Перамяшчэнне войскаў не звязана з падрыхтоўкай да нападу на Украіну — Генштаб Беларусі

Начальнік Генштаба УС — першы намеснік міністра абароны Беларусі генерал-маёр Віктар Гулевіч запэўніў, што перамяшчэнне войскаў па тэрыторыі нашай краіны не звязана з падрыхтоўкай да нападу на Украіну, паведамляе прэс-служба Мінабароны Беларусі.

Віктар Гулевіч

Віктар Гулевіч


«На дадзены момант... пяць батальённых тактычных груп сумесна з органамі памежнай службы ажыццяўляюць прыкрыццё паўднёвых межаў нашай дзяржавы з мэтай недапушчэння пранікнення на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь з боку Украіны розных нацыяналістычных узброеных фарміраванняў, нелегальнай дастаўкі зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў», — заявіў Гулевіч.
Паводле яго слоў, БТГ займаюцца выведкай, патруляваннем, аховай аб'ектаў і абароны на дарожных напрамках. У бліжэйшы час будзе праведзена замена дадзеных падраздзяленняў пяццю іншымі батальённымі тактычнымі групамі.
Гулевіч уступіў у завочную палеміку з «дамарослымі ваеннымі экспертамі і канапавымі аналітыкамі». Ён абверг здагадкі, што Беларусь рыхтуецца напасці на Украіну.
«Перамяшчэнне войскаў ніякім чынам не звязана з падрыхтоўкай, а тым больш з удзелам беларускіх вайскоўцаў у спецыяльнай ваеннай аперацыі на тэрыторыі Украіны», — адзначыў начальнік Генштаба УС Беларусі.
Ён таксама звярнуўся да родных і блізкіх вайскоўцаў і запэўніў іх, што беларускія салдаты ваяваць на чужую тэрыторыю не паедуць.
Паводле reform.by.