У Каардынацыйную Раду – усёй сям’ёй! Нэпатызм – не бяда?

Ужо праз некалькі тыдняў 266 кандыдатаў на 80 месцаў у Каардынацыйнай Радзе ІІІ скліканьня высьветляць, хто ж трапіць у шэраг абраных. Сярод выбарчых сьпісаў можна заўважыць цэлыя сямейныя падрады – давайце паглядзім на такія выпадкі.

Павал Латушка і дачка Яна

Павал Латушка і дачка Яна

Калі разглядаць выбары ў Каардынацыйную Раду як выбары ў протапарлямэнт, а не, напрыклад, у ганаровыя чальцы «Шахматнага клюбу імя Фішэра», паўстае неабходнасьць прыгледзіцца, а хто ж там ідзе ў агромністай той грамадзе, як казаў клясык.

Маргарыта Ворыхава і Інэса Ворыхава (Моладзевы Наступ і Эўрапейскі выбар)


Маргарыта і Інэса Ворыхавы

Маргарыта і Інэса Ворыхавы

Маргарыта Ворыхава робіць кар’еру, якой шмат хто можа пазайздросьціць. Зусім нядаўна Маргарыта казала: «Мне 22 гады. Я была і застаюся прэзыдэнткай Беларускага нацыянальнага моладзевага савету «Рада». У «Раду» ўваходзяць 38 арганізацый розных кірункаў (культурныя, ЛГБТ, экалягічныя, адукацыйныя ініцыятывы ды іншыя).

Я займалася і займаюся прасоўваньнем моладзевых пытаньняў на розных узроўнях. Большую частку часу аддаю міжнароднай працы ў розных структурах — прадстаўляю «Раду» ў кантактнай групе Рады Эўропы і ў Каардынацыйнай радзе Эўразьвязу. Акрамя гэтага, мы прадстаўляем беларусаў на Эўрапейскім моладзевым форуме».

Апроч таго Маргарыта Ворыхава — дарадца Сьвятланы Ціханоўскай па моладзевай палітыцы і студэнцтве. А яшчэ — Эўрапейскі моладзевы форум 19 лютага 2024 года ў Страсбургу абраў яе прадстаўніцай Беларусі ў Кансультатыўнай радзе па справах моладзі Рады Эўропы.

Маргарыта Ворыхава прызнаецца, што «гэта ўсё валянтэрская дзейнасьць».

«Акрамя гэтага, я працую ў IT-кампаніі, але цяпер завяршаю там працу і пераходжу цалкам у Офіс Сьвятланы Ціханоўскай», — кажа Ворыхава-малодшая.

І вось зараз Маргарыта ідзе пад нумарам 2 у сьпісе «Моладзевага наступу».

Застаецца толькі здагадвацца, як 22-гадовая палітычная дзеячка пасьпявае сумяшчаць усе пералічаныя абавязкі? І ці застанецца ў кандыдаткі час на плённую і непрыбытковую працу ў Каардынацыйнай Радзе?  

Маці Маргарыты вылучаецца ад сьпісу Аляксандра Дабравольскага, галоўнага дарадцы Ціханоўскай, іншай дарадцай якой, нагадаем, зьяўляецца Маргарыта Ворыхава. Па словах Інэсы Ворыхавай, з 2024 года яна вядзе актыўную самаадукацыю па правах чалавека. У пятым месяцы гэтага ж 2024 года павінны адбыцца выбары ў протапарлямэнт. Спадзяемся, самаадукацыя была дастаткова плённай.

Як зазначае старэйшая спадарыня Ворыхава, яна «з 2013 года працавала ў прыватнай кампаніі спецыялістам па продажах. І разумеючы, што рэжым не прызнае свабоду слова, парушае правы чалавека, у 2023 годзе была вымушаная пакінуць Беларусь праз пагрозы палітычнага перасьледу».

Як паведамлялі праваабаронцы, 1 сьнежня 2023 года Інэсе прысудзілі 15 сутак арышту. У сувязі з гэтым прапагандысты пісалі наступным чынам: «у якасьці папярэджаньня за рассылкі і рэпост, калі яна не зразумее, то атрымае судзімасьць».

Пасьля вызваленьня Інэса Ворыхава прыняла рашэньне зьехаць зь Беларусі. Цяпер яна жыве ў Вільні: «Я баюся перасьледу. Пры гэтым хачу жыць у Беларусі. Люблю сваю краіну, але разумею, што цяпер там знаходзіцца небясьпечна».

Відаць па ўсім, Інэса Ворыхава гатовая быць прадстаўніком народа Беларусі ў Каардынацыйнай Радзе.

Павал Латушка і Яна Латушка (Каманда Латушкі і Рух “За Свабоду")

Павал Латушка і дачка Яна

Павал Латушка і дачка Яна

Назву выбарчага сьпісу спадара Латушкі можна было б крыху падправіць на «Каманду Латушкаў». Разам з кіраўніком Народнага Антыкрызіснага Ўпраўленьня і намесьнікам старшыні Аб’яднанага Пераходнага Кабінэту на месца ў Каардынацыйнай Радзе спадзяецца яго дачка – Яна Латушка.

Паводле пункту 2.8 Статуту (Рэглямэнту) Каардынацыйнай рады Беларусі, рэдакцыя якога зацьверджанная па выніках галасаваньня Каардынацыйнай рады 2 сакавіка 2023 года:

«Дэлегатам Каардынацыйнай рады не можа быць сябра Аб’яднанага пераходнага кабінэту ці яго намесьнік з правам голасу».

На сёньня, як вядома, Павал Латушка зьяўляецца тым самым сябрам Аб’яднанага пераходнага кабінэту. Дарэчы, гэтае ж пытаньне паўстае і з Алінай Коўшык, якая вылучаецца ад «Эўрапейскага выбару».

У 2022 годзе дэпартамент фінансавых рассьледаваньняў распачаў крымінальную справу ў дачыненьні да Яны Латушка. Тады паведамлялася, што яе кватэра арыштаваная. Сама Яна жыве ў Варшаве.

Яна Латушка распавядала журналістам пра балючую гісторыю яе сям’і. Яе маці, былая жонка Паўла Латушкі Натальля Рыжанкова, сёньня зьяўляецца жонкай першага намесьніка кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі, Максіма Рыжанкова.

Яна страціла кантакт з маці і старымі сябрамі, калі падтрымала пазіцыю бацькі падчас падзеяў 2020 года. «Я спадзяюся, што яна проста баіцца са мной мець зносіны ў яе становішчы, я не магу паверыць, што яна можа падтрымліваць гэтае людажэрства», – казала Яна Латушка. Аднак дзяўчына прызнаецца, што для яе будзе шокам, калі выявіцца, што маці шчыра на баку рэжыму.

Глядзіце таксама

Сяргей Жыбуртовіч і Тацьцяна Жыбуртовіч (Краіна для жыцьця)

Па зьвестках праваабарончага цэнтру «Вясна», Сяргей Жыбуртовіч быў асуджаны ў верасьні 2022 года на 15 дзён паводле артыкула 19.1 КаАП – «дробнае хуліганства».  Што яшчэ можна даведацца ў адкрытых крыніцах пра Сяргея? На момант рэпрэсіўнага выраку ён зьяўляўся афіцыйна безпрацоўным і меў сярэднюю спэцыяльную адукацыю. Апошнім часам працаваў фрэзероўшчыкам.

У 2020 годзе Жыбуртовіч таксама быў затрыманы і асуджаны да 12 сутак па «народным» артыкуле 24.23 ч.1 КаАП – «парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў».

Якія прафэсійныя навыкі і кампетэнцыі для прысутнасьці ў протапарлямэнце мае Тацьцяна Жыбуртовіч – застаецца таямніцай.

Роза Турарбекава і Павал Церашковіч (Аб’яднаньне “Наша справа”)


Роза Турарбекава і Павал Церашковіч

Роза Турарбекава і Павал Церашковіч

Роза Турарбекава нарадзілася ў горадзе Алматы, што ў Казахстане. Там жа скончыла Казахскі дзяржаўны ўнівэрсітэт і асьпірантуру. Роза – гісторык і палітоляг. З 2000 года працавала ў БДУ. Да 2020 года яе публікацыі можна знайсьці ў тым ліку на сайце газэты «Савецкая Беларусія».

У 2019 годзе, як адзначала «Наша Ніва», Роза Турарбекава была сярод топ-25 экспертаў, якіх запрашалі на прапагандысцкія каналы, разам з Гайдукевічам, Гігіным, Шпакоўскім і іншымі.

Яе муж – Павал Церашковіч, таксама гісторык, нарадзіўся ў Беларусі. Да 2014 года выкладаў у ЭГУ. Ён аўтар манаграфіі «Этнічная гісторыя Беларусі XIX — пачатку XX стагодзьдзяў». Павал з Розай былі прызначаныя ў Каардынацыйную Раду папярэдняга скліканьня. А зараз муж і жонка паспрабуюць замацавацца ў протапарлямэнце.

У разьдзеле «нашы каштоўнасьці» выбарчы сьпіс, які ўзначальвае спадарыня Турарбекава, утрымлівае ў тым ліку наступны пункт: «Разьвіцьцё беларускай культуры і беларускай мовы».

Спадзяемся, у выпадку станоўчага для сужэнцаў выніку галасаваньня, Роза Турарбекава, як прадстаўніца народа Беларусі, пачне публічна размаўляць па-беларуску.

Алена Бачыла і Дзьмітры Бачыла (“Хопіць баяцца”)

Алена і Дзьмітры Бачыла. Фота: Аляксандра Канончанка

Алена і Дзьмітры Бачыла. Фота: Аляксандра Канончанка

Алена і Дзьмітры займаюць апошнія, адпаведна 13 і 14 нумары ў выбарчым сьпісе «Хопіць баяцца». Адбыцца можа ўсё што заўгодна, але пакуль падаецца, шансаў трапіць у лік 80 абраных прадстаўнікоў народу Беларусі ў іх няма.

Сямейная пара займаецца пашывам фіранак у Варшаве. Вось што пра сябе распавядала Алена: «Ад'езд быў зьвязаны з нашай працай. Мы шылі фіранкі ў дом уладальнікаў вядомай фірмы і патрапілі пад раздачу: нас абвінавацілі ў тым, што праз нашу кампанію ішлі спонсарскія грошы для праплаты пратэстаў. Трызьненьне поўнае. Плюс муж удзельнічаў у кампаніі Бабарыкі, а сын быў у студэнцкім страйкаме.

Раней была думка, што прыйдзецца зьяжджаць з краіны, але, калі выйшаў артыкул пра нас у «Жоўтых зьлівах», мы зразумелі, што да нас могуць прыйсьці ў любы момант, — і сабралі валізкі літаральна за дзьве гадзіны».

Напрыканцы 2023 года Асацыяцыя беларускага бізнэсу за мяжой (АВВА) падвяла вынікі другога конкурсу Free Belarus Business Award. Назвалі пераможцаў у пяці намінацыях. Конкурс «Бізнэс вольнай Беларусі» фінансуе Эўразьвяз. У намінацыі «Брэнд году» перамагла кампанія Алены Бачыла. Яны атрымалі ўзнагароду ў памеры 5 тысячаў эўра.

Алена Макар і Сяргей Макар (“Закон і правапарадак”)

Сяргей Макар

Сяргей Макар

Кандыдат Сяргей Макар 15 гадоў працаваў у міліцыі – спачатку ў АМАПе, потым – у Кастрычніцкім РАУСе Горадні. У 2012 годзе ён зьехаў з Беларусі ў Швэцыю. Яго родны брат – былы баец «Алмаза» Ігар Макар, які ў апошнія гады часта трапляе ў рэзанансныя справы.

З эміграцыі Сяргей распавядаў пра фальсыфікацыі выбараў, якія адбываюцца ў Беларусі, і працаваў трэнерам па зьмешаных баявых адзінаборствах.

Вядома, што некалькі гадоў таму з Беларусі зьехала і дачка Сяргея Макара. Алена Макар мае імя па-бацьку Віктараўна і даводзіцца, відаць па ўсім, жонкай спадара Сяргея. Нават у выбарчым сьпісе яны ідуць адно за адным – пад нумарамі 5 і 6.

Патэнцыйным выбарцам, вядома, жадалася б даведацца пра патэнцыйную дэпутатку крыху больш, чым нічога: няма ніякай адкрытай інфармацыі пра дзейнасьць на карысьць Беларусі (ці хоць бы нейкую дзейнасьць) верагоднага прадстаўніка народа Беларусі.

Павінны ж быць нейкі «Закон і правапарадак».