(Не) легітымная Каардынацыйная Рада — яно нам трэба?

Напрыканцы траўня арганізатары выбараў у Каардынацыйную Раду заклікаюць аддаць голас за той ці іншы сьпіс. Што гэта за структура — клюб аматараў ці, як кажуць самі ўдзельнікі – «протапарлямэнт»? Нарэшце разьбярэмся.

Фота: Павел Хадзінскі

Фота: Павел Хадзінскі

Для тых, хто не асабліва сачыў за падзеямі, хутка нагадаем: 19 жніўня 2020 года Сьвятлана Ціханоўская прызначыла склад КР, які меўся, пры нагодзе, удзельнічаць у перамовах з рэжымам Лукашэнкі. Перамоваў не адбылося, некаторыя ўдзельнікі Рады апынуліся за кратамі, некаторыя – у эміграцыі.

Ці рабіла нешта КР да лютага 2023 года – таемная таямніца, але тады было вырашана «абнавіць» яе склад і прызначыць у дадатак да тых, хто лічыўся ў сьпісе з 2020 года, новых людзей. Такім чынам лік прызначаных (не абраных, вядома) павялічыўся недзе да 120 чалавек. У лютым 2024 года павінны былі скончыцца паўнамоцтвы КР ІІ скліканьня, але ўдзельнікі вырашылі працягнуць свае ж паўнамоцтвы яшчэ на пару месяцаў. Таму што могуць. 25 траўня 2024 года павінны адбыцца выбары ў КР ужо ІІІ скліканьня.

Павал Латушка ў лютым 2024 года заявіў:

«Мы можам дыскутаваць колькі заўгодна, але праблема ў тым, што 8 лютага Каардынацыйная Рада губляе свае паўнамоцтвы. Год скончыўся. Каардынацыйная Рада ўзяла на сябе абавязак выпрацаваць сістэму выбараў, але не ідзе на кампраміс. Нават зараз ёсьць пытаньні да яе легітымнасьці, а 8 лютага легітымнасьць заканчваецца. І што мы робім далей?»

«Протапарлямэнт»

3 траўня 2024 года Сьвятлана Ціханоўская і Рабэрта Мэтсола падпісалі  дакумэнт аб супрацоўніцтве паміж беларускім дэмакратычным рухам і Эўрапейскім парлямэнтам. У дакумэнце адзначаецца, што, увага:

«Аб’яднаны Пераходны Кабінэт Беларусі і Каардынацыйная Рада павінны разглядацца міжнароднай супольнасьцю як прадстаўнікі народа Беларусі».

Вось так, ня больш, ня менш, нам абвешчана, што Каардынацыйная Рада прадстаўляе народ Беларусі.

Дамо слова Андрэю Ягораву, які ў КР ІІ скліканьня меў пасаду «сьпікера», а сёлета балятуецца зноў. У сакавіку 2023 года ён казаў:

«Гэтыя людзі (дэпутаты, ці дэлегаты КР – заўвага аўт.) нікога не прадстаўляюць, акрамя сваіх арганізацый і тых мэтавых групаў, якія выказваюць давер гэтым арганізацыям. Гэта менавіта так. Гэтая прадстаўнічасьць абмежаваная прынцыпам дэлегаваньня самога сябе».

Згадзіцеся, заява больш чым красамоўная, і як жа яна супярэчыць таму, як спрабуюць «прадаць» людзям легітымнасьць Каардынацыйнай Рады.

«Навошта мне ісьці галасаваць?» – задаюць пытаньне на афіцыйным сайце КР, і адразу даюць адказ:

«Легітымнасьць Каардынацыйнай Рады прызнана міжнароднай супольнасьцю». Ці прызнана яна беларусамі, відаць, пытаньне другаснага парадку.

Спадарыня Алена Жываглод, якая праслужыла віцэ-сьпікерам КР ІІ скліканьня і добрасумленна сыйшла з Рады пасьля сканчэньня паўнамоцтваў 8 лютага 2024 года, заяўляла: «Я верыла і да гэтага часу веру ў гэтую канфігурацыю — прэзідэнт, кабінэт як протаміністры і КР як протапарлямэнт. Але трэба падрабязна тлумачыць беларусам, навошта ім удзельнічаць у будучым галасаваньні: так яны могуць паўплываць на стратэгію палітыкаў».

Фота: Павел Хадзінскі

Фота: Павел Хадзінскі

Аляксандар Мілінкевіч, былы кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2006 года, а на сёньня дарадца спадарыні Ціханоўскай, надоечы заявіў: «Прадстаўленьне ж Каардынацыйнай Рады як нібыта парлямэнта — гэта небясьпечна, гэта інфантыльная гульня ў палітыку. Зараз выбіраць парлямэнт у прынцыпе немагчыма, бо ў Беларусі мы не правядзем выбараў… Гэта можа быць прадстаўнічы орган грамадзянскай супольнасьці… І прадстаўнічым, дарадчым органам гэта можа быць.

Слова «парлямэнт» трэба проста забыць, бо парлямэнт прызначае ўрад. У нас які ўрад можа быць? Бюджэту ў яго няма, паўнамоцтваў няма. Я лічу, што нават такі рэглямэнт КР правакуе на тое, што будзе ў выніку змаганьне. Не ўсе хочуць у Каардынацыйнай Радзе змагацца з Ціханоўскай, але пэўныя людзі (напэўна, тыя, што пісалі гэты рэглямэнт, я нават не ведаю, хто) зьбіраюцца гэта рабіць».

Сама протапрэзідэнт у кастрычніку 2023 года выказвалася пра КР менавіта як пра «протапарлямэнт»:

«Я радая, што ў дэмакратычных сілах нарэшце зьявілася выразная і празрыстая структура. Гэта Каардынацыйная Рада як пратапарлямэнт. Гэта Аб'яднаны Пераходны Кабінэт як протаўрад. Ёсьць каардынацыя і ўзаемная падсправаздачнасьць».

Пры гэтым Яраслаў Бекіш, дэпутат Каардынацыйнай Рады ІІ скліканьня, раней адзначаў: «Калі ўсе падпарадкоўваюцца Лукашэнку ці Ціханоўскай – гэта не палітыка, а адміністратыўная вертыкаль».

Легітымнасьць

«Аб'яднаны Пераходны Кабінэт ствараўся паралельна з рэформай Каардынацыйнай Рады. Гэта ўсё легітымізуецца рашэньнямі Канфэрэнцыі “Новая Беларусь”, дзе рэфармавалася структура адносінаў унутры дэмакратычных сілаў. Ствараўся протавыканаўчы орган і протапрадстаўнічы орган у выглядзе Каардынацыйнай Рады» – кажа сьпікер былога складу КР Андрэй Ягораў.

Цікавая вымалёўваецца карціна, калі орган выводзіць сваю легітымнасьць з рашэньняў Канфэрэнцыі, якая прадстаўляла: Офіс Ціханоўскай, палітычныя партыі, НДА, журналістаў... Але не «народ Беларусі».

Сайт Сьвятланы Ціханоўскай рашуча заяўляе, што «Каардынацыйная Рада зьяўляецца адзіным прадстаўнічым органам беларускага дэмакратычнага грамадзтва. Яна дзейнічае на падставе асноватворчых прынцыпаў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь». Не ўдакладняецца, якая дакладна Канстытуцыя маецца на ўвазе, бо Лукашэнка з 1994 года шмат разоў рабіў зь яе праграму для цырка. Зрэшты, у апошняй рэдакцыі лукашэнкаўскай канстытуцыі ёсьць і Усебеларускі народны сход. Але гэта, відаць, ужо адступленьне.

Глядзіце таксама

«Хоць нейкія»

«І ўсё роўна выбары ў КР патрэбныя, — лічыць аналітык Вадзім Мажэйка, — У першую чаргу для легітымізацыі — для протапарлямэнту яна магчымая толькі праз выбары. Хоць нейкія. Прызначэньне, як АПК, тут не спрацуе».

Андрэй Ягораў падкрэсьлівае: «Нашая легітымнасьць грунтуецца на даверы звычайных грамадзянаў Беларусі, якія выказваюць пэўнай структуры сваю падтрымку. Колькі ёсьць гэтага даверу — столькі ёсьць і легітымнасьці».

Будзем галасаваць?

На думку аналітыка Рыгора Астапені, выбарчая кампанія ў Каардынацыйную раду 2024 года скіраваная толькі на беларусаў замежжа.

«Ніхто ўжо не разьлічвае, што нехта з жыхароў Беларусі будзе галасаваць на выбарах у Каардынацыйную Раду. Але калі гэта выбары толькі для дыяспары, гэта таксама нейкая нармальная кампанія па яе мабілізацыі», – заўважае аналітык.

Пры гэтым Рыгор Астапеня не перабольшвае ролю Каардынацыйнай Рады і не разглядае яе як протапарлямэнт: «Гэта вялікае пытаньне адносна таго, ці правільная была гульня ў «давайце мы будзем протадзяржавай». У доўгатэрміновай перспэктыве гэта не спрацавала».

Глядзіце таксама

Сем месяцаў таму Сьвятлана Ціханоўская казала:

«Выбары ў Каардынацыйную Раду могуць стаць альтэрнатывай псеўдапарлямэнцкім выбарам, якія праводзяцца рэжымам. Мы ў выбарах Лукашэнкі не ўдзельнічаем — яны незаконныя. Але мы павінны выкарыстоўваць гэта як магчымасьць расказаць пра нашую альтэрнатыву. Правесьці грамадзка-асьветніцкую кампанію, прасоўваць сваё бачаньне новай Беларусі, паказаць кантраст з тым, што прапануе рэжым».

Заява добрая, але ўсё скончылася на пятым яе слове – «могуць». Як бачым, не змаглі. Чаму сапраўды было не скарыстаць магчымасьць узьдзейнічаць на беларусаў падчас выбарчай вакханаліі Лукашэнкі – вялікае пытаньне. Затрымка на амаль чатыры месяцы – амаль правал.

Блёгер, былы палітвязень Сяргей Пятрухін выказаўся пра КР наступным чынам: «Навіны пра Каардынацыйную Раду ніякай цікавасьці не выклікаюць. Я іх не ведаю, чаму яны гавораць ад майго імя — я не разумею. Яны ўздымаюць гендарныя пытаньні. Гэта выглядае ў маім разуменьні расьпілам грошай».

«Мы будзем рады любой колькасьці тых, хто прагаласуе»

Памятаеце, напачатку мы зьвярнулі ўвагу на дакумэнт, які ўжо падпісаны Ціханоўскай і Мэтсолай: «Каардынацыйная Рада павінна разглядацца міжнароднай супольнасьцю як прадстаўнікі народа Беларусі».

Словы занадта сур’ёзныя, каб пакінуць іх без належнай увагі.

Сьпікер той самай Каардынацыйнай Рады ІІ скліканьня Андрэй Ягораў у красавіку гэтага года заявіў:

«Мы арыентуемся на дзясяткі тысячаў людзей, якія могуць узяць удзел у гэтым галасаваньні. Гэта шмат у чым будзе залежыць ад мабілізацыйнай кампаніі, інфармацыйнай кампаніі і кампаніі па адукацыі, якія будзе рабіць Каардынацыйная Рада для выбарцаў у Беларусі і за межамі Беларусі, а таксама ад саміх кандыдатаў, якія будуць удзельнічаць у выбарах.

Калі гэта будуць яскравыя асобы, новыя ідэі, новыя стратэгіі, калі будуць яскравыя дэбаты паміж імі, калі гэта будзе разгортвацца публічна ў СМІ, то ў гэтым сэнсе мы можам разьлічваць на 50 тысячаў і больш удзельнікаў гэтых выбараў.

Парога яўкі на выбарах у КР ня будзе. Такая опцыя можа дапускацца нават для выбараў у сапраўдны парлямэнт. А КР такім не зьяўляецца. Мы будзем рады любой колькасьці тых, хто прагаласуе».

А зараз крыху забаўляльнай матэматыкі. Па падліках сацыялёга Генадзя Коршунава, з Беларусі пасьля 2020 года выехала каля 500-600 тысячаў чалавек як у заходнім, так і ўсходнім кірунках.

50 тысячаў, заяўленых былым сьпікерам і арганізатарам выбараў, складае такім чынам каля 10% ад колькасьці беларусаў, якія пакінулі Беларусь, альбо каля 0.5% ад агульнай колькасьці насельніцтва Беларусі.

І гэта па аптымістычных прагнозах спадара Ягорава. А калі тых, хто прагаласуе, будзе 20 тысячаў? Ці 5 чалавек (парога яўкі, як памятаем, няма)?

Пра які «прадстаўнічы орган народа Беларусі» можа весьціся гаворка?