Ці азначае сыход Сахашчыка фактычнае закрыццё Аб'яднанага пераходнага кабінета?
Прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета па абароне і нацыянальнай бяспецы Валерый Сахашчык заявіў, што пакідае сваю пасаду. Пра выхадзе з Аб'яднанага пераходнага кабінета ён паведаміў у відэа, якое было апублікаванае 1 жніўня ў сваім тэлеграм-канале.
Прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета па абароне і нацыянальнай бяспецы Валерый Сахашчык патлумачыў сваё рашэнне тым, што ў Офіса Святланы Ціханоўскай «няма разумення спецыфікі» яго працы, а сама стварэнне яго пасады першапачаткова «напэўна, паслужыла данінай нейкаму палітычнаму моманту».
Сахашчык сказаў, што з часам у Аб'яднаным пераходным кабінеце нарасталі супярэчнасці, а яму «ўсё больш і больш станавілася зразумелым, што мы рухаемся кудысьці не туды», аднак яго прапановы па рэфармаванні працы Кабінета водгуку не знайшлі:
«Я быў вельмі моцна расчараваны, назіраючы, як людзі, з якімі яшчэ ўчора мы спакойна дамаўляліся, сядзелі за адным сталом, раптам сталі канкурэнтамі і практычна ворагамі. Я не ведаю, у чым сапраўдная прычына…
У чарговы раз я падаў прапанову па змене спецыфікі працы Кабінета некалькі тыдняў таму і да гэтага выставіў сваю ўмову, што калі і гэта мая прапанова не будзе належным чынам разгледжаная, то я выходжу са складу Кабінета. Святлана Георгіеўна прапанавала правесці сустрэчу напярэдадні трэцяй віленскай канферэнцыі, на якой абмеркаваць усе дэталі і прыйсці да нейкага пагаднення і далей працаваць альбо спакойна, без скандалаў разысціся. Я меркаваў, што пагадненне такое дасягнута. Але, на жаль, офіс Святланы Ціханоўскай праз падкантрольныя СМІ пачаў кампанію па маёй дыскрэдытацыі. Пасля чаго я паведаміў Святлане Георгіеўне, што сваю згоду на сустрэчу і на далейшую працу я таксама адклікаю. Не бачу ў гэтым асаблівага сэнсу», — перадае тлумачэнні Валерыя Сахашчыка «Люстэрка».
Палітолаг Павел Усаў у сваім тэлеграм-канале пракаметаваў сыход Сахашчыка і адзначыў, што гэта фактычнае закрыццё Аб'яднанага пераходнага кабінета.
— Аб’яднаны пераходны кабінет можна лічыць зачыненым. Праект, які павінен быў палепшыць якасць дзеянняў апазіцыі, на жаль, стаўся прыкладам яе няздатнасці. Як я і прагназаваў, Сахашчык выйшаў з Кабінету, чым цалкам перакрэсліў сэнс існавання АПК. Прыгадаю, што Кабінет ствараўся як вайскова-палітычны, вайсковы элемент меў ключаваю ролю. На сённяшні дзень ад вайсковага элементу нічога не засталося і наўрад ці сітуацыя зменіцца. Любы аўтарытэтны чалавек устрымаецца ад уваходжання ў гэтую структуру, бо рызыкі для ўласнага іміджу пераважаюць над імавернымі дасягненнямі. Асноўнай прычынай развалу Кабінета з’яўляецца некампетэнтнасць у яго кіраванні, кулуарнасць і інтрыгі, якія ад самага пачатку не дазволілі сфармаваць прафесійную і эфектыўную каманду.
Апошнімі днямі з’яўляецца інфармацыя, што нехта з былых каліноўцаў можа ўвайсці ў Кабінет, але гэта радыкальна нічога не зменіць і хутчэй стане мінусам для таго, хто туды ўвойдзе. Пакуль Кабінет не стане незалежнай ад Офіса структурай, яго дэградацыя будзе непазбежная.