«Полк цяпер адстойвае свой статус, каб не растварыцца». «Каліноўцы» — пра тое, што адбываецца ўнутры палка

Ці ёсць раскол у палку Каліноўскага? Што адбываецца паміж вайскоўцамі? І як вырашаецца канфлікт?

aux_1653499011_20220523_kiev_obl_mik_kalinovskie_novobrancy_9_1_1.jpg

Полк Кастуся Каліноўскага (ПКК), які ваюе ў складзе УСУ, апошнімі тыднямі ў цэнтры ўвагі беларускіх незалежных СМІ. 19 ліпеня часовым выконваючым абавязкі камандзіра палка быў прызначаны былы беларускі вясляр, добраахвотнік Павел Шурмей (з пазыўным «Дзядзька»). Шурмей заявіў, што з красавіка 2024 года ПКК праводзіць рэформы па «паляпшэнні эфектыўнасці», працуе над тым, каб «фінансавая справаздачнасць палка была празрыстай».

Між тым, з гэтым прызначэннем пагадзіліся не ўсе байцы. 22 ліпеня ў тэлеграм-канале палка з'явілася паведамленне пра тое, што ПКК «губляе традыцыйныя элементы самакіравання» і пазбаўляецца «магчымасці паўнавартаснага набору рэкрутаў». Таксама ў публікацыі гаварылася, што Шурмей нібыта «страціў аўтарытэт сярод пераважнай большасці камандзіраў». Акрамя таго, прэс-служба заявіла, што лічыць немагчымай перадачу сацсетак ПКК «грамадзянам іншай краіны» (гаворка, верагодна, пра інтэрнацыянальны легіён ГУР Украіны, у склад якога ўваходзіць полк).

24 ліпеня экс-камандзір беларускага добраахвотніцкага падраздзялення Дзяніс Прохараў, намеснік камандзіра ПКК Вадзім Кабанчук і палітычны прадстаўнік палка Дзмітрый Шчыгельскі абвясцілі пра стварэнне на базе ПКК грамадскага руху «Каліноўцы». Брыфінг з гэтай нагоды прайшоў у Кіеве 24 ліпеня.

Чым будзе займацца новая ініцыятыва? Ці звязана яе з'яўленне з супярэчнасцямі ўнутры беларускага падраздзялення? Ці існуе канфлікт на самой справе? Што гавораць адно пра аднаго апаненты — разбіралася «Deutsche Welle».


Глядзіце таксама

Чым будзе займацца рух «Каліноўцы»?

Паводле слоў Дзяніса Прохарава, экс-камандзіра ПКК, і, як было абвешчана на брыфінгу ў Кіеве, аднаго з заснавальнікаў руху «Каліноўцы», стратэгічная мэта праекта — аб'яднанне магчымасцей і рэсурсаў ваенізаваных і грамадскіх аб'яднанняў і ініцыятыў, а таксама прадстаўнікоў дэмсіл для аднаўлення дэмакратычнага і канстытуцыйнага ладу ў Беларусі пасля спынення расійскай агрэсіі супраць Украіны.

«Тактычнай мэтай з'яўляецца ўзмацненне тактычнага і мабілізацыйнага забеспячэння палка Каліноўскага за кошт магчымасцей беларусаў — як тых, хто знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, так і тых, якія вымушаныя пакінуць радзіму», — таксама адзначыў Прохараў. У рамках руху плануецца распрацоўваць праекты тэхнічнага абсталявання ПКК сучаснымі відамі ўзбраення, каардынаваць даваенную падрыхтоўку беларусаў, «якія з'яўляюцца патэнцыйным мабілізацыйным рэсурсам для палка Каліноўскага», а таксама забяспечваць рэабілітацыю і падтрымку ветэранаў палка ў краінах Еўропы.

Палітычны прадстаўнік ПКК Дзмітрый Шчыгельскі звярнуў увагу, што стварэнне руху «ні ў якім разе не канфрантацыйнае»: «Мы накіраваныя на прадуктыўнае супрацоўніцтва з усімі інстытуцыянальнымі структурамі».

Ініцыятыва гатовая ўзаемадзейнічаць з Аб'яднаным пераходным кабінетам, Офісам Святланы Ціханоўскай, Каардынацыйнай радай.


Глядзіце таксама

Ці ёсць канфлікт у ПКК?

Журналісты пацікавіліся, ці не звязанае з'яўленне ініцыятывы «Каліноўцы» з канфліктам у ПКК, які разгортваецца апошнім часам.

Намеснік камандзіра палка Вадзім Кабанчук адказаў, што рух «Каліноўцы» быў запланаваны яшчэ пасля палітычнай канферэнцыі «Шлях да волі», якую полк Каліноўскага правёў у Кіеве напрыканцы 2023 года. Паводле яго, «Каліноўцы» лічаць сябе часткай ПКК.

«Стварэнне руху не мае ніякага дачынення да канфлікту, ды і ў прынцыпе як такога канфлікту ў нас няма», — заявіў Кабанчук.


Глядзіце таксама

Ён таксама звярнуў увагу, што ўсе байцы ПКК, якія «праходзяць службу ў рамках замежнага легіёна, знаходзяцца ў зоне баявой адказнасці, нясуць службу і паспяхова знішчаюць ворага». Кабанчук адзначыў, што палком кіруе часовы выканаўца абавязкаў камандзіра Павел Шурмей, а асноўным медыярэсурсам з'яўляецца афіцыйны сайт палка. «Вырашаецца пытанне па сацыяльных сетках, думаю, у бліжэйшы час ён будзе вырашана на карысць ПКК», — дадаў прадстаўнік падраздзялення.

Што гавораць супрацьлеглыя бакі?

Між тым, у прэс-службе палка Каліноўскага сцвярджаюць, што канфлікт унутры структуры ўсё ж ёсць, і абвінавачваюць у ім былое і цяперашняе кіраўніцтва: «Полк цяпер адстойвае свой статус, каб не растварыцца, а застацца адзінай структурай, якая працавала ўвесь гэты час».

Таксама там паведамілі, што «прэс-служба як працавала, так і працуе далей, з яе сышлі некалькі чалавек, але гэта не крытычна». DW запэўнілі, што звесткі журналістаў, якія звяртаюцца ў ПКК, у бяспецы і, акрамя службы ГУР, адказнай за прэсу, ніколі нікому не перадаваліся.

На момант публікацыі матэрыялу DW не ўдалося атрымаць каментар часовага выконваючага абавязкі камандзіра палка Паўла Шурмея — з-за ўмоў ваеннага часу гутарка ўвесь час пераносілася.


Глядзіце таксама

Аднак у інтэрв'ю тэлеканалу «Белсат» Шурмей расказаў, што рэформы, якія праходзяць у ПКК, тычацца кіравання падраздзяленнем, празрыстасці фінансавай і валанцёрскай дапамогі, рэкрутынгу, медыйнай працы і паляпшэння баяздольнасці палка. Ён таксама заяўляў, што полк не кантралюе тэлеграм-канал, у якім была размешчаная заява аб тым, што ПКК «губляе традыцыйныя элементы самакіравання».

«Хто гаворыць ад імя палка Каліноўскага пра тое, што полк страціў элементы самакіравання? Не, элементы кіравання палком імя Кастуся Каліноўскага страцілі дзве вядомыя асобы, "Мікола" і "Ваніш"», — заявіў Шурмей. Паводле яго выказвання, удзельнікі палка пад гэтымі пазыўнымі «спрабавалі ператварыць полк імя Кастуся Каліноўскага ў сваю ПВК».