Кіеў: Імітуючы пагрозу з боку Беларусі, вораг спрабуе выклікаць паніку і дэстабілізаваць сітуацыю ва ўкраінскім грамадстве
«Аднак у ворага цяпер няма рэсурсаў на гэтым кірунку для новага наступу на Украіну. У той жа час украінскія сілы абароны гатовы да любых правакацый з беларускай тэрыторыі».

Фота: Дзяржпагранкамітэт
Раптоўную праверку беларускага войска Кіеў назваў актывізацыяй інфармацыйнай кампаніі па нагнятанні напружанасці на мяжы, вынікае з заявы Цэнтра супрацьдзеяння дэзінфармацыі (ЦПД) пры Савеце нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны, піша «Позірк».
«Сёння Мінабароны Беларусі аб'явіла аб раптоўнай праверцы гатоўнасці войскаў. Незадоўга да гэтага расійскія тэлеграм-каналы актыўна распаўсюджвалі паведамленні ад беларускіх памежнікаў пра нібыта сцягванне Украінай вайсковай тэхнікі і асабовага складу да мяжы. Такім чынам вораг спрабуе ў чарговы раз разыграць карту «пагрозы з Беларусі», — лічыць ЦПД.
Ведамства канстатавала, што гэтая пагроза сёння з'яўляецца «больш інфармацыйнай, чым ваеннай».
«Актыўнасць войскаў у Беларусі старанна адсочваецца нашай разведкай, — гаворыцца ў заяве. — На мяжы захоўваецца пагроза ДРГ (дыверсійна-разведвальных груп. — «Позірк».), Аднак у ворага цяпер няма рэсурсаў на гэтым кірунку для новага наступу на Украіну. У той жа час украінскія сілы абароны гатовы да любых правакацый з беларускай тэрыторыі».
Глядзіце таксама

«Імітуючы пагрозу з боку Беларусі, вораг спрабуе выклікаць паніку і дэстабілізаваць сітуацыю ва ўкраінскім грамадстве. Таксама супернік мае на мэце адцягнуць украінскія сілы з іншых участкаў фронту», — падкрэсліў цэнтр.
Кіраўнік ЦПД Андрэй Каваленка зазначыў, што пакуль на мяжы з Беларуссю «няма сур'ёзных пагроз».
«Расійскі асабісты склад у Беларусі выконвае ролю ДРГ. І ў выпадку заходу гэтых ДРГ на нашу тэрыторыю, іх, вядома ж, будуць знішчаць», — сказаў ён.
Глядзіце таксама

Праверка беларускіх войскаў пачалася 21 чэрвеня ў 9.00, манеўры пройдуць на палігонах і ўчастках мясцовасці ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях.
Напярэдадні Дзяржпагранкамітэт заявіў, што Украіна канцэнтруе цяжкае ўзбраенне на мяжы з Беларуссю.
Рэжым Аляксандра Лукашэнкі няспынна праводзіць вучэнні, трэніроўкі, зборы на фоне абвастрэння адносін з Захадам і вайны Расіі супраць Украіны, у якой афіцыйны Мінск падтрымлівае Крэмль.