Класкоўскі: На сёння выразнага адказу пра місію Каардынацыйнай рады няма

Палітычны аглядальнік інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандар Класкоўскі аналізуе на «Свабодзе» асаблівасьці выбараў у Каардынацыйную раду, прагназуе, як могуць скласьціся адносіны паміж КР і офісам Ціханоўскай, і перасьцерагае, каб Рада ня стала месцам для высьвятленьня адносінаў.

Выява rada.vision

Выява rada.vision

— Як ідзе кампанія выбараў у Каардынацыйную раду? Ці разварушыла яна тую частку беларускага дэмакратычнага грамадзтва, якая захоўвае інтарэс да палітыкі?

— Ва ўсялякім разе, відавочна, што сярод палітычнай эміграцыі пэўны варушняк назіраецца. У гэтым працэсе бяруць удзел даволі яркія фігуры, якія ствараюць інфармацыйныя нагоды і спрыяюць росту зацікаўленасьці.

Аднак я мяркую, што калі б гэта зладзілі своечасова, у лютым, разам з адзіным днём галасаваньня ў Беларусі, то эфэкт быў бы відавочна большы. Папярэдні склад Каардынацыйнай рады ня мог знайсьці паразуменьне з офісам Ціханоўскай, у выніку сарвалі тэрміны выбараў.

Другі момант — каманды вельмі пярэстыя. Відавочна, што ствараюцца сытуацыйныя кааліцыі — проста таму, што трэба было скласьці сьпісы. Выклікае пытаньні і гендэрная квота — як мне падаецца, у некаторых сьпісах адбыўся штучны пошук кандыдатаў паводле полавай прыкметы.

Таксама варта адзначыць, што незалежна ад таго, наколькі прывабныя праграмы і імёны тых, хто балятуецца ў КР, многіх неабыякавых людзей у Беларусі будзе стрымліваць банальны чыньнік страху. Сілавікі стваралі розныя фальшывыя боты, і некаторыя беларусы ў гэтую пастку трапляліся. Таму перасьцярога будзе многіх у Беларусі стрымліваць. Бо прагаласаваць і сесьці ў турму — ня самая прыемная пэрспэктыва. І колькі б арганізатары ні пераконвалі, што ўсё надзейна — думаю, многія будуць баяцца галасаваць.

— Ужо зараз ідуць дыскусіі, што ў выніку выбараў можа адбывацца нейкае перацягваньне коўдры паміж КР і офісам Ціханоўскай. Што КР можа палічыць сябе больш легітымным органам, асабліва пасьля 2025 году. Ці бачыце вы такую небясьпеку?

— Наконт легітымнасьці. У свой час Андрэй Ягораў, сьпікер цяперашняга складу КР, сказаў, што плянка ў 100 тысяч удзельнікаў галасаваньня будзе добрым паказчыкам. Потым ён сам зьнізіў гэтую плянку да 50 тысяч. 50 тысяч — гэта трошкі менш за 1 працэнт беларускіх выбарнікаў, таму гэтая легітымнасьць будзе даволі ўмоўная. У любым раскладзе гэта ня будзе столькі, колькі галасоў набрала ў 2020 годзе на прэзыдэнцкіх выбарах Сьвятлана Ціханоўская.


Глядзіце таксама

Але момант нейкай канкурэнцыі можа ўзьнікнуць. Некаторыя камэнтатары мяркуюць, што невыпадкова Павал Латушка склаў такі сур’ёзны сьпіс кандыдатаў ад свайго блёку. І над праграмай яны папрацавалі даволі грунтоўна. Увогуле, усяго некалькі блёкаў грунтоўна падышлі да сваіх праграмаў.

Магчыма, каманда Ціханоўскай падзяляе думку, якая існуе сярод некаторых аналітыкаў, што Павал Латушка як амбітны і харызматычны чалавек, які раней нярэдка крытыкаваў атачэньне Ціханоўскай, хоча замацаваць за сабой КР як дадатковы палітычны пляцдарм.

Так ці іначай, 2025 год будзе пэўным сымбалічным рубяжом, у тым ліку і для замежных партнэраў беларускіх дэмакратычных сілаў. Магчыма, у такой сытуацыі можа ўзьнікнуць размова, што легітымнасьць Ціханоўскай не бясконцая. КР можа стаць арэнай для палітычнай барацьбы паміж рознымі гульцамі ў лягеры палітычнай эміграцыі. І, магчыма, каманда Ціханоўскай спахапілася, і таму быў сфармаваны сьпіс Дабравольскага, каб не саступіць пазыцыі і мець дастатковы ўплыў у КР.

— Новы склад КР, адрозна ад папярэдніх, можа абапірацца на большую легітымнасьць, атрыманую ў выніку выбарчага працэсу.

— Так, калі аналізаваць праграмы выбарчых блёкаў, то варта зьвярнуць увагу на тыя тэзісы, што трэба клапаціцца пра тое, каб не апускалася жалезная заслона на Беларусь, каб не ізаляваць беларусаў у дыктатуры, не адсякаць сувязі з Эўропай.

Але мне не зусім зразумела, што можа тут даць КР. Офіс Ціханоўскай і Пераходны кабінэт па гэтых пытаньнях робяць даволі шмат высілкаў. І што тут можа дадаць КР зь яе пакуль ня вельмі зразумелымі паўнамоцтвамі? То бок ці не пагоня гэта за нейкімі віртуальнымі магчымасьцямі, якія вельмі далёкія ад рэальных?

Можа, наадварот, КР стане пляцоўкай для разнабою. Калі, напрыклад, там зьявіцца даволі моцная апазыцыя да Ціханоўскай, дык тыя ж замежныя партнэры ня будуць ведаць, каго найперш слухаць.


Глядзіце таксама

— Аднак даволі шмат людзей вырашылі балятавацца ў КР, нягледзячы на рэпрэсіі ўладаў. І чаму ўлада рэагуе так нэрвова на выбары ў гэты «віртуальны» орган?

— Лукашэнка вельмі хваравіта ставіцца да гэтага, бо ягоная псыхалягічная траўма 2020 году дасюль працягваецца. Яму сьвярбіць і баліць пытаньне легітымнасьці, і ён, з аднаго боку, прыніжае «беглых», але, зь іншага боку, вельмі сочыць за гэтай актыўнасьцю.

Усё ж галоўнае пытаньне — якія паўнамоцтвы будзе мець КР. Калі яна стане толькі месцам высьвятленьня адносінаў паміж рознымі гульцамі, то наўрад ці гэта будзе цікавіць ня толькі беларусаў унутры краіны, але і беларусаў у эміграцыі.

На сёньняшні дзень выразнага адказу пра місію КР няма. Ад дзеяньняў тых, хто туды трапіць, залежыць, ці знойдуць яны адказ, навошта патрэбная Рада і які плён яна прынясе. Калі КР акажацца зубастая, то гэта можа стварыць офісу Ціханоўскай пэўны дыскамфорт. Але важна, каб гэта не ператварылася ў сваркі і перацягваньне канату.