Нечаканае яднанне. «БХД» і «Народная грамада» заявілі пра сумесны ўдзел ў выбарах у КР адзіным спісам

«Прымаючы на сябе адказнасць перад беларускім народам, мы дамовіліся аб неабходнасці сумеснага ўдзелу ў працы Каардынацыйнай Рады». 

Фота: Facebook Evgeni Vilski

Фота: Facebook Evgeni Vilski

Палітычныя партыі «Народная Грамада »і  «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя» заявілі пра сумесны ўдзел ў выбарах у Каардынацыйную раду (КР) адзіным спісам «Салідарнасць», паведаміў у «Фэйсбуку» выконваючы абавязкі кіраўніка «Грамады» Яўген Вільскі, піша «Позірк».

«Прымаючы да ўвагі гістарычную значнасьць падзей у Рэспубліцы Беларусь, з улікам геапалітычных рэалій і рэгіянальных змен, разумеючы значнасць і неабходнасць палітычных перамен унутры Рэспублікі Беларусь, прымаючы на сябе адказнасць перад беларускім народам, мы дамовіліся аб неабходнасці сумеснага ўдзелу ў працы Каардынацыйнай Рады», — напісаў ён.

Падмуркам супрацы, паводле словаў Вільскага, «з’яўляецца прыхільнасць да нацыянальных і дэмакратычных прынцыпаў пабудовы Рэспублікі Беларусь — як незалежнай і суверэннай дзяржавы».

«Нашы лідэры: Мікола Статкевіч і Павел Севярынец, сваім асабістым прыкладам натхняюць нас на ўзаемадзеянне! Салідарнасць у імя Вольнай Беларусі!»

«Народная грамада» пазбаўлена рэгістрацыі ў Беларусі, «БХД» — частка аргкамітэта, які яе ніколі не меў.

18 красавіка аб намеры ўдзельнічаць у выбарах у КР паведамілі кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка і кіраўнік «Руху «За свабоду» Юрый Губарэвіч.

Выбары ў Каардынацыйную раду трэцяга склікання пройдуць 25–28 траўня.

Да 15 красавіка выбарчай камісіі павінны быць прадстаўленыя спісы кандыдатаў. Апошняя дата рэгістрацыі кандыдатаў — 22 красавіка. З 25 красавіка па 25 траўня — перыяд агітацыі.