Фрыдман: Калі Польшча закрые мяжу, можа быць ланцуговая рэакцыя і жалезная заслона
Палітычны аглядальнік — пра тое, наколькі рэальная магчымасць закрыцця апошніх двух памежных пераходаў на мяжы Польшчы і Беларусі.
— Пачнем з
таго, што гэта пагроза, — аналізуе
Аляксандр Фрыдман рэзанансную заяву міністра замежных спраў Польшчы ў
экспрэс-каментары «Салідарнасці». — У
Сікорскага свая гісторыя стасункаў з Лукашэнкам.
У 2010 годзе менавіта ён разам з міністрам замежных спраў Германіі прыязджаў на перамовы да Лукашэнкі з пасланнем ад ЕС і спрабаваў угаварыць яго правесці прэзідэнцкія выбары цывілізавана, прапаноўваючы за гэта ў будучыні і супрацоўніцтва, і крэдыты, і г.д.
Але ў адказ з боку Лукашэнкі была сварка і нават абразы, што Сікорскі даволі падрабязна апісаў у сваіх мемуарах. Так што ў яго ёсць асабісты досвед зносін з Лукашэнкам і асабістае непрыманне.
Адсюль упэўненасць у тым, што гаварыць з Лукашэнкам бескарысна, кампрамісаў з ім дасягнуць немагчыма, а разумее ён толькі адну мову — сілы.
Менавіта таму Сікорскі звярнуўся да пагрозы. Але гэтая гульня даволі рызыкоўная, таму што калі ты не будзеш тут паслядоўным і не выканаеш сваіх пагроз, то Лукашэнка больш не будзе цябе ўспрымаць як сілу.
Адпаведна, думаю, што Сікорскі ўсё ж такі зрабіў такую заяву свядома.
— Якая імавернасць таго, што палякі могуць закрыць пакінутыя памежныя пераходы?
— Імавернасць ёсць, і яна вельмі сур'ёзная. Адзначу, што пры гэтым ад Лукашэнкі ў дадзенай сітуацыі мала што залежыць. Таму што нелегальная міграцыя — гэта не яго праект, а расійскі.
Кіраўнік Беларусі гуляе паводле расійскага сцэнару, і, як мне здаецца, гуляе не без задавальнення, таму што атрымлівае за гэта прыстойны ганарар.
Але ён не зацікаўлены перагінаць палку. Калі б гэта была яго гульня, ён бы ўсё ж такі не лез на ражон. У яго ёсць вопыт 2021 года, калі ён прайграў міграцыйны крызіс, будучы пастаўлены на месца. Але паколькі цяпер гуляе Расія, ён выконвае тую ролю, якую яму адвялі.
Вядома, ён можа папрасіць сваіх куратараў не перагінаць. Толькі вось для Пуціна міграцыя — вялікі геапалітычны праект па дэстабілізацыі Захаду. Сітуацыя на мяжы Беларусі і Польшчы, памежныя пераходы і ўсё, з імі звязанае, яму не так цікавыя.
Яму цікавыя маючыя адбыцца парламенцкія выбары ў Францыі, выбары ў Германіі, якія пройдуць у верасні ў трох усходніх землях, куды мігранты ў большасці сваёй прыбываюць. У абодвух кампаніях з дапамогай тэмы міграцыі можна дапамагчы прарасійскім ці, скажам, альтэрнатыўным сілам.
Дапусцім, у Германіі ў антыімігранцкай партыі вельмі добрыя пазіцыі. І актуалізацыя тэмы, выкліканая ўзмацнелым патокам мігрантаў па «беларускім маршруце», можа адыграць пэўную палітычную ролю і прынесці гэтай партыі дадатковыя галасы.
Вось гэта цалкам у інтарэсах Расіі. Таму не бачу прычыны, з чаго б яна пайшла на нейкія саступкі і раптам сказала: мы больш не будзем так рабіць, не будзем лезці на ражон.
Так што Лукашэнка аказаўся ў цяжкай сітуацыі. Ён не хоча рэальнага выканання пагрозы і закрыцця межаў. З эканамічнага пункту гледжання, гэта ўскладніць яго адносіны з Кітаем.
Ды і ў цэлым аказацца за жалезнай заслонай — гэта не тое, чаго хочуць беларусы, нават тыя, якія падтрымліваюць Лукашэнку. Ён бы лейцы трошкі адпусціў, але яны не ў яго руках.
— То бок у палякаў, атрымліваецца, не застаецца выбару?
— Калі колькасць мігрантаў не знізіцца (а летам яна, наадварот, узрастае), ім давядзецца прымаць цяжкае рашэнне. Палякі цесна працуюць па абмене вопытам з фінамі ў гэтым пытанні.
Тут нельга не згадаць і пра балтаў. Нельга ўявіць сабе сітуацыю, у якой бы Польшча ўсё закрыла, а Літва і Латвія ніяк не адрэагавалі. Бо ўсе патокі тады пераключацца на іх. Таму, думаю, будзе ланцуговая рэакцыя.
— Наўрад ці беларусы, нават маючы ўжо столькі закрытых КПП, вераць у такую рэальнасць.
— Ведаю, што многія ў Беларусі думаюць, маўляў, палітыкі згушчаюць фарбы, ну якая жалезная заслона ў XXI стагоддзі? Аднак, на жаль, мы да гэтай жалезнай заслоны цяпер значна бліжэй, чым калі б там ні было, набліжаемся да яе сямімільнымі крокамі.
Сітуацыя сапраўды дрэнная. Не думаю, што ў дадзены момант магчыма рэалізаваць, напрыклад, праект, пра які кажа Латушка, калі перакрываецца грузапаток, але застаецца магчымасць перасячэння мяжы для людзей.
Для Лукашэнкі гэтая мяжа цікавая менавіта як грузапаток. Людзі, якія ездзяць у Польшчу, гэта не яго сябры, а ворагі.
Таму нават калі палякі прыслухаюцца да Латушкі і закрыюць грузапатокі, што для Лукашэнкі сапраўды будзе адчувальна, ён у адказ можа сам закрыць мяжу для людзей. Гэта цалкам у яго логіцы: раз вы такія, то і я.
— Што можа змяніць сітуацыю?
— Пакуль рыторыка беларускіх уладаў сведчыць, што яны ня хочуць ісьці на абвастрэньне. Мяркую, што яны ўсё ж такі будуць спрабаваць пераканаць Маскву спыніць эскалацыю.
А палякі, у сваю чаргу, будуць глядзець на дынаміку. Калі якая-небудзь эскалацыя ўсё ж такі адбудзецца, паўторыцца напад ці, не дай бог, нешта яшчэ больш страшнае, межы адназначна закрыюць адразу ж.
— Як доўга польскія ўлады будуць назіраць дынаміку?
— З
улікам усіх замежнапалітычных фактараў, пра якія я казаў, маючы на ўвазе
выбары, гэта пытанне не месяцаў, а тыдняў.