Навумчык: Настойліва раіў бы пазбыцца ад кватэр паблізу ад рэзідэнцыі «прэзідэнта»
Сяргей Навумчык пракаментаваў «безадказныя заявы» начальніка Генштаба пра магчымасць нанясення ўдараў расійскай ядзернай зброяй з тэрыторыі Беларусі.
Сяргей Навумчык: «У святле безадказных заяў начальніка Генштаба генерала Муравейкі пра магчымасць нанясення ўдараў расійскай ядзернай зброяй з тэрыторыі Беларусі – настойліва раіў бы пазбыцца ад кватэр паблізу ад рэзідэнцыі «прэзідэнта» на пр. Пераможцаў, адміністрацыі «прэзідэнта» па Карла Маркса, будынку КГБ-ФСБ на цэнтральным праспекце, будынку Мінабароны, офісаў іншых сілавых структураў, аэрадрому Мачулішчы і вайсковых частак, рэзыдэнцыі «прэзыдэнта» у Астрашыцкім гарадку –
Словам, усяго таго, што абавязкова будзе прадметам непазбежных ядзерных удараў у адказ на нанясенне ўдараў расійскай ядзернай зброяй з тэрыторыі РБ па краінах NATO альбо па Украіне. Беражыце сябе!»
Нагадаем, учора, 30 чэрвеня, начальнік Генеральнага штаба, першы намеснік міністра абароны Беларусі Павел Муравейка ў інтэрв'ю АНТ заявіў:
«Мы навучыліся абыходзіцца з гэтым зброяй. Мы ўмеем упэўнена яе прымяняць.
Мы здольныя гэта рабіць і, можаце не сумнявацца, мы гэта зробім, калі суверэнітэту і незалежнасці нашай краіны будзе створана пагроза».
Таксама ён заявіў, што ля беларускай мяжы «стаіць 10 батальённых тактычных груп NATO агульнай колькасцю больш за 20 тысяч чалавек».
На мінулым тыдні беларускія Узброеныя сілы пачалі раптоўную праверку боегатоўнасці на мяжы з Украінай.
Да таго ж, як піша «Позірк», Муравейка заявіў, што міграцыйны крызіс на беларуска-польскай мяжы «справакаваны, ініцыяваны Польшчай».
«Усе абвінавачанні, якія польскае кіраўніцтва ўкідвае супраць Рэспублікі Беларусь, — гэта не што іншае, як адлюстраванне тых дзеянняў, якія яны рабілі самі», — сказаў Муравейка.