Класкоўскі: Захад аддае Беларусь на з'ядзенне імперыі. І гэта каласальны выклік для дэмсіл

На носе чарговая канферэнцыя «Новая Беларусь», на якой пахваліцца дэмсілам асабліва няма чым. Чым больш часу праходзіць, тым менш даверу выклікае апазіцыя нават у прадэмакратычна настроеных беларусаў.

Прадстаўнікі Аб'яднанага пераходнага кабінета Аліна Коўшык, Валерый Сахашчык і Павел Латушка са Святланай Ціханоўскай. Фота: tsikhanouskaya.org

Прадстаўнікі Аб'яднанага пераходнага кабінета Аліна Коўшык, Валерый Сахашчык і Павел Латушка са Святланай Ціханоўскай. Фота: tsikhanouskaya.org

Яшчэ нядаўна лідары дэмакратычных сіл патэтычна выступалі за новы пакет абмежавальных захадаў супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Заклікалі да «гарманізацыі санкцый» ЕС супраць Масквы і Мінска. На справе аказалася, што ў гэтай «гарманізацыі» — каласальная «пабочка», якая ўдарыла па звычайных беларусах. У іх дадалося пакут і зняваг пры перасячэнні межаў.

Цяпер дэмлідары, іх штабы спрабуюць пераканаць еўрапейцаў, што тыя перагнулі палку. І гэта толькі адзін з галаўных боляў апазіцыйнай вярхушкі напярэдадні чарговай, III канферэнцыі «Новая Беларусь». Па многіх параметрах сітуацыя заўважна больш сумная, чым год таму, піша Аляксандр Класкоўскі на «Позірку».

Што будзе з «пашпартам новай Беларусі»?

Тады, у жніўні 2023-га, у адсутнасць магутных стратэгічных ідэй, мабыць, галоўнай фішкай II канферэнцыі стаў праект «Пашпарты новай Беларусі». Важнасць задумы ўзрасла пасля таго, як Лукашэнка сваім указам адрэзаў беларусам магчымасць атрымліваць пашпарты праз дыппрадстаўніцтвы за мяжой.

Цяпер жа «пашпарт новай Беларусі» відавочна завіс. Яго прамоўтар Валерый Кавалеўскі сышоў з Аб'яднанага пераходнага кабінета (АПК). Дэдлайны сарваныя. У скандальным кантэксце аказалася літоўская фірма «Гарсу Пасауліс», якой мелі намер аддаць друк дакумента. А галоўнае — не чуваць, каб хоць нейкая дзяржава ЕС упісалася за саму ідэю.

Яшчэ адным характэрным момантам леташняй канферэнцыі стала прыняцце «Дэкларацыі аб імкненні Беларусі да сяброўства ў ЕС». Потым на мностве сустрэч еўрапейскія палітыкі і чыноўнікі заяўлялі, што вітаюць і падтрымліваюць гэты выбар.


Глядзіце таксама

Але што мы бачым сёння? Дэ-факта Еўропа ўсё ніжэй апускае перад беларусамі «жалезную заслону». Апазіцыйным лідарам усё цяжэй даказваць Захаду, што рэжым і народ — не адно і тое ж. Узмацняюцца ўмовы выдачы віз, перасячэння мяжы, легалізацыі за мяжой. Прычым іншыя забароны выглядаюць зусім ужо недарэчнымі.

Як ударыць па рэжыме забарона на вываз гузікаў і ўнітазаў?

Цяпер Святлана Ціханоўская, іншыя дэмлідары спрабуюць давесці еўрапейскім візаві, што, напрыклад, забарона на ўезд у межы ЕС легкавых аўто з беларускімі нумарамі — пастанова паспешная і шкодная. Але наколькі ўдасца пераканаць тамтэйшых функцыянераў? Заштурхваць назад у цюбік ўжо выціснутую пасту — справа няўдзячная.

Зразумела, што ў штабах дэмсіл не жадалі і не прадбачылі такога пабочнага эфекту. Аднак тое, што здарылася, лішні раз даказвае, што на заходнія абмежавальныя меры праціўнікі рэжыму ўплываюць мала, хоць гавораць пра гэты інструмент шмат і ахвотна. Палітыка-бюракратычная машына Захаду працуе ў сваёй логіцы. І наогул чыноўнікам прасцей забіваць усе цвікі па самую плешку, не затлумляючы галовы нюансамі.

Каманда Ціханоўскай гучна дае справаздачу аб яе міжнародных кантактах, цытуе словы падтрымкі ў адрас беларусаў з вуснаў заходніх партнёраў, казырае працай кансультатыўнай групы Еўрасаюза і беларускіх дэмсіл, наяўнасцю офіса дэмсіл у Бруселі. Але атрымліваецца, што гэты офіс і не падазраваў, якія пасткі для суайчыннікаў тоіць новы велічэзны спіс абмежавальных мер? Чым тады гэтая структура там займаецца?

Відавочна, што не ў курсе непрыемных сюрпрызаў, якія рыхтаваліся для беларусаў, быў і Павел Латушка, які асабліва гучна выступае за санкцыі, з усім сваім «Народным антыкрызісным упраўленнем».


Глядзіце таксама

Неспадзяванка з «пабочкай» ад новага пакета санкцый наўрад ці дадасць папулярнасці вярхушцы палітычнай апазіцыі нават у вачах прадэмакратычна настроеных беларусаў. Ну як іх пераканаеш, што забарона на вываз гузікаў, шлапакоў або пластыкавых унітазаў з Польшчы — гэта магутны ўдар па рэжымах Лукашэнкі і Пуціна? І дзе гарантыі, што надалей падобныя перагіны будуць выключаныя?

Прычым тое, што беларусаў заціскаюць усё больш, наўрад ці спішаш толькі на эксцэс выканаўцы. Тут вымалёўваецца праблема сістэмная, канцэптуальная. Падобна да таго, еўрапейскія палітыкі, рытуальна паўтараючы загаворы аб салідарнасці, на практыцы ўсё мацней схіляюцца да таго пункту гледжання, што Беларусь страціла самастойнасць, стала, па сутнасці, правінцыяй Расіі. Карацей, знік калабухаўскі дом. А таму надзейней за ўсё адгарадзіцца «жалезнай заслонай» і ад Масквы, і ад Мінска.

Гэта значыць, рыторыка рыторыкай, а дэ-факта беларусаў замыкаюць у дыктатуры, краіну аддаюць на з'ядзенне імперыі. І гэта каласальны выклік для лідараў палітычнай апазіцыі, якія ўзяліся адвакатаваць інтарэсы суайчыннікаў перад Захадам, увасабляць ідэю еўрапейскага выбару краіны.

Так, і дзе, дарэчы, голас новага складу Каардынацыйнай рады? Такое ўражанне, што там увесь порах сышоў на барацьбу за папраўкі ў рэгламент. А столькі было пафасу, што трэба апраўдаць давер гераічна прагаласаваўшых беларусаў!

Год таму ранейшы склад КР хоць бы заслухаў перад канферэнцыяй умоўных міністраў Ціханоўскай, паказаў зародкі нейкага кантролю над яе Кабінетам. Цяпер і гэтага няма.

Наколькі рэалістычна спадзявацца на сілавы сцэнар?

На леташняй канферэнцыі была прынятая і «Дэкларацыя аб салідарнасці з народам Украіны». Тады яшчэ цепліліся надзеі на поспех контрнаступлення УСУ. Мусіравалася схема, што пасля перамогі над расійскімі агрэсарамі полк беларускіх добраахвотнікаў імя Кастуся Каліноўскага (ПКК) ушчыльную зоймецца пытаннем вызвалення роднай краіны ад дыктатуры.

Сёння становішча ўкраінскага боку ў гэтай вайне відавочна цяжэйшае, чым год таму. А з ПКК працягваюць далятаць адгалоскі ўнутраных канфліктаў. І па меры таго, як растае рамантычны арэол, усё выразней абмалёўваецца ўпарты факт: гаворка ідзе пра падраздзяленне, якое падпарадкоўваецца Галоўнаму ўпраўленню выведкі Міністэрства абароны Украіны. І, падобна, ГУР узялося там наводзіць парадак (гучыць эўфемізм пра наспелыя рэформы).

24 ліпеня ў Кіеве шэраг асоб, звязаных з ПКК, абвясцілі пра стварэнне руху «Каліноўцы». З аднаго боку, у гэтым адгалінаванні ёсць свая логіка: ну не можа вайсковая адзінка, што кіруецца ўкраінскім ГУРам, быць адначасова і беларускім палітычным цэнтрам, тым больш з прэтэнзіямі на кансалідуючую ролю.


Глядзіце таксама

З іншага боку, адзін з ідэолагаў «каліноўцаў» Вадзім Кабанчук называе новы рух «безумоўна, часткай ПКК». Але калі гэта толькі ілюзорнае раздваенне, тактычны ход, піяраўская надбудова, то што мяняецца? Калі ж рух сыдзе ў аўтаномнае плаванне, будзе сам па сабе, без мілітарнага кампанента, то як ён зможа забяспечваць сілавы сцэнар?

Ды і ў прынцыпе такі сцэнар выглядае на сёння больш чым туманнай перспектывай. Хоць у свой час ім загарэлася радыкальная частка прыхільнікаў перамен у Беларусі (усё элементарна: заходзяць сапраўдныя байцы — і АМАП з ГУБАЗіКам — у жаху разбягаюцца).

Цяпер Украіне з вялікай верагоднасцю давядзецца заключаць з Масквой перамір'е на цяжкіх умовах. Кіеву будзе ну абсалютна ні да чаго выклікаць на сябе новы агонь, спрыяючы ўзброенай барацьбе супраць рэжыму Лукашэнкі. Так што размовы пра вызваленчы паход ПКК і іншых фарміраванняў такога кшталту як мінімум неактуальныя.

У дадатак застаецца пытанне, наколькі склеяцца адносіны з «Каліноўцамі» ў каманды Ціханоўскай і іншых апазіцыйных штабоў. Ва ўсялякім выпадку, на леташняй кіеўскай канферэнцыі «Шлях да свабоды» атрымалася відавочная асечка, адчуваўся дэфіцыт ўзаемнага даверу.

Падвісае і больш агульная рыторыка пра «акно магчымасцей» для перамен у Беларусі ў выпадку паразы Расіі. Аказалася, што ў рэжыму Пуціна большы запас трываласці, чым іншыя меркавалі.

Дарэчы, на леташняй канферэнцыі «Новая Беларусь» вопытны вайсковец Валерый Сахашчык, адзін з чальцоў АПК, прапаноўваў разглядаць і той варыянт, што Расія не прайграе вайну. Але тады многім, напэўна, гэта здалося паражэнствам.

Ігнор — і ніякіх цвікоў?

Тым часам Лукашэнка намацвае магчымасці для знешнепалітычнага манеўру. Ён задумаў гульню на паўднёвым і заходнім кірунках: рытарычныя рэверансы, адвод войскаў ад украінскай мяжы, бязвіз для грамадзян 35 краін Еўропы, вызваленне групы палітвязняў. Дэмсілы могуць аказацца ў гэтай гульні толькі назіральнікамі.

Таксама кіраўнік паспрабуе абнавіць сваю легітымнасць па выніках выбараў 2025 года. І гэта таксама выклік для яго выцесненых за мяжу палітычных праціўнікаў.

На леташняй канферэнцыі была прынятая заява «Выбары 2024 года — гэта падман і імітацыя» (мелася на ўвазе кампанія фактычнага прызначэння дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы, якая прайшла ў лютым). Прасцей за ўсё, вядома, выкарыстоўваць тую ж даўбешку, памяняць год і зноў абвясціць, што выбараў у Беларусі няма, таму ігнор — і ніякіх цвікоў. Маўляў, статусу Ціханоўскай як прэзідэнт-электа нішто не пагражае.

Але легітымнасць — штука тонкая, яна — у мазгах, у яе ёсць уласцівасць знікаць. Унутры краіны пра Ціханоўскую патроху забываюць. Людзі хочуць жыць тут і цяпер. Неразумна думаць, што пад уздзеяннем санкцый яны стануць кідацца на амбразуру рэжыму.


Глядзіце таксама

Ды і для «заходнікаў» пратэсты 2020 года паступова растаюць у смузе часу. І пасля выбараў-2025 як мінімум частка тамтэйшых актараў можа прыйсці да высновы: палітычная эміграцыя нерэлевантная ўжо да такой ступені, што пара асцярожна шукаць агульную мову з тым, хто застаецца гаспадаром краіны.

Зразумела, што лягчэй накідаць у кошык дэмсіл пытанняў, чым даць на іх адказы. У баі не бывае цудаў. Чароўных стратэгій не прыдумаеш. Асабліва з улікам таго, што рэжым Лукашэнкі магутна падсілкоўваецца Крамлём. Пакуль, насуперак абмежавальным мерам, ВУП Беларусі, даходы насельніцтва растуць як на дражджах. А асечкі дэмсіл даюць козыры дзяржпрапагандзе.

Але менавіта таму на будучай канферэнцыі як мінімум варта было б абысціся без звонкага пафасу, фетышызму ў духу «санкцыі — наша ўсё». Не ўдарацца ў рапарты аб колькасці сустрэч з «заходнікамі» (ці шмат толку, калі беларусаў усё мацней дыскрымінуюць?). Пастарацца выбудаваць самакрытычную і цвярозую размову пра суровыя рэаліі. І ў рэшце рэшт — утрымацца ад далейшага сыходу ў паралельныя светы.