У Мінабароны распавялі, што на мяжы па-ранейшаму знаходзіцца шматтысячная ўкраінская групоўка
Тым часам на 201 дзень вайны Міністэрства абароны Беларусі: «На мяжы Украіны з Беларуссю па-ранейшаму знаходзіцца групоўка Узброеных сіл Украіны колькасцю больш за 20 тысяч чалавек». Аб гэтым заявіў начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл — першы намеснік міністра абароны Беларусі генерал-маёр Віктар Гулевіч.
Адказваючы на пытанні журналіста, як змянілася сітуацыя на ўкраінска-беларускай мяжы і якая зараз колькасць УСУ, кіраўнік беларускага Генштаба заявіў:
— Як была тактычная групоўка войскаў на мяжы з Беларуссю, так яна і засталася. Мы гэтую сітуацыю адсочваем і гатовыя да любых змен абстаноўкі.
Нагадаем, паводле звестак беларускай выведкі на канец траўня, групоўкі ўкраінскіх войскаў на Ровенскім, Кіеўскім і Чарнігаўскім напрамках складалі больш як 20 тыс. чалавек.
Нагадаем, Украіна не раз заяўляла аб тым, што старанна сочыць за мяжой з Беларуссю, паколькі не выключае верагоднасць уварвання расійскіх войскаў на гэтым кірунку.
24 лютага Пуцін аб'явіў аб пачатку «спецыяльнай ваеннай аперацыі». Паводле яго слоў, яе мэта — «дэмілітарызацыя» і «дэнацыфікацыя» Украіны. Заходнія краіны і іх саюзнікі рэзка асудзілі дзеянні Расіі супраць Украіны. Для ваеннага ўварвання выкарыстоўвалася ў тым ліку тэрыторыя нашай краіны, што зрабіла Беларусь саўдзельніцай акта ваеннай агрэсіі. Да таго ж з тэрыторыі Беларусі наносяцца ракетныя ўдары па ўкраінскіх пазіцыях.
У дачыненні да Расіі, а таксама Беларусі, краінамі Захаду былі ўведзены шматлікія санкцыі.
Генерал Гулевіч, верагодна, таксама гатовы паказаць, адкуль рыхтуецца напад Украіны на Беларусь.