Ці пойдзе Польшча балтыйскім шляхам?
Суседния краіны Балтыі забаранілі ўезд на сваю тэрыторыю аўтамабіляў, зарэгістраваных у Беларусі. Аднак Польшча, якая таксама ўваходзіць у ЕС, яшчэ дазваляе ўезд беларускіх легкавікоў, хоць і з некаторымі абмежаваннямі. Ці надоўга?
У сярэдзіне ліпеня Латвія, Літва і Эстонія забаранілі ўезд на сваю тэрыторыю аўтамабіляў, зарэгістраваных у Беларусі (у Літве гэтае абмежаванне ў поўнай меры пачне дзейнічаць 16 жніўня). Дзяржорганы балтыйскіх дзяржаваў патлумачылі ўвядзенне абмежаванняў пачаткам дзеяння паправак рэгламенту Еўрапейскага Саюза № 765/2006, закліканых зраўнаваць санкцыі ЕС супраць Расіі і Беларусі і выключыць магчымасці іх абыходу.
Аднак Польшча, краіна-суседка Беларусі, якая таксама ўваходзіць у ЕС, пакуль дазваляе ўезд беларускіх легкавікоў, хоць і з некаторымі абмежаваннямі. «Люстэрка» спытала Міністэрства фінансаў Польшчы, якое адказвае за мытныя пытанні, ці не плануюць яны пайсці шляхам дзяржаваў Балтыі і забараніць перасячэнне мяжы аўтамабілям на беларускіх нумарах. Вось які адказ мы атрымалі.
На легкавіку ў Польшчу можна, але ёсць умовы
У адказе, атрыманым «Люстэркам» з прэс-службы Міністэрства фінансаў Польшчы, а таксама размешчаным на сайце ведамства, гаворыцца, што ў краіне з 1 ліпеня 2024 года дзейнічаюць новыя правілы ўвозу легкавых аўтамабіляў, зарэгістраваных у Беларусі.
Міністэрства фінансаў Польшчы, як і дзяржаўныя органы краін Балтыі, спасылаецца на рэгламент Рады Еўрапейскага саюза № 2024/1865 ад 29 чэрвеня 2024 года, які ўносіць змяненне ў ранейшы дакумент № 765/2006, «што датычыць абмежавальных мераў у сувязі з сітуацыяй у Беларусі і ўдзелам Беларусі ў агрэсіі Расіі супраць Украіны».
Змены ўводзяць забарону на непасрэдны або ўскосны імпарт у ЕС тавараў, якія дазваляюць Беларусі дыверсіфікаваць крыніцы даходаў і тым самым удзельнічаць у агрэсіі Расіі супраць Украіны. Артыкул 1ra рэгламенту № 2024/1865 распаўсюджвае абмежаванні і на легкавыя аўтамабілі, зарэгістраваныя ў Беларусі. Аднак, як вынікае з тлумачэнняў польскага Мінфіна, увядзенне забароны для беларускіх легкавікоў неабавязковае.
— Кампетэнтныя органы краін — сябраў ЕС пры выкананні пэўных умоваў могуць дазволіць уезд легкавікоў, што не прызначаныя для продажу і знаходзяцца ва ўласнасці грамадзяніна Беларусі, у якога ёсць дзейная віза або від на жыхарства ў краінах ЕС, — спасылаецца ведамства на пункт 5(b) рэгламенту.
Акрамя наяўнасці візы ці ВНЖ ва ўладальнікаў такіх аўто таксама мусяць быць выкананыя наступныя ўмовы:
- падчас перасячэння мяжы ў салоне легкавіка мусіць знаходзіцца яе ўладальнік (ён неабавязкова павінны кіраваць аўто);
- аўтамабіль не можа выкарыстоўвацца для перавозкі тавараў з мэтай гандлю або для парушэння ўведзеных рэгламентам абмежаванняў.
Пярэпалах на мяжы
Нагадаем, 4 ліпеня стала вядома пра забарону на вываз з Польшчы і ўвоз у нашую краіну шырокага пераліку тавараў. У каментары «Люстэрку» прэс-сакратар Нацыянальнай падатковай адміністрацыі Польшчы (мытная служба ўваходзіць у яе склад) Міхал Дзерусь патлумачыў гэта згаданым вышэй рэгламентам ЕС № 2024/1865. Пазней Міністэрства фінансаў Польшчы ўдакладніла, што забарона дзейнічае бестэрмінова аж да яе адмены.
22 ліпеня 2024 года намеснік міністра замежных справаў Польшчы Анджэй Шэйна паведаміў, што ягоная краіна можа наогул спыніць перавозку тавараў з Беларусі. Ён дадаў, што мусіць адбыцца, каб гэтага не здарылася:
— У Польшчы ёсць асаблівыя ўмовы ў дачыненні да Беларусі. Калі б яна хацела нармалізаваць адносіны, гэта азначала б спыненне гібрыдных атак (маецца на ўвазе крызіс на беларуска-польскай мяжы з удзелам мігрантаў. — Заўв. рэд.), выдача забойцы польскага салдата і вызваленне зняволеных палякаў, — сказаў Шэйна.
У той жа дзень віцэ-спікер Сената Польшчы (верхняя палата парламента) Міхал Каміньскі заявіў, што лічыць амаральнымі абмежаванні на ўезд беларусаў у Еўрапейскі саюз.
15 ліпеня дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка паведаміў «Люстэрку», што дзяржаўныя органы краін Балтыі і Польшчы паабяцалі беларускім дэмакратычным сілам, што пасажырскі рух захаваецца незалежна ад уваходжання ў дзеянне змяненняў рэгламенту ЕС, а ўласнікі аўто, якія жывуць у ЕС, змогуць лёгка перарэгістраваць машыны.
— Але гэта ўсё роўна не вырашае праблемы мабільнасці. Мы будзем адстойваць беларусаў і, спадзяюся, зможам адшукаць разумнае рашэнне, — казаў Вячорка.