамля, якая працягваецца, па рэфлексіўным кантролі, накіраванай на ўплыў на прыняцце рашэнняў Захадам на карысць Расіі.

Пуцін прыняў удзел у пасяджэнні Савета бяспекі Расіі, на якім заявіў, што Расія паабяцала выконваць палажэнні Дамовы аб забароне вытворчасці і разгортванні ракет сярэдняй далёкасці наземнага базавання да таго часу, пакуль Злучаныя Штаты не парушаць гэтыя палажэнні, і што цяпер Расія таксама павінна вырабляць і разгортваць такія сістэмы.

Злучаныя Штаты прыпынілі ўдзел у дамове 1 лютага 2019 года і выйшлі з дамовы 2 жніўня 2019 года праз парушэнні Расіяй дамовы, звязаныя з распрацоўкай, выпрабаваннем і разгортваннем ракет сярэдняй далёкасці, а Расія ў адказ прыпыніла свой удзел у дамове 2 лютага 2019 года.

Пуцін асабліва згадаў пра двухбаковыя вайсковыя вучэнні ЗША ў 2024 годзе: адны — з Філіпінамі на паўночным Лусоне (Філіпіны) 11 красавіка і другія — з Даніяй паблізу выспы Борнхольм (Данія) 3-5 траўня.

У абодвух гэтых выпадках двухбаковых амерыканскіх вучэнняў была задзейнічаная пускавая ўстаноўка сярэдняй далёкасці «Тайфун», якая, паводле звестак ЗША, можа запускаць ракеты SM-6 і «Тамагаўк». Ракеты SM-6 маюць максімальную далёкасць 370 км, а «тамагаўкі» — каля 2500 км. Амерыканскія афіцыйныя асобы не ўдакладнілі, якія менавіта ракеты, калі такія былі, маглі быць задзейнічаны ў вучэннях.

Пуцін, хутчэй за ўсё, выкарыстоўвае гэтыя вучэнні як «казла адпушчэння» для сваёй больш шырокай кампаніі рэфлексіўнага кантролю, накіраванай на тое, каб перашкодзіць заходняй ваеннай дапамозе Украіне.

У гэтых вучэннях ЗША і іх партнёраў былі задзейнічаныя пускавыя ўстаноўкі, здольныя запускаць ракеты, якія могуць уяўляць розную пагрозу для Расіі з месцаў правядзення вучэнняў. Выспа Борнхольм знаходзіцца прыкладна ў 300 кіламетрах ад заходняга ўзбярэжжа Калінінградскай вобласці і прыкладна ў 1400 кіламетрах ад Масквы.

Шосты флот ЗША ўдакладніў, што вучэнні на выспе Борнхольм ўключалі транспарціроўку пускавой устаноўкі «Тайфун» з сушы на бераг у рамках рэпетыцыі абароны канвою, што сведчыць пра тое, што на гэтых вучэннях, верагодна, выкарыстоўвалася зброя меншай далёкасці.

Бліжэйшы да Філіпінаў расійскі памежны раён — раён на паўднёвы захад ад Уладзівастока — знаходзіцца прыкладна ў 2800 кіламетрах ад Паўночнага Лусона, па-за межамі дасяжнасці ракет «Тамагаўк».

Заява Пуціна прагучала пасля таго, як КНР са спазненнем асудзіла амерыканскія вучэнні ў Паўночным Лусоне 30 траўня. Пуцін, верагодна, спаслаўся на вучэнні на Філіпінах збольшага для таго, каб заняць выгадную пазіцыю перад КНР, Паўночнай Карэяй і В'етнамам, паколькі ён спрабуе стварыць кааліцыю дзяржаў у падтрымку новай «еўразійскай архітэктуры бяспекі».

Крэмль спасылаецца на страх ядзернай канфрантацыі паміж Расіяй і Захадам на працягу ўсяго свайго поўнамаштабнага ўварвання, каб падштурхнуць Захад да самаўхілення ад прадастаўлення Украіне ўзбраення, неабходнага для падтрымання яе абароны ад расійскіх войскаў.

Аналітыкі адзначаюць, што асабліва актыўна Крэмль выкарыстоўвае гэтыя намаганні ў ключавыя моманты палітычных дыскусій на Захадзе аб прадастаўленні далейшай ваеннай дапамогі Украіне.

***

Выданне «The Wall Street Journal» са спасылкай на крыніцы ў заходніх спецслужбах паведамілі, што за забойства расійскага лётчыка Максіма Кузьміна, які скраў верталёт Мі-8 для Украіны, кілеры атрымалі грошы ад расійскіх дзяржслужбоўцаў у Вене.

Больш за дзесяць чыноўнікаў з Аўстрыі, іншых краін Еўропы і ЗША, з якімі пагутарылі журналісты, агулам кажуць, што Вена стала «базай» для падпольнай аператыўнай дзейнасці Расіі. У тым ліку гэтыя аператыўнікі каардынуюць фінансавую і лагістычную падтрымку для забойстваў, дыверсій і вярбоўкі па ўсёй тэрыторыі Еўропы.

Паводле слоў суразмоўцаў з аўстрыйскай выведкі, за апошнія два гады колькасць расійскіх чыноўнікаў, якія працуюць на тэрыторыі Аўстрыі, вырасла з блізу 400 да больш за 500. Каля паловы з іх з'яўляюцца дыпламатамі і асобамі з менеджарскімі функцыямі, і яшчэ каля паловы дэ-факта дзейнічаюць як шпіёны.

У Аўстрыю ў тым ліку перабазаваліся расійцы з консульства РФ у Мюнхене, калі яго закрылі. Сярод іх, як мяркуюць, было і некалькі шпіёнаў.

Расійскія супрацоўнікі дыпмісій у Вене працуюць у 40 будынках, на іх дахах усталявана разнастайнае назіральнае абсталяванне.

Спецслужбы падазраюць, што расійскія аператыўнікі ў Аўстрыі ў тым ліку задзейнічаныя ў адсочванні лагістыкі заходняй ваеннай дапамогі для Украіны. Таксама расійскія чыноўнікі ў Вене нібыта заплацілі ганарар забойцам расійскага пілота, які пайшоў на супрацоўніцтва з Украінай і выкраў верталёт Мі-8 у абмен на вялікае ўзнагароджанне, а пасля яго знайшлі забітым у Іспаніі.

Таксама, гавораць у аўстрыйскіх спецслужбах, Расія наземным шляхам перапраўляе ў Аўстрыю буйныя сумы наяўнымі, а далей расійскія «дыпламаты» ў Аўстрыі развозяць гэтыя грошы па ўсёй Еўропе, часта ў сваіх асабістых рэчах, якія паліцыя не можа правяраць.

«Мы становімся праблемай для нашых суседзяў, таму што Расія выкарыстоўвае нас як аператыўную базу», – канстатаваў ананімны суразмоўца з аўстрыйскай выведкі.

Праблема не застаецца незаўважанай і сярод палітыкаў. Апазіцыйная дэпутатка Штэфані Крыспер з профільнага камітэта адзначыла, што ўрад Аўстрыі павінен пакласці канец «надзвычай небяспечнай бяздзейнасці» ў дачыненні да дзеянняў расійскіх шпіёнаў, таму што фактычна гэта падрывае спробы аслабіць расійскі ўплыў у Еўропе.

Пры гэтым у МУС Аўстрыі каментуюць, што лічаць краіну адной з самых бяспечных, паколькі яе структуры вельмі эфектыўныя.

Прэс-сакратарка міністэрства заявіла, што выведка ведае пра пагрозу расійскіх шпіёнаў і аперацый уплыву і што гэтым пагрозам процідзейнічаюць ва ўстаноўленых заканадаўствам межах.

Фактычна, шпіянаж у Аўстрыі не забаронены, пакуль не накіраваны супраць самой Аўстрыі.

Прэс-сакратарка МЗС Аўстрыі пракаментавала, што Вена падтрымала б высылку дыпламатаў, якія парушаюць закон, калі для гэтага ёсць дастатковыя доказы.

***

«На працягу сутак авіяцыя, ракетныя войскі і артылерыя Сіл абароны Украіны разбілі 11 раёнаў засяроджвання асабістага саставу, чатыры сродкі СПА і станцыю РЭБ праціўніка.

Расійскія захопнікі нанеслі па тэрыторыі Украіны 61 авіяцыйны ўдар з ужываннем 110 КАБаў, таксама задзейнічалі 328 дронаў-камікадзэ. Разам з тым, вораг здзейсніў больш за 3180 абстрэлаў па пазіцыях нашых войскаў і населеных пунктах са ствольнай і рэактыўнай артылерыі, мінамётаў, стралковай зброі і ўзбраення баявых машын», — гаворыцца ў штодзённай зводцы Генштаба УСУ.

За мінулыя суткі расійцы страцілі 1070 салдат, 7 танкаў і 57 артылерыйскіх сістэм. Агульныя баявыя страты праціўніка з 24.02.22 па 29.06.24 арыенціровачна склалі:

  • асабістага саставу — каля 541 560 (+1070) чалавек;
  • танкаў — 8 073 (+7) адз.;
  • баявых браніраваных машын — 15 505 (+25) адз.;
  • артылерыйскіх сістэм — 14 480 (+57) адз.;
  • РСЗА / MLRS — 1 109 (+0) адз.;
  • сродкаў СПА — 871 (+0) адз.;
  • самалётаў — 360 (+0) адз.;
  • верталётаў — 326 (+0) адз.;
  • БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 11 538 (+29) адз.;
  • крылатых ракет — 2 331 (+2) адз.;
  • караблёў / катэраў — 28 (+0) адз.;
  • падводных лодак — 1 (+0) адз.;
  • аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 19 568 (+54) адз.;
  • спецыяльнай тэхнікі — 2 436 (+5) адз.

***

За суткі расійскай арміяй ва Украіне былі атакаваныя 110 населеных пунктаў і 129 аб'ектаў інфраструктуры, паведамляе Мінабароны Украіны.

Паводле інфармацыі сітуацыйнага цэнтра Міністэрства абароны, за мінулыя суткі расійскія войскі абстралялі тэрыторыю 13 абласцей Украіны.

Захопнікі атакавалі з розных відаў узбраення: мінамёты, танкі, артылерыя, РСЗА, БПЛА, ЗРК, тактычная авіяцыя.

***

У выніку расійскіх удараў па Украіне ў пятніцу 4 чалавекі загінулі ў Херсонскай вобласці, яшчэ 10 атрымалі раненні, а ўжо раніцай у суботу РФ зноў атакавала вобласць — двое пацярпелых, паведамляе Херсонская абласная ваенная адміністрацыя.

У выніку ранішняй атакі ў вёсцы Наддняпрянскае пацярпелі двое мясцовых жыхароў.

У 57-гадовай жанчыны дыягнаставалі выбуховую і чэрапна-мазгавую траўмы, падскурную гематому цемянной вобласці, ад шпіталізацыі яна адмовілася.

З забойнай траўмай галавы ў бальніцу шпіталізавалі 41-гадовага мужчыну.

На працягу 28 чэрвеня расійскія вайскоўцы папалі ў жылыя кварталы населеных пунктаў вобласці, у прыватнасці пашкоджаныя шматпавярхоўкі і 22 прыватныя дамы.

Зафіксавана пападанне ў крамы і газаправод. У выніку абстрэлаў пашкоджаныя прыватныя аўтамабілі, а таксама службовае аўто ратавальнікаў.

***

На працягу мінулага дня расійцы здзейснілі 36 абстрэлаў Сумскай вобласці, адну з грамад атакавалі 16-цю ракетамі і скінулі на яе тэрыторыю 18 мін, піша ваенная адміністрацыя Сумскай вобласці.

«Зафіксаваны 131 выбух. Абстрэлам падвергліся Хоцінская, Юнакоўская, Белапольская, Краснапольская, Вялікапісараўская, Новаслабадская, Ясманьская, Шалыгінская, Сярэдзіна-Будская, Зноб-Наўгародская грамады.

Вялікапісараўская грамада: 18 мін скінулі расійцы на тэрыторыю грамады. Акрамя таго, верталёт з тэрыторыі РФ ажыццявіў пуск 16 ракет (НАР, 16 выбухаў)».

***

У Данецкай вобласці варожыя абстрэлы пашкодзілі паветраную лінію аператара сістэмы размеркавання. Адключылася падстанцыя і падключаныя да яе бытавыя спажыўцы і шахта. Пра гэта паведамілі ў Міністэрстве энергетыкі Украіны.

У момант адключэння ў шахце знаходзіліся 73 работнікі, іх вывелі на паверхню. 

Акрамя таго, у Львоўскай вобласці на тэрыторыі адной з высакавольтных падстанцый знайшлі металічны шар дыяметрам 15 см — фрагмент касетнага боепрыпасу расійскай ракеты Х-101. Супрацоўнікі ДСНС вывезлі боепрыпас за тэрыторыю падстанцыі.

У Чарнігаўскай вобласці з-за абстрэлу імгненна абясточыліся 413 абанентаў у 6 населеных пунктах.

Агулам 28 чэрвеня для частковага пакрыцця дэфіцыту электраэнергіі Украіна дадаткова прыцягвала аварыйную дапамогу з энергасістэм Польшчы, Румыніі і Славакіі.

***

Раніцай 29 чэрвеня акупанты паведамілі, што над Крымам «збівалі паветраныя цэлі». Пра гэта напісаў так званы «губернатар» Севастопаля Міхаіл Разважаеў: 

«У Севастопалі працуе СПА...

Паводле папярэдняй інфармацыі 2 паветраныя цэлі знішчаныя ў небе над акваторыяй і ў раёне Балаклавы. Але аскепкі збітых цэляў упалі ў прыбярэжнай зоне і Балаклаўскім раёне. 

Паводле папярэдняй інфармацыі выратавальнай службы — адбылося ўзгаранне травы ў раёне Ялцінскага кальца.

У Балаклаве асколкамі пашкоджаны дах прыватнага дома».

Мясцовыя каналы пішуць, што ў многіх частках горада не было чуваць паветраную трывогу.

Таксама прапагандысты пішуць, нібыта «цэллю ўдараў была Балаклаўская ТЭС і зона СПА Тарханкута».

Як стала вядома пазней, у выніку ракетнай атакі пацярпелі тры чалавекі.

«Адбіццё ракетнай атакі завершана. Паводле папярэдніх звестак, у выніку ракетнай атакі пацярпелі трое мірных жыхароў. У іх аскепкавыя раненні лёгкай ступені цяжкасці», — напісаў Разважаеў у сваім тэлеграм-канале..

***

Мясцовыя ўлады паведамляюць, што ў выніку атакі беспілотніка ў вёсцы Гарадзішча Рыльскага раёна (Курская вобласць) загінулі пяць чалавек, у тым ліку два дзіцяці. Паводле слоў кіраўніка рэгіёна, дрон атакаваў жылы дом. Двое тых, хто выжыў, у цяжкім стане дастаўлены ў бальніцу.

Расійскі публіцыст Анатоль Несміянпіша:

«"СВА" задумалі, каб нібыта абараніць мірнае насельніцтва Данбаса. Што трэба рабіць для абароны мірнага насельніцтва Расіі?»