Хто гэтыя людзі? Былыя БРСМавец і ГУБАЗіКавец, грамадзянка Казахстану – лідары сьпісаў на выбары КР ІІІ скліканьня

Амаль тры месяцы таму скончыліся паўнамоцтвы Каардынацыйнай Рады ІІ скліканьня, якія на наступны дзень былі ёю ж працягнутыя. Нарэшце беларускія выбарцы дачакаліся перадвыбарчай кампаніі. Сёньня былі агучаныя лідары 13 сьпісаў, што будуць адчайна змагацца за нашыя галасы на выбарах 25 траўня 2024 года. Пакуль вядомыя толькі кіраўнікі. Што гэта за людзі?

Фота: Павел Хадзінскі

Фота: Павел Хадзінскі

На 80 месцаў у органе, які называе сябе «протапарлямэнтам», прэтэндуе 280 чалавек, што азначае конкурс у 3,5 чалавекі за запаветны фатэль протадэпутата ці протадэпутаткі.

Нагадаем, адзін са шматлікіх скандалаў, зьвязаных з дзейнасьцю КР і арганізацыяй выбараў, датычыцца так званых «гендарных квотаў». На практыцы кожны выбарчы сьпіс абавязаны мець ня меньш за 40% жанчынаў, выключэньне робіцца толькі для спецыялізаваных сьпісаў – датычных да сілавога блёку.

Падаецца, ледзьве не кожнай жанчыне прыйдзецца яшчэ даказаць, што яна прысутнічае ў сьпісе таму, што яна добры спэцыяліст, а не таму, што жанчына. Зрэшты, правілы прыдуманыя і прынятыя, і гульня будзе весьціся паводле іх. Пяройдзем да лідэраў 13 выбарчых сьпісаў.

«Хопіць баяцца» (Тацьцяна Мартынава) — 14 чалавек у сьпісе

Тацьцяна Мартынава некалі валодала ў Менску барам «Пятніца», але яшчэ ў ліпені 2020 года, да выбараў, была вымушаная зьехаць з радзімы. Сёньня яна — расейскамоўная блёгерка якая жыве ва Ўкраіне. Яна лічыць, што з беларусамі трэба размаўляць не па-беларуску, а па-расейску, бо большасьць беларусаў самі зараз размаўляюць па-расейску, і той, хто хоча, каб яго пачулі, мусіць сыйсьці да ўзроўню гэтай большасьці.

У ліпені 2023 года яна заявіла (у арыгінале жанчына кажа прынцыпова па-расейску, але мы ўзялі рызыку перакласьці яе прамову на родную мову): «У мяне ёсьць час адказаць і мяне ніхто не заткне? Вельмі істотна разумець: праца з рэальнасьцю. Сёньня ў Беларусі, усярэдзіне, людзі размаўляюць на расейскай мове. Практычна ўсе. Ну, там ёсьць 11%.

І вось гэтая частка беларусаў, якая можа, дзякуючы іншай інфармацыйнай палітыцы дзяржавы, гэта ўздымаць на сьцяг. Не тое, каб "ах, у цябе іншы сьцяг — на табе дрэўкам па башцы!". Таму што ў нас гэта ўжо было — беларусы гэта не прынялі. На гэтым згарэў Пазьняк – забіў Шушкевіча, якога, калі б мы выбралі, мы б якраз-такі “рухаліся” ў іншы бок значна хутчэй. І сёньня з гэтымі людзьмі трэба размаўляць. Тыя, якія ўнутры краіны. Таму што зь імі гаворыць расейская прапаганда на мове, якая ім зразумелая. А мы тут такія: вось ты размаўляеш на расейскай — ты лайно. Пачакайце, хлопцы! Так нельга! Трэба вельмi акуратна гэта рабiць. І я размаўляю на расейскай мове, таму што, а хто, акрамя мяне сёньня з «шаноўнага змагарства» «цэ робіць»?».

Хопіць баяцца беларускай мовы, шаноўная Тацьцяна Мартынава.

«Голас дыяспараў — Адзінства па-над межамі» (Раман Кісьляк) — 13 чалавек у сьпісе

Раман Кісьляк

Раман Кісьляк

Раман Кісьляк у Беларусі займаўся праваабарончай дзейнасьцю перадусім у Берасьці, змагаўся супраць Акумулятарнага завода ў гэтым горадзе і ўваходзіў у лік лідэраў Руху «За Свабоду!». Як убачым ніжэй, гэтая арганізацыя выстаўляе свой сьпіс, але Раман вырашыў ісьці асобнай калёнай.

Як нядаўна заяўляў Раман, «Каардынацыйная Рада павінна адыграць асноўную ролю ў вяртаньні сапраўднай Канстытуцыі, бо ў прынятым Статуце яна сфармулявала сваю мэту: незалежная дэмакратычная Беларусь, узноўленая ў адпаведнасьці з асноўнымі прынцыпамі канстытуцыяналізму».

Гучыць сур’ёзна, але не вельмі зразумела, якім чынам і чаму гэта павінна павінна адбыцца.

Раман жыве ў Грузіі, дзе спрабуе дапамагаць іншым беларусам. У адным з інтэрвію Раман Кісьляк казаў:

«Я разумею, што меў на ўвазе Віктар Бабарыка, калі казаў, што перамогу ў нас ніхто не скрадзе. Ім не ўдалося і не ўдасца гэтага зрабіць. Так, нас выштурхнулі з краіны. Але я, як і большасьць, лічу, што мы не на эміграцыі, а ў часовай эвакуацыі. І мы абавязкова вернемся».

«Моладзевы наступ» (Лізавета Пракопчык) — 15 чалавек у сьпісе

Лізавета Пракопчык

Лізавета Пракопчык

Ня так даўно моладзевая арганізацыя «Рада» шукала генэральную сакратарку. Сёлета 1 сакавіка знайшлі Лізавету Пракопчык на гэтую адказную пасаду, і вось яна – лідэр сьпісу на выбары ў КР ІІІ скліканьня.

Адзначым, што і сярод прызначаных протадэпутатаў КР ІІ скліканьня Лізавета таксама прысутнічала. Дамо слова Лізавеце:

«Я пачынала як студэнцкая актывістка яшчэ ў 2018 годзе. Увогуле гэта неяк заўсёды было са мной: я хацела нешта рабіць, а паўсядзённыя задачы мне падаваліся занадта сумнымі. Моладзевы сектар з галавой пакрывае ўсе мае жаданьні ў прыгодах апошнія 5 гадоў.

Праз свой актывізм я так і не скончыла ўнівэрсітэт, і яшчэ засталася вінная дзяржаве, але гэта ніяк не паўплывала на маё жаданьне працягваць працаваць на карысьць моладзі і Беларусі.

Канешне ж, маёй асноўнай мэтай будзе дапамагчы беларускай моладзі не згубіцца ў перыпетыях палітычнага крызісу. Не даць палітычнаму рэжыму ў Беларусі альбо дзяржаўным межам стаць паміж жаданьнем лепш разумець адно аднаго, разьвівацца, дапамагаць».

Паўгады таму Лізавета выступала за адыход ад традыцыйнай сістэмы галасаваньня:

«Напэўна, нам давядзецца ахвяраваць гэтай празрыстай сістэмай, дзе адзін выбаршчык — адзін голас. Нашай галоўнай задачай будзе проста берагчы сыстэму ад масавых укідаў. Мы не зможам гарантаваць, што адзін чалавек два разы не прагаласуе, але мы павінны гарантаваць, што ня будзе масавых DoS-атак і не будзе масавых узломаў сервераў. Гэта галоўная задача для арганізацыі гэтага электроннага галасаваньня».

Зрэшты, галасаваць беларусы будуць як звыклі – адзін выбарнік будзе мець адзін голас, а не тры, як прапаноўвалі некаторыя асобы.

«За годнасьць беларусак» (Яраслаў Грыгор’еў) — 10 чалавек у сьпісе

Яраслаў Грыгор’еў мае за сьпінай досьвед кіраўніцтва на пасадзе сакратара над сакратарамі БРСМ, ён засядаў у так званым Моладзевым парлямэнце пры Лукашэнку, але ў апошнія гады зьведаў рэзкі разварот: сёньня ён – беларускамоўны старшыня віленскай філіі «Руху беларускіх нацыяналістаў».

Але, відаць, радыкальнай рыторыцы ў протапарлямэнце ІІІ скліканьня мы не пачуем, бо Яраслаў пасьпеў паведаміць, што яго сьпіс – гэта рашучы супраціў «гендарным квотам», якія былі навязаныя на гэтых выбарах.

У яго ўключаныя мужчыны, але пад жаночымі імёнамі. Грыгор'еў у адным з дыялёгаў напісаў, што адбыўся «місгендарынг» і яго трэба было запісаць як «Яраславу Грыгор'еву».

Вясёлыя ў нас выбары!

«Наша справа» (Роза Турарбекава) — 14 чалавек у сьпісе

Роза Турарбекава нарадзілася ў горадзе Алматы, што ў Казахстане. Там жа скончыла Казахскі дзяржаўны ўнівэрсітэт і асьпірантуру. Роза – гісторык і палітоляг. З 2000 года працавала ў БДУ. Да 2020 года яе публікацыі можна знайсьці ў тым ліку на сайце газэты «СБ. Беларусь сегодня».

Яшчэ ўпачатку 2020 года там можна знайсьці думкі спадарыні Турарбекавай:

«Беларусь як адна з дзяржаваў — заснавальнікаў ЕАЭС мае сваё бачаньне гэтай арганізацыі, яе будучыні і магчымых траекторый разьвіцьця. Калі праэкт яшчэ толькі абмяркоўваўся ў 2011 годзе кіраўнікамі дзяржаваў, наш прэзідэнт акцэнтаваў увагу на прынцыпах роўнасьці бакоў і інклюзіўнасьці. Зыходзячы з гэтага і была прапанаваная канцэпцыя "інтэграцыі інтэграцый", якая прадугледжвала шчыльнае супрацоўніцтва ў першую чаргу з ЭЗ».

З цягам часу Роза Турарбекава трапіла ў беларускую Каардынацыйную Раду.

Пра бліжэйшую будучыню палітоляг разважае наступным чынам:

«Калі казаць у цэлым пра магчымасьць нападу з тэрыторыі Беларусі і вучэньняў, які зладзіў Лукашэнка ля межаў з Літвой, то ўсе мы ведаем: Лукашэнка любіць папужаць і «бразгаць». Тым больш, што гэта якраз укладваецца ў маскоўскі сцэнар.

І Масква тут — рэальны лялькавод. Не думаю, што Лукашэнку насамрэч выгадны напад на Літву, таму што тады Беларусь адразу ператвараецца ў тэатр ваенных дзеяньняў. І Лукашэнка гэта разумее.

Таму, я думаю, сам Лукашэнка не хоча (нападаць на Літву), але тое, што за ўсім стаіць Масква і яна можа ў пэўны момант зрабіць тое, праз што можа здарыцца памежны інцыдэнт, не выключаю».

У 2019 годзе, як адзначала «Наша Ніва», Роза Турарбекава была сярод топ-25 экспертаў, якіх запрашалі на прапагандысцкія каналы, разам з Гайдукевічам, Гігіным, Шпакоўскім і іншымі.

«Воля» (Вадзім Кабанчук) — 20 чалавек у сьпісе

Вадзім Кабанчук

Вадзім Кабанчук

Гэта той выпадак, калі ўзровень 40% жанчынаў у сьпісе будзе недасяжны, бо як вядома, армія – не жаночая справа (ці..?)

Вадзім Кабанчук прадстаўляе беларускіх добраахвотнікаў, якія змагаюцца ва Ўкраіне, а менавіта самую значную іх частку – Полк Кастуся Каліноўскага. У маладосьці Вадзім быў блізкі да Маладога Фронту, Зубра, арганізацыі Край. Потым зьяўляўся адным з чальцоў аргкамітэту так і незарэгістраванай партыі Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя.

З сакавіка 2022 года Вадзім Кабанчук – намесьнік камандзіра Палка Каліноўскага.

«Эўрапейскі выбар» (Аляксандар Дабравольскі) — 37 чалавек у сьпісе

Прапротапрэзідэнцкі вымалёўваецца сьпіс, бо сам Аляксандар Дабравольскі зьяўляецца старэйшым палітычным дарадцам Сьвятланы Ціханоўскай. Відавочна, менавіта ён адказвае за палітычныя погляды кіраўніцы АПК, а раней займаўся штодзённай дзейнасьцю ў партыі АГП, адкуль паходзяць і ншыя бліжэйшыя паплечнікі Сьвятланы Ціханоўскай – Анатоль Лябедзька, Ганна Красуліна.

Таму амаль з упэўненасьцю можна казаць, што сьпіс Дабравольскага – гэта зашыфраваныя прыхільнікі Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі.

Блёк Пракоп’ева — Ягорава (Вадзім Пракоп’еў) — 35 чалавек у сьпісе

Такой няхітрай назвай лідэр сьпісу падкрэсьлівае не ідэалягічную канцэпцыю, а асабовую. Былы рэстаратар і былы (ці, па новых правілах, дзейны) сьпікер КР ІІ скліканьня безумоўна спадзяюцца на салідны вынік галасаваньня. Агульная колькасьць прэтэндэнтаў зьяўляецца трэцяй пасьля сьпісу Дабравольскага і Латушкі (глядзі ніжэй).

Вадзім Пракоп’еў будзе агітаваць з ЗША, а Андрэй Ягораў з месца падзеяў. Гэта асобы дастаткова вядомыя, таму спыняцца на іх тут няма сэнсу.

Каманда Латушкі і Рух «За свабоду» (Павел Латушка) — 47 чалавек у сьпісе

Павел Латушка прэтэндуе на другі па даўжыні і апісаньні пасадаў радок у СМІ. Калі сёньня ён апісваецца як кіраўнік Народнага Антыкрызіснага Ўпраўленьня і намесьнік старшыні Аб’яднанага Пераходнага Кабінэту пры Сьвятлане Ціханоўскай, дык пасьля выбараў да гэтых тытулаў мае дадацца нешта накшталт кіраўнік фракцыі «Каманды Латушкі і Руху «За свабоду» ў Каардынацыйнай Радзе ІІІ скліканьня.

Мы, вядома ,ня супраць, абы на карысьць было Беларусі.

«Краіна для жыцьця» (Віталь Савюк) — 17 чалавек у сьпісе

Менавіта такую назву мела ініцыятыва Сяргея Ціханоўскага, які з сярэдзіны 2020 года знаходзіцца за кратамі. Яго жонка Сьвятлана ўзначальвае Аб’яднаны Пераходны Кабінэт, а вось сьпіс з усяго 17 чалавек на выбары выглядае не вельмі салідна з пазначанымі ўводнымі данымі.

Віталь Савюк — спецыяліст-паліграфоляг. Вось што сам Віталь паведамляе пра сябе:

«Я працую паліграфолягам з 2013 года. У маёй працы былі перапынкі па розных прычынах, апошні час я працую ў Польшчы, зьяўляюся сябрам адной з асацыяцый украінскіх паліграфолягаў. Я там адзіны беларус з больш чым 60 сябраў гэтай арганізацыі. Займаюся правядзеньнем праверак не толькі ў Польшчы, а ў прынцыпе па ўсёй Эўропе».

Каардынацыйная Рада ІІІ скліканьня, падрыхтуйцеся!

Спадар Віталь працягвае: «Да мяне зьвярталіся розныя нашыя арганізацыі з просьбай правесьці праверкі некаторых людзей. Калі ў мяне ёсьць на гэта час, я іду насустрач. На жаль, не так шмат часу, бо ў розных краінах праводзяцца праверкі. Я думаю, што я магу назваць адну арганізацыю, якая зьвярталася да мяне, і я дапамагаў, гэта «Паспалітае рушэньне».

«Незалежныя беларусы» (Максім Шабуцкі) — 17 чалавек у сьпісе

Максім Шабуцкі

Максім Шабуцкі

Незалежных назьбіралася 17 чалавек. Лідэр сьпісу Максім Шабуцкі ў 2020 годзе стаў блёгерам, да таго часу працаваў міліцыянтам. Пасьля гэтага перабраўся ва Ўкраіну, дзе далучыўся да Палка Кастуся Каліноўскага, які пакінуў напрыканцы 2023 года.

Блёгер кажа, што сышоў з баявых пазіцыяў пасьля трагедыі, якая адбылася з батальёнам «Ліцьвін», калі некалькі байцоў загінула. Пасьля гэтага ён працаваў у штабе Палка.

Па ягоных словах, калі вайна працягнецца, то ён хацеў бы вярнуцца ва Ўкраіну. Але, па словах Шабуцкага, для гэтага мусіць быць выкананая адна з дзьвюх умоваў: або створыцца новае вялікае падразьдзяленьне, якое будзе мець «найперш беларускі парадак дня», або ў Палку Каліноўскага адбудуцца рэформы.

Такім чынам, нас чакае ў выпадку посьпеху абодвух армейскіх сьпісаў моцнае супрацьстаяньне, бо відаць супрацы з Вадзімам Кабанчуком у Максіма не атрымаецца на гэтым этапе.

Максім Шабуцкі прапануе тры рэформы для Палка. Першы крок — гэта правядзеньне выбараў камандзіра ПКК, які будзе ягоным тварам. Другая рэформа — гэта стаць больш адкрытымі і найперш даць разгорнутую фінансавую справаздачу па ўсіх ахвяраваньнях ПКК.

Трэцяя рэформа — гэта аб'яднаньне з кабінэтам Ціханоўскай.

Але, нагадаем, у кабінэце Ціханоўскай ёсьць асоба, якой па нейкіх прычынах не вельмі давярае сам Полк, а менавіта Сахашчык.

«Закон і правапарадак» (Аляксандар Азараў) — 20 чалавек у сьпісе

Звольнены з кабінэта Ціханоўскай Азараў вырашыў трапіць туды, адкуль яго вэрбальна расстрэльвалі на слуханьнях летась. Пасьля расколу арганізацыі былых супрацоўнікаў сілавых ведамстваў рэжыму на дзве часткі, Аляксандар Азараў узначаліў адну зь іх – ByPOL. У Беларусі ж кіраўнік выбарчага сьпісу пра Закон і правапарадак каля 10 гадоў працаваў у ГУБАЗіКу.

«Салідарнасьць» (Георгій Дзьмітрук) — 21 чалавек у сьпісе

Знакамітая назва зноў ва ўжытку. Георгій Дзьмітрук абвесьціў аб агульным удзеле правых з БХД разам з прадстаўнікамі сацыял-дэмакратаў партыі Грамада. Інтрыгоўнае злучэньне, якое хутчэй паказвае на недахоп ахвотных у абедзьвух палітычных сілах.

Зрэшты, сама заява БХД сустрэла крытыку ад іншай часткі некалі знакавай партыі, якую ствараў Павал Севярынец. Частка актыву БХД ужо доўгі час сцьвярджае, што спадар Дзьмітрук быў выключаны з ліку сябраў арганізацыі. На што Георгій адказвае, што гэта ён і яго прыхільнікі выключылі з БХД Вольгу Кавалькову, Віталя Рымашэўскага, Дзяніса Садоўскага.

Якая з частак БХД легітымная – па-праўдзе, не разабрацца. Але выглядае на тое, што толькі Дзьмітрук вырашыў пайсьці на выбары, у той час як іншы бок канфлікту – не. (Магчыма іх імёны праз некалькі дзён зьявяцца ў нейкім сьпісе, але ўжо яўна не ў якасьці галоўных).

13 прэтэндэнтаў на ваш 1 голас. Каму ён пойдзе? Ці варта пагуляць у адвечную гульню байкот? Вырашаць кожнаму з вас!