Пост Новая Беларусь: што абяцалі і што (не) выканалі за год дзейныя асобы леташняй Канфэрэнцыі
На днях у Вільні стартуе ўжо трэцяя Канфэрэнцыя пад шматабяцальнай назвай. Год таму гучалі натхнёныя словы, абяцаньні і ідэі. Мы ўважліва прасачылі за тэндэнцыямі іх спраўджваньня. Што маем за год дзейнасьці шматлікіх структураў?
Выбары
Сьвятлана Ціханоўская на Канфэрэнцыі Новая Беларусь анансавала выбары ў Каардынацыйную раду ўзімку (маецца на ўвазе зіма 2023-2024), каб гэтая структура «стала сапраўдным прадстаўнічым органам беларусаў».
З адпаведнай прапановай на Канфэрэнцыі выступіў і Павал Латушка:
«Каб гэты інстытут прадстаўляў беларусаў, нам трэба ісьці на выбары. Нам трэба выбраць Каардынацыйную Раду. І для мяне дэлегат, якія ставіць мне пытаньні, я ведаю, што за яго прагаласавала 500 чалавек, а лепш тысяча, гэта ўжо ДЭЛЕГАТ. Бо я разумею, што ён прайшоў праз выбары, ён прадставіў сваю праграму, ён пераканаў сваіх паплечнікаў, за яго прагаласавалі. Ён мае права паставіць мне пытаньні. Трэба не баяцца, што мы зьбярэм на выбарах 200 тысячаў галасоў, 300 тысячаў галасоў, але гэта будуць нашыя галасы».
Што маем:
8 лютага 2024 года павінны былі скончыцца паўнамоцтвы КР ІІ скліканьня, але ўдзельнікі вырашылі працягнуць свае ж паўнамоцтвы яшчэ на пару месяцаў. Таму што могуць. І толькі 25 траўня 2024 года адбыліся выбары ў КР ужо ІІІ скліканьня. Зразумела, гэта быў поўны правал, бо апроч «дыктатарскіх схільнасьцяў» мінулага складу КР (перадусім у справе незаконнага працягу паўнамоцтваў), была страчаная магчымасьць правесьці альтэрнатыўную кампанію з лукашэнкаўскімі выбарамі ў «палатку», якія прайшлі ў тыя даты, што і былі заплянаваныя.
На мінулай Канфэрэнцыі Новая Беларусь спадар Латушка казаў пра 200 і нават 300 тысячаў галасоў. Атрымалі роўна 6723 галасы. Рытарычным выглядае пытаньне аб тым, ці дастаткова гэта для любой формы «прадстаўнічасьці». Але што маем, з тым працуем.
За больш чым два месяцы пасьля выбараў, КР ІІІ скліканьня таксама папрацавала на славу. Быў прыняты новы рэглямэнт, паводле якога сп. Латушка і спн. Коўшык атрымалі права сумяшчаць свае пасады ў АПК з «дэпутацтвам» у КР. Апроч гэтага былі абраныя на безальтэрнатыўных выбарах сьпікер і віцэ-сьпікер КР. Апошняй значнай працай стала пераабраньне непатапляльнага сакратара Івана Краўцова (відаць шмат надрукаваных візітовак захавалася ў Івана з 2020 года, не хацелася выкідваць).
Моладзевы выбух
Дарадцаю Сьвятланы Ціханоўскай у моладзевай палітыцы і студэнцтву стала Маргарыта Ворыхава. Пра гэта было абвешчана на Канфэрэнцыі Новая Беларусь-2023.
Што маем:
Маргарыта Ворыхава, відаць, чалавек з бясконцымі кампэтэнцыямі. На сёньня яна мае наступныя тытулы: «Я была і застаюся прэзыдэнткай Беларускага нацыянальнага моладзевага савету «Рада». Я займалася і займаюся прасоўваньнем моладзевых пытаньняў на розных узроўнях. Большую частку часу аддаю міжнароднай працы ў розных структурах — прадстаўляю «Раду» ў кантактнай групе Рады Эўропы і ў Каардынацыйнай радзе Эўразьвязу. Акрамя гэтага, мы прадстаўляем беларусаў на Эўрапейскім моладзевым форуме» – кажа сама пра сябе прадстаўніца новага пакаленьня беларускай палітыкі.
А яшчэ — Эўрапейскі моладзевы форум 19 лютага 2024 года ў Страсбургу абраў яе прадстаўніцай Беларусі ў Кансультатыўнай радзе па справах моладзі Рады Эўропы.
І вось нарэшце на выбарах у Каардынацыйную Раду ІІІ скліканьня Маргарыту Ворыхаву абралі ў яе новы склад.
Ці стала моладзь і студэнцтва жыць лепей пасьля прызначэньняў Маргарыты Ворыхавай – сказаць вельмі складана. Але кожны малады беларускі чалавек можа быць упэўнены – яго прадстаўляюць і ад яго імя даюць парады.
Азараў і «Перамога»
Ціханоўская абвесьціла пра звальненьне Аляксандра Азарава з Кабінэту. Пры гэтым ён працягнуў супрацу з Кабінэтам у пытаньнях, зьвязаных з плянам «Перамога» і падпольлем у Беларусі.
Што маем:
«Пасада прадстаўніка ў аднаўленьні законнасьці і правапарадку застаецца вакантнаю, прэтэндэнтаў цяпер шукаюць», паведамлялася па выніках Канфэрэнцыі Новая Беларусь-2023.
Пошукі зацягнуліся ўжо на год.
А доўгачаканы плян «Перамога», падаецца, цалкам дыскрыдытаваў сябе пасьля рассылкі перадвыбарчага спаму ад таго ж Азарава. Па выніках, меркавана былі затрыманыя людзі за рэгістрацыю ў «пляне» — нават тыя, хто даўно выдаліў сябе з чат-боту. На праўду сцьвярджаць, што тыя ці іншыя затрыманьні адбыліся праз рассылку не выпадае: такую вэрсію распаўсюджвае рэжым, верагодна, для яшчэ большай нэрваванасьці беларусаў.
Беларусізацыя
Аліна Коўшык паабяцала негвалтоўную беларусізацыю. «Без узмацненьня ролі беларускай мы не здолеем пабудаваць нацыянальную дзяржаву», – казала на Канфэрэнцыі Коўшык.
Стратэгія доўгатэрміновая. Напрыклад, дакумэнтаабарот, камунікацыю з чыноўнікамі перавесьці на беларускую плянуецца цягам пяці гадоў. Пры гэтым перавод медыяў, сістэмы адукацыі зойме больш дзесяцігодзьдзя.
Што маем:
Залатыя словы спадарыні Коўшык, аднак хацелася б удакладніць пра дакумэнтазварот і камунікацыю з чыноўнікамі: калі гэтыя праграмныя заявы датычацца часу «калі мы пераможам», дык чаму б не ўводзіць іх тут і зараз – у сваім «протаўрадзе». У афіцыйных сацсетках беларускага палітыка Сьвятланы Ціханоўскай перыядычна ўзьнікаюць допісы па-расейску.
А ў іх калегі па АПК – Вольгі Гарбуновай, а менавіта ў ейным праэкце «Аднаго вакна» сацсеткі пазбаўленыя беларускай мовы ўвогуле. Назва таксама пакідае адкрытым пытаньне, да якой юрысдыкцыі адносіцца гэтая ініцыятыва: odnookno.
Пашпарт
Валер Кавалеўскі прэзэнтаваў пашпарт Новай Беларусі. Фізічнага ўзору яшчэ няма, затое паказалі лічбавыя выявы, — пісалі тады сьведкі падзеі.
Кавалеўскі адзначыў, што ўзор дакумэнту адпавядае сучасным міжнародным стандартам. Цяпер належыць закупіць матэрыялы для вырабу фізычных узораў, якія патрэбныя для афіцыйнага прызнаньня пашпартоў, ствараецца юрыдычная асоба – прадпрыемства для поўнага суправаджэньня праэкту.
Надалей патрэбна вырабіць фізычны ўзор, даслаць яго ў Эўракамісію, потым іх будуць дасылаць у краіны ЭЗ. Адначасова распачнуцца перамовы з нацыянальнымі ўрадамі аб прызнаньні пашпарта. Плянуецца, што фізычны ўзор будзе падрыхтаваны да канца года.
Як паведаміў Кавалеўскі, за выраб і захоўваньне асабістых дадзеных, у тым ліку біямэтрычных, будзе адказная юрыдычная асоба, якую плянуецца заснаваць у Літве. Пэрсанальныя зьвесткі будуць абароненыя заканадаўствам гэтай рэспублікі. Пры гэтым пункты выдачы могуць быць у іншых краінах, не выключана, што будуць існаваць мабільныя пункты.
Што маем:
У жніўні 2023 года Валер Кавалеўскі заявіў: «Трохі больш за тыдзень таму мы прэзэнтавалі праэкт новага нацыянальнага пашпарта Беларусі. Мы ўражаныя запытам: за такі кароткі тэрмін удзельнікі апытаньня выказалі намер атрымаць больш за 57 тысячаў пашпартоў. Тысячы зь іх пазначылі, што плянуюць зьвяртацца па пашпарт ня толькі для сябе, але і разам з чальцамі сваіх сем'яў».
У лютым 2024 года Валер Кавалеўскі паведаміў, што першыя ўзоры пашпарта будуць гатовыя да канца сакавіка 2024 году. Ён адзначыў, што зь першага матэрыялу можна будзе вырабіць 30 тысяч дакумэнтаў.
У сакавіку 2024 года Аб'яднаны пераходны кабінэт паведаміў пра стварэньне «пашпартнага цэнтра» і фармаваньне «каманды прафэсіяналаў», якая будзе займацца праектам.
7 чэрвеня 2024 года Валер Кавалеўскі сказаў, што ініцыятары трапілі «ў заганнае кола: пакуль мы не знойдзем людзей — не будзе органа выдачы», а «пакуль не будзе органа выдачы — не будзе ўзораў», а «пакуль не будзе ўзораў — не будзе пачынацца размова аб прызнаньні».
Здаецца, варта было пра гэта падумаць і публічна сказаць у жніўні 2023 года, а не праз цэлы год. Тады гэта стала «галоўным пунктам» праграмы Канфэрэнцыі. Атрымліваецца, дарма займалі столькі часу летась?
Яшчэ праз пару дзён Валер Кавалеўскі ўвогуле зьнік з АПК пасьля скандалу, што разгарэўся паводле расьследаваньня — выявіліся меркаваныя сувязі літоўскай фірмы, што мелася друкаваць пашпарт, з беларускім рэжымам. Па сваіх каналах АПК і Валер Кавалеўскі выбралі менавіта яе для супрацы. Зараз літоўская пракуратура праводзіць праверку, вынікі зьявяцца неўзабаве.
А што з пашпартам: амаль ваенная таямніца.
Лабісты Беларусі
«У больш чым у 20 нацыянальных парлямэнтах створаныя дэпутацкія групы па супрацы зь Беларусьсю. Яшчэ нядаўна многія зь іх працавалі з лукашэнкаўскім парлямэнтам. Але гэты час мінуў, і мы будзем прасіць гэтыя групы стаць нашымі лабістамі па вяртаньні Беларусі ў Эўропу», — сказала Сьвятлана Ціханоўская
Што маем:
Ці то лабісты не працуюць, ці тое ўсе гэтыя дэпутацкія групы па супрацы зь Беларусьсю вяршыняй сваёй дзейнасьці маюць раз-пораз заяву, што нейкі з дэпутатаў становіцца «хросным бацькам альбо маці» беларускага палітвязьня.
Гучыць шыкоўна, але якая мэта і карысьць ад гэтага, акрамя некалькіх здымкаў з партрэтам беларускага вязьня?
Агулам да пачатку чарговай Канфэрэнцыі Новая Беларусь арганізатары, а гэта структуры Сьвятланы Ціханоўскай, прыходзяць не з самымі яскравымі вынікамі. У протаўрадзе з 7 протаміністраў няма 3. Апроч Азарава і Кавалеўскага, вось ужо амаль 2 гады шукаюць міністра замест Тацьцяны Зарэцкай.
А на саму Канфэрэнцыю будзе ня проста трапіць шэраговым беларусам з Беларусі на сваіх аўто і са сваёй ежай. Апошнія захады суседніх краінаў вымагаюць не тое што ўзгадкі пытаньня, але гучнага крыку беларускага народу.