ByPol: Рэжым Лукашэнкі вярбуе палякаў для правакацыі ў Варшаве 19 траўня
Прадстаўнікі арганізацыі былых сілавікоў перадалі інфармацыю ў праваахоўныя органы Польшчы.
Спецслужбы рэжыму Лукашэнкі «вербуюць этнічных палякаў» для правядзення правакацыі 19 траўня ў Варшаве канферэнцыі дэмакратычных сілаў Беларусі, паведамляе арганізацыя былых сілавікоў ByPol са спасылкай на свае крыніцы.
«Мы перадалі ўсю наяўную ў нас інфармацыю ў праваахоўныя органы Польшчы для прыняцця адпаведных мер па забеспячэнні бяспекі ўдзельнікаў», — паведамляецца ў рэлізе, які цытуе «Позірк».
У праграме «Вялікай палітычнай канферэнцыі 2024: выбары ў Каардынацыйную раду» запланаваныя выступы лідэраў палітычных сіл (прадстаўленне стратэгіі, сцэнары зменаў, вяртанне міжнароднай дапамогі, вызваленне палітвязняў).
На думку былых сілавікоў, выбары ў КС з'яўляюцца «важным крокам» на шляху да дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі, таму «дыктатарскі рэжым [Лукашэнкі] будзе прыкладаць усе магчымыя намаганні, каб сарваць іх правядзенне».
Выбары ў Каардынацыйную раду пачнуцца 25 траўня і працягнуцца 3 дні — да 23:59 27 траўня. Першае паседжанне КС трэцяга склікання чакаецца 15 чэрвеня.
Усяго да выбараў у КС дапушчаны 12 кааліцый. Улады прызналі іх «экстрэмісцкімі фарміраваннямі».