Пяскоў: Расію турбуе канцэнтрацыя ўкраінскіх войскаў на мяжы з Беларуссю

«Нашыя міністэрствы абароны знаходзяцца ў партнёрскім пастаянным кантакце», — кажа прэс-сакратар Пуціна. Што вядома пра абвастрэнне абстаноўкі на беларуска-украінскай мяжы? 

Фота: Дзяржпагранкамітэт

Фота: Дзяржпагранкамітэт

Пытанне канцэнтрацыі ўкраінскіх войскаў на мяжы з Беларуссю — гэта «прычына турботы не толькі Мінска, але і Масквы», заявіў 1 ліпеня прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў, піша «Позірк».

«Беларусь – гэта саюзная дзяржава, у нас ёсць адмысловыя фарматы дыялогу па лініі ўсіх адпаведных ведамстваў, у тым ліку і спецыяльных службаў, – цытуе яго ТАСС. — І нашыя міністэрствы абароны знаходзяцца ў партнёрскім пастаянным кантакце».

На пытанне аб магчымым абмеркаванні гэтай тэмы прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным і Аляксандрам Лукашэнкам Пяскоў адказаў, што «яны змогуць гэта зрабіць, калі палічаць неабходным».

Абвастрэнне абстаноўкі на беларуска-ўкраінскай мяжы адбылося 20 чэрвеня. У той дзень Дзяржпагранкамітэт заявіў, што Украіна канцэнтруе на мяжы цяжкае ўзбраенне. 21 чэрвеня ў Беларусі пачалася праверка войскаў з выхадам часцей і падраздзяленняў на палігоны і ўчасткі мясцовасці ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях.

Украінскія ўлады пацвердзілі, што нарошчваюць абарону на мяжы з Беларуссю, але адрынулі абвінавачанні ў правакацыях.

28 чэрвеня Дзяржпагранкамітэт заявіў аб актывізацыі ўкраінскай разведкі, знаходжанні ў паласе адказнасці Жытомірскага пагранічнага атрада (тэрыторыя мяжуе з Гомельскай вобласцю) падраздзяленняў «Рускага добраахвотніцкага корпуса», выяўленні ў прыграніччы тайніка з узрыўчаткай.

Праз некалькі гадзін Мінабароны аб'явіла аб вывядзенні дывізіёна рэактыўнай сістэмы залпавага агню «Паланэз» з поўным боекамплектам — у сувязі са «складанай абстаноўкай паблізу ад дзяржаўнай мяжы».

29 чэрвеня, характарызуючы сітуацыю на мяжы з Украінай, начальнік упраўлення зенітных ракетных войскаў камандавання ВПС і СПА Беларусі Андрэй Севярынчык заявіў, што «становішча ў паветранай прасторы напружанае». Намеснік камандуючага сіламі спецыяльных аперацый (ССА) па ідэалагічнай працы Вадзім Лукашэвіч абвінаваціў Украіну ў намеры зладзіць тэракты ў Беларусі.

30 чэрвеня тэлеканал АНТ паказаў інтэрв'ю начальніка Генеральнага штаба — першага намесніка міністра абароны Паўла Муравейкі, які заявіў, што абстаноўка на паўднёвай мяжы краіны «складаная», прымаюцца меры «для кантролю за сітуацыяй». Паводле яго слоў, у апошнія тыдні назіраецца «пакуль нічым не абгрунтаваная і пакуль незразумелая актыўнасць» паблізу мяжы з Украінай.

Глядзіце таксама

Па сцвярджэнні начальніка Генштаба, у горад Оўруч у Жытомірскай вобласці Украіны «прыбылі падраздзяленні спецыяльнага прызначэння 1-й прэзідэнцкай брыгады», а спецпрызн паблізу дзяржмяжы «заўсёды насцярожваў».

«Акрамя таго, мы бачым перамяшчэнне войскаў, перыядычныя палёты беспілотнікаў кшталту “Байрактар” паблізу ад дзяржаўнай мяжы і ацэнку нашых магчымасцей, як мы будзем ацэньваць тое, што яны з'яўляюцца. Мы сутыкаемся з правакацыямі па дзеяннях беспілотнай авіяцыі на тактычным узроўні, якая парушае нашую дзяржаўную мяжу на сто, дзвесце, трыста, пяцьсот метраў, часам да кіламетра», — заявіў Муравейка.

У гэтай сітуацыі, паводле яго слоў, Беларусь «вымушана перамяшчаць «на мяжу »падраздзяленні, уступаць ва ўзаемадзеянне з органамі пагранічнай службы, нарошчваць асобныя напрамкі і рыхтавацца да прыкрыцця, а таксама рухаць часам артылерыю для таго, каб своечасова быць здольнымі адрэагаваць».

«Нейкая асцярога, сур'ёзная асцярога, насцярожанасць у нас прысутнічае. Не хацелася б, каб нашая паўднёвая суседка павялася на нечыя ўказанні і паспрабавала паспрабаваць беларусаў на зуб», — адзначыў Муравейка.

Глядзіце таксама

Афіцыйны Мінск падтрымлівае расійскую агрэсію ва Украіне, якая з'яўляецца найбуйнейшым ваенным канфліктам у Еўропе з часоў Другой сусветнай вайны. Беларускія ўлады далі арміі РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну зімой і вясной 2022 года, а затым на працягу многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расійскіх вайскоўцаў.

На цяперашнім этапе рэжым Аляксандра Лукашэнкі ўцягнуты ў працэс перамяшчэння дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны. Акрамя таго, абмяркоўваецца магчымасць рэабілітацыі ў Беларусі пацярпелых на ўкраінскай тэрыторыі расійцаў.