«Новая Беларусь» або старыя песні пра галоўнае?
Дэмакратычныя сілы неўзабаве распачнуць трэцюю канферэнцыю «Новая Беларусь», да якой падыходзяць зусім не ў лепшай сваёй форме. Ці ёсць чым пахваліцца апазіцыйным структурам?
— На гэтых выхадных у Вільні пройдзе канфэрэнцыя «Новая Беларусь». Мінулая канфэрэнцыя адбылася ў жніўні летась у Варшаве. Якіх мэт з тых, што ставіліся на мінулых канфэрэнцыях, атрымалася дасягнуць? А якія мэты былі прадэклараваныя, але не дасягнутыя?
— Варта прыгадаць першую канфэрэнцыю «Новая Беларусь» у 2022 годзе, бо тады быў створаны Аб’яднаны пераходны кабінет і аднавіла працу Каардынацыйная рада. Таму можна прасачыць пэўны паслядоўны шлях ад персанальнага прадстаўніцтва да інстытуцыялізацыі дэмакратычных сіл Беларусі, — адказвае на пытанне «Свабоды» медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі.
Іншае пытанне, што Каардынацыйная рада, якая тады фармавалася шляхам кааптацыі сяброў, выглядала не зусім як прадстаўнічы орган, і ўзнікла ідэя і жаданне зрабіць яго выбарчым. Але нават тая КР магла заслухаць прадстаўнікоў Кабінета і, напрыклад, выказаць недавер Аляксандру Азараву, — і ў выніку ён быў пазбаўлены пасады ў Кабінеце.
Разам з тым, мы бачым, што гэтыя структуры ўсё яшчэ не так цвёрда стаяць на нагах. Выбары сёлета ў КР ужо новага склікання паказалі, што, па-першае, удзел у выбарах быў зусім не вялікім; па-другое, новыя сябры КР пакуль не здолелі знайсці шляхі да кампраміснай працы. Група, якая атрымала большасць, заняла там усе камандныя вышыні — і гэта робіць КР не такой цікавай пляцоўкай для абмеркавання і спрэчак.
Наступны момант — гэта рэгулярнасць працэсаў. Канферэнцыя «Новая Беларусь» паўтараецца ўжо трэці раз, у жніўні. Змены ў кадравым складзе Кабінета адбываюцца дастаткова сітуацыйна, таму тут нельга гаварыць пра рэгулярнасць.
Але на ўсё гэта грамадскасць магла б заплюшчыць вочы, калі б дзейнасць гэтых структур была эфектыўнай і давала б зразумелы вынік. А тут акурат ёсць пэўныя пытанні. Бо калі першапачаткова заяўляліся вялікія мэты, то цяпер відаць, што многія праекты нічым не завяршыліся. І цяжка сказаць, чым могуць пахваліцца тыя самыя «міністры» АПК.
Але, прынамсі, можна сказаць, што Беларусь захавалася на парадку дня міжнароднай супольнасці — у гэтым сэнсе функцыя Святланы Ціханоўскай была выкананая.
— Чаго было больш — скандалаў, супярэчнасцей і няўдач або паспяховых праектаў і перамог?
— Тут складана сказаць. Бо ёсць вялікі кірунак міжнароднай дзейнасці, у якім, у прынцыпе, многім можна пераважна ганарыцца. З другога боку, ёсць пытанне, якое канкрэтнае прымяненне гэта мае ў дачыненні да беларусаў у Беларусі ці тых, якія вымушаныя былі выехаць з краіны з палітычных прычын.
Што тычыцца іншых рэчаў, то калі лічыць, што «пашпарт Новай Беларусі» — гэта правал, то гэта рэальны правал. А калі казаць, што план «Перамога» быў фактычна перакрэслены і давер страчаны, то гэта таксама правал. Дзяленне некаторых структур, такіх як «ByPol», таксама не дадае станоўчых ацэнак.
Праводзіліся апытанні («Цэнтрам новых ідэй») наконт таго, якія структуры патрэбныя і карысныя, і там было зафіксавана, што давер да «ByPol» і «BelPol» знізіўся. Высокі давер застаецца ў палка Каліноўскага, праваабарончага цэнтра «Вясна», у «Кіберпартызанаў». І тут, вядома, ёсць такі аспект, што да розных структур падыходзяць з рознымі меркамі.
Пры тым відавочна, што сацыялагічныя апытанні ўнутры Беларусі складана правесці нават па пытанні, якія інфармацыйныя рэсурсы людзі там спажываюць — з улікам таго, што большасць гэтых рэсурсаў аб’яўленыя «экстрэмісцкімі». А тут размова ідзе пра «экстрэмісцкія фарміраванні» і нават «тэрарыстаў». Таму, натуральна, людзі не могуць свабодна выказвацца.
Аднак беларусы маюць палітыка, які валодае правам гаварыць ад імя дэмакратычных беларусаў, і гэтае права прызнаецца замежнымі краінамі. Гэта захавалася, і гэта добра.
— Ці ўзмацніліся пазіцыі і аўтарытэт самой Ціханоўскай сярод беларускай палітычна актыўнай грамадскасці за гэты год? Як выглядае сітуацыя з еднасцю антыдыктатарскіх сіл? Чаму, як падаецца, усё больш розных палітыкаў выступаюць супраць каманды Ціханоўскай? Маргінальныя ці ўплывовыя гэтыя сілы? Каго яны прадстаўляюць?
— Дынаміку аўтарытэту Ціханоўскай і яе каманды даволі складана замераць. Можна казаць, што раней сапраўды мала хто з дэмакратычных сіл наважваўся яе крытыкаваць. Я не магу сказаць, што колькасьць тых, хто крытыкуе Ціханоўскую і яе структуры, рэальна пашырылася.
Проста ў многіх узнікаюць пытанні пра яе легітымнасць, бо неўзабаве 2025 год. А на які час ёй быў выдадзены мандат прадстаўляць беларусаў? Ці задаюцца пытанні проста ў лоб: абяцала вызваліць палітзняволеных, а яны застаюцца за кратамі. Цяжка сказаць, ці ёсць такія пытанні вызначальнікам дзейнасці палітыка, які знаходзіцца па-за межамі краіны.
Магчыма, сапраўды колькасць галасоў, якія крытыкуюць Ціханоўскую, павялічылася, але магчыма таксама, што гэта проста эфект «рэха-камеры», у якой мы знаходзімся.
Ёсць іншы момант. Паколькі ўзнікае пытанне з легітымнасцю Ціханоўскай пасля 2025 года, ёсць тыя, хто гатовы нешта атрымаць для сябе ад гэтай легітымнасці. У гэтым кірунку я сапраўды чую больш выказванняў. Там можа і не гучаць крытыка непасрэдна Ціханоўскай, а размова вядзецца пра большую ролю нейкіх калектыўных структур і большыя іх прадстаўніцтва і функцыі.
Аднак тыя ж выбары ў Каардынацыйную раду паказалі, што параўнаць мандат КР і Святланы Ціханоўскай проста немагчыма.
— Сапраўды, нямала кажуць пра паглыбленне разрыву паміж беларусамі ў замежжы і беларусамі ў Беларусі. Ці вы падзяляеце такую ацэнку і што можна зрабіць, каб гэты разрыў не павялічваўся? Бо часам выглядае, што большасць намаганняў каманды Ціханоўскай накіраваныя найперш на беларусаў замежжа. Што ўвогуле рабіла і можа рабіць каманда Ціханоўскай для беларусаў у Беларусі?
— Тое, што робіцца для дыяспары — гэта навідавоку і мае практычнае значэнне. Бо каманда Ціханоўскай можа сустракацца з тымі замежнымі палітыкамі, якія прымаюць рашэнні і ўплываюць на жыццё беларусаў у замежжы.
Што да беларусаў у Беларусі, то тут такога непасрэднага ўздзеяння няма і не можа быць. Аднак Ціханоўская з'яўляецца іх голасам, і тут узнікае пытанне, ці супадае тое, што яна кажа, з тым, што хацелі б ад яе пачуць людзі ў Беларусі. Тут могуць быць спрэчкі. У нас ёсць сацыялагічныя звесткі, якія паказваюць, што пэўны давер да Святланы Ціханоўскай захаваўся, але тут шмат прадметаў для дыскусіі.
Ціханоўская і Кабінет звязаныя з праваабарончай дзейнасцю ў Беларусі, і яны прыкладаюць пэўныя намаганні, каб дапамагаць людзям, якія знаходзяцца за кратамі, і іх сем’ям. Тыя арганізацыі, якія вядуць дзейнасць непасрэдна ў Беларусі, натуральна, публічна не паведамляюць пра гэтую дзейнасць. Сёння тут ніхто публічна нічым пахваліцца не можа, але гэта не значыць, што там нічога няма.
Разрыў, пра які вы пытаеце, безумоўна, існуе. Бо беларусы ў Беларусі пазбаўленыя магчымасці палітычнай дзейнасці, не могуць публічна выказваць свой пратэст. Пераследуюць нават тых, хто ўздымае сацыяльныя пытанні, спрабуе нешта зрабіць на гэтым узроўні.
А беларусы, якія вымушана пераехалі... Шмат хто з іх страціў свой сацыяльны статус. Часам болей працуюць, болей стамляюцца, у іх застаецца менш часу на грамадскую дзейнасць. Гэта гаворыць пра розныя прыярытэты ў людзей, таму і атрымліваецца даволі істотны разрыў.