Польшча таксама можа закрыць мяжу для беларускіх аўтамабіляў? Тлумачыць польскі эксперт
Польскі палітычны аглядальнік, журналіст выданьня Dziennik Gazeta Prawna Міхал Патоцкі аналізуе на «Радыё Свабодзе», чаму пазыцыя Варшавы адносна рэжыму Лукашэнкі стала больш рэзкай і жорсткай, разважае пра кітайскі чыньнік і канстатуе, што стаўленьне палякаў да беларусаў зьмянілася ў горшы бок.
— Апошнім часам рыторыка афіцыйнай Варшавы ў адносінах з афіцыйным Менскам, як падаецца, стала больш жорсткай. Нядаўна былі агучаныя тры ўмовы: спыніць мігранцкі крызіс на мяжы, вызваліць Анджэя Пачобута і выдаць забойцу польскага салдата, які загінуў ад рук мігранта на мяжы. Калі гэтыя ўмовы ня будуць выкананыя, Польшча пагражае цалкам перакрыць польска-беларускую мяжу. Што зьмянілася, чаму Варшава паводзіць сабе больш рэзка, якія для гэтага ёсьць падставы?
— Калі адказваць глябальна, то новы польскі ўрад, які прыйшоў у сьнежні, ужо зразумеў, што Лукашэнка — гэта палітык з цалкам расейска-савецкай мэнтальнасьцю і ён успрымае аргумэнты толькі тады, калі на яго ціснуць. Калі ціску няма, то ён гэта ўспрымае як слабасьць, і тады вельмі цяжка чагосьці дабіцца.
Калі гаварыць больш канкрэтна, то трыгерам для зьмены палітыкі Варшавы стала сьмерць нашага жаўнера на мяжы зь Беларусьсю. Пасьля яе атмасфэра ў польскім грамадзтве зьмянілася, грамадзтва запатрабавала ад улады больш канкрэтнай і рашучай рэакцыі. І гэта рэакцыя ёсьць, і яна працуе.
Зьявіліся выказваньні і з боку міністра замежных справаў Сікорскага, і іншых палітыкаў пра тое, што рыхтуецца рашэньне пра поўнае закрыцьцё мяжы. Па-другое, адбыўся візыт прэзыдэнта Дуды ў Кітай, падчас якога абмяркоўвалася і праблема на мяжы, якая можа адмоўна паўплываць на кітайскія інтарэсы. Можна меркаваць, што кітайцы далі нейкі сыгнал Менску, што ім не патрэбна ўскладненьне сытуацыі на мяжы.
— Як вы сказалі, прадстаўнікі новага польскага ўраду, які зьявіўся 13 сьнежня, вырашылі, што на Лукашэнку трэба ціснуць. Але з другога боку, многія кажуць, што Лукашэнка ня любіць нешта адразу рабіць тады, калі яго да гэтага актыўна публічна заклікаюць і на яго ціснуць. Маўляў, яму трэба даць магчымасьць «захаваць твар». Ён зробіць тое, што ад яго патрабуюць, але трошкі пазьней, калі сьціхне шум. Такі аргумэнт ужо ня ўлічваецца?
— Не, бо яны (новы ўрад Польшчы) ужо спрабавалі так дзейнічаць. Яны ад пачатку дастаткова асьцярожна выказваліся на беларускую тэму, але гэта не спрацавала. Пачалі патрабаваць па-іншаму — і, як выглядае, гэта дзейнічае лепш. Мы бачым, што мігранцкі ціск на мяжы апошнія тыдні зьменшыўся, тэндэнцыя відавочная. Вядома, сваю ролю выканала і тое, што Варшава здолела стварыць буфэрную зону на мяжы.
Але, мяркую, пэўны вынік прынесьлі і рэзкія заявы, і дыпляматычныя ініцыятывы Польшчы ў адносінах з Кітаем.
— Ці абапіраецца Варшава ў сваіх пагрозах перакрыць мяжу на згоду з боку сваіх суседзяў па Эўразьвязе або дзейнічае цалкам самастойна? Бо перакрыцьцё мяжы можа прынесьці эканамічныя страты ня толькі самой Польшчы, а, напрыклад, і Нямеччыне.
— Варшава самастойная ў тым пляне, што ніхто ёй ня ўказвае, як выбудоўваць адносіны зь Менскам. Але гэта ня значыць, што не адбываецца кансультацыяў і каардынацыі дзеяньняў з асноўнымі партнэрамі, асабліва зь Нямеччынай і ЗША.
Першы сур’ёзны намер закрыцьця мяжы быў у 2023 годзе, адразу пасьля таго, як у Беларусі зьявіліся вагнэраўцы. Тады ўжо рыхтавалася сумеснае зь Літвой і Латвіяй рашэньне пра закрыцьцё мяжы. Але пасьля сьмерці Прыгожына і выхаду асноўных сілаў вагнэраўцаў зь Беларусі польскі бок адышоў ад гэтага рашэньня.
Потым былі выбары ў Польшчы і часова было не да таго. Пасьля перамогі новы ўрад, як я ўжо казаў, пэўны час спрабаваў дамовіцца зь Менскам нягучна і непублічна. Аднак пасьля сьмерці польскага жаўнера ўсё зноў памянялася.
Што да кітайскага чыньніка, то празь Беларусь ідзе даволі істотны працэнт кітайскага чыгуначнага гандлю, але вельмі невялікі працэнт у агульным гандлі Кітаю з Эўропай, бо большасьць яго ідзе марскім шляхам. Так што Варшава разумее, што перакрыцьцё мяжы — гэта нашмат большая эканамічная праблема для Беларусі, а не для Эўразьвязу.
Кітаю гэта прынясе істотныя клопаты ў пэрспэктыве, а не адразу сёньня. Бо для Кітая шлях празь Беларусь — гэта частка праекту «Адзін пояс, адзін шлях». Калісьці ў гэтым праекце і Ўкраіна мела сваю ролю, але пасьля пачатку вайны ў 2022 годзе гэта пакуль не актуальна, і засталася Беларусь як асноўны транзытны калідор у Эўропу.
Таму Польшча і разьлічвае на тое, што Кітай неяк адрэагуе і дапаможа спыніць гэты міграцыйны крызіс.
— Але чаму Варшава лічыць, што калі мяжа будзе перакрытая, то Кітай палічыць вінаватым у гэтым Менск, а не Варшаву?
— Бо гэта Беларусь разам з Расеяй арганізуюць гэты мігранцкі крызіс на мяжы. Сапраўды, вельмі цяжка сказаць, што рэальна думаюць кітайцы. Аднак польскія дыпляматы, зь якімі я размаўляў, кажуць, што нібыта кітайцы ўспрынялі нашы аргумэнты.
Але з другога боку, я чуў, як міністар замежных справаў Беларусі Рыжанкоў казаў на ОНТ, што кітайцы ўспрынялі аргумэнты афіцыйнага Менску. Таму трэба будзе далей сачыць і аналізаваць, што адбываецца ў гэтым трыкутніку.
— Тым часам, як сьведчаць сацыёлягі, стаўленьне палякаў да беларусаў мяняецца ня ў лепшы бок: яно ўжо не такое добрае, як было ў 2020 годзе. На фоне таго, што краіны Балтыі прынялі рашэньне не пускаць да сябе аўтамабілі зь беларускімі нумарамі, Польшча пакуль такога рашэньня не прымала. І можна казаць, што Польшча пакуль застаецца пэўным астраўком афіцыйнай добразычлівасьці да беларусаў. Ці гэта таксама будзе мяняцца?
— Я думаю, гэта мяняецца. Мяркую, што Польшча таксама можа далучыцца да ініцыятывы не ўпускаць беларускія аўтамабілі. Калі нічога радыкальна ня зьменіцца ў адносінах зь Менскам то, думаю, так і будзе. Бо гэта таксама адзін з аргумэнтаў у спрэчках зь Беларусьсю.
Калі гаварыць пра грамадзкую думку ў Польшчы, то пасьля 2022 году, пасьля таго, як Лукашэнка дапамог Расеі ў агрэсіі супраць Украіны, падыход палякаў да беларусаў памяняўся ў адмоўны бок. І калі б не гуманітарны аргумэнт, які мы чуем з боку беларускіх дэмакратычных сілаў, магчыма, мяжа была б ужо закрытая дастаткова даўно.
— Але ж размова ідзе толькі пра закрыцьцё мяжы для гандлёвых грузаў, не для людзей?
— Не, міністар Сікорскі кажа пра закрыцьцё двух апошніх пераходаў, якія засталіся. Так што «на стале» ёсьць і плян-максымум — закрыцьцё мяжы ўвогуле.
Гуманітарны аргумэнт пакуль працуе, але ён ня будзе дзейнічаць заўсёды. Бо ў польскай палітычнай клясе ёсьць асобы, якія кажуць, што тыя, для каго існавала рэальная пагроза палітычнага перасьледу, хто хацеў выехаць зь Беларусі, ужо выехалі. І таму, маўляў, можна закрыць мяжу зусім.
Не скажу, што такая думка стала дамінаваць. Але ў любы момант можа здарыцца нешта, што падштурхне такое рашэньне. Асабліва калі адбудзецца нейкі акт дывэрсіі, у якім будуць удзельнічаць грамадзяне Беларусі. І калі такое здарыцца, то імавернасьць поўнага закрыцьця мяжы ўзмоцніцца.