Мажэйка: З падрыхтоўкай выбараў у Каардынацыйную раду вялікая праблема
Агульныя словы – гэта яшчэ добра, але найлепш пераканаўчыя тлумачэнні, кажа палітолаг Вадзім Мажэйка пра складаны і не вельмі зразумелы пакуль механізм выбараў у Каардынацыйную раду.
Каардынацыйная рада апублікавала інструкцыю галасавання ды праграмы кандыдатаў. Палітычны аналітык Вадзім Мажэйка каментуе падрыхтоўку да выбараў у гэты орган. З ім размаўляе карэспандэнт Радыё Рацыя Улад Грынеўскі.
— Выбары ў Каардынацыйную раду 25 траўня, а да гэтага часу няма нейкага канкрэтнага механізму, як гэтае галасаванне будзе адбывацца. Ці сапраўды вы бачыце гэтую праблему, ці я нешта сабе надумаў?
— Сапраўды, з падрыхтоўкай выбараў у Каардынацыйную раду вялікая праблема, бо, па-першае, гэтыя выбары ўвогуле адбываюцца занадта позна, бо яшчэ мінулай восенню гэта абмяркоўвалі, і я ж у тым ліку ў Каардынацыйнай радзе публічна казаў, што гэта трэба падрыхтаваць прынамсі да лютага, каб правесці ў адзін час вось з гэтай выбарчай кампаніяй уладаў Беларусі. Каб гэта была такая вось карцінка і зразумелая альтэрнатыва. Гэта дапамагло б Каардынацыйнай радзе і больш медыя прыцягнуць.
Але ў выніку яны казалі, што не могуць зрабіць, няма сілаў, не дамовіліся, няма рэсурсаў, каб зрабіць нармальную кампанію. Але, як бачым, адкладанне кампаніі з 20-ых дзён лютага на 20-ыя дні траўня — фактычна на тры месяцы — яно не тое, каб дапамагло падрыхтавацца. Бо, на вялікі жаль, сапраўды выбары мусяць адбыцца 25 траўня, праз адзінаццаць дзён, дагэтуль загалоўкі ёсць.
Але калі пачытаць тое, што называецца інструкцыяй, мы бачым на сайце Каардынацыйнай рады толькі расповед, як усё будзе бяспечна.
— Агульныя словы, захаванне персанальных звестак, для ўсіх кругоў галасавання будзе дэталёвая інструкцыя, як выканаць лічбавую гігіену, каб засцерагчы тых, хто ўнутры Беларусі і тых, хто ездзіць у краіну. То-бок такія агульныя словы.
— Так, агульныя словы – гэта яшчэ добра, але лепш пераканаўчыя тлумачэнні, як сапраўды, каб было бяспечна. Гэта каб быў рэальны прыклад, а як жа будзе адбывацца галасаванне? І дагэтуль гэтага рашэння няма.
І ў гэтым сэнсе я тут бачу, можа, трохі што ў не той бок пайшла праца, як Каардынацыйная рада займаецца выбарамі. Яны, канешне, стварылі незалежную выбарчую камісію, якая, як я разумею, нікога не слухае, але яны пайшлі на юрыдычнае кручкатворства. Мне тут прыгадваецца гісторыя з падвоенымі прозвішчамі.
— Прозвішчы меліся быць так, як у пашпарце. Калі, напрыклад, палітыка ведаюць як Аліну Коўшык, то гэта мае быць у спісе як Аліна Коўшык, а не Аліна Коўшык з падвоеным прозвішчам.
— Так, безумоўна. Проста сітуацыя з Алінай была вынесена ў публічнае поле, але там былі і іншыя ўдзельніцы з падвоеным прозвішчам. З улікам таго, што па зразумелых прычынах, ніхто не можа звярнуцца ў беларускія афіцыйныя органы, каб ім замянілі пашпарты на актуальныя, каб прыбраць падвоенае прозвішча. Проста тэхнічна зараз іншага інструмента няма.