Каардынацыйная рада — протапарламент ці валізка без ручкі?
Цяпер — вырашальны момант. Новы склад Каардынацыйнай рады (КР) вызначыць лёс гэтай структуры. Ён, магчыма, здолее даказаць, што КР — гэта патрэбная структура, якая можа быць эфектыўнай і ствараць моцныя палітычныя сэнсы, разважае Аляксандр Класкоўскі на «Філіне».
На мандаты новага складу Каардынацыйнай рады прэтэндуе 280 чалавек. Усяго было пададзена 13 спісаў кандыдатаў, цяпер прыём заявак спынены. Неўзабаве распачнецца агітацыя, а 25–28 траўня, як плануецца, пройдзе ўласна галасаванне.
Аднак стаўленне да протапарламента ў беларусаў неадназначнае. Калі адны мяркуюць, што гэта рух у бок дэмакратызацыі і атрыманы досвед абавязкова спатрэбіцца ў новай Беларусі, іншыя задаюць пытанне: што ўжо зроблена Каардынацыйнай радай, ці ўплывае гэтая структура на жыццё дыяспары і беларусаў унутры краіны, і калі не — то навошта яна?
Тое, наколькі значнымі ёсць для беларусаў такая палітычная інстытуцыя і выбары ў яе, як паўплывалі на рэпутацыю ўнутраныя крызісы і разборкі, што выплюхваліся ў публічную прастору, якія перспектывы мае КР, «Филин» абмеркаваў з палітычным аглядальнікам інфармацыйнага агенцтва Позірк Аляксандрам Класкоўскім.
— Мы бачым, што абвяшчэнне выбараў ускалыхнула, ва ўсякім разе, палітычную эміграцыю: пачаўся «варушняк», балатуецца даволі шмат яркіх асоб, — зазначае аналітык. — Той жа Павел Латушка вылучыўся — калі згадаць папярэднія падзеі, ён быў гучна грукнуў дзвярыма Рады і сышоў, цяпер зноў хоча ў яе ўвайсці. Ён пэўна ж не дасць там сумаваць. Альбо, скажам, Вадзім Пракоп’еў — таксама цікавая, пасіянарная асоба, каліноўцы ідуць на выбары — шмат каго можна назваць.
З іншага боку, за час існавання Каардынацыйнай рады да яе назапасілася шмат вострых пытанняў.
Але сёння я б не быў такім катэгарычным суддзём, які выносіць канчатковы прысуд — мае гэта структура права на існаванне ці не. Думаю, мяч будзе на баку тых, хто ўвойдзе ў новы склад.
Таму што цяперашні склад (ці папярэдні, не ведаю, як тут лепш назваць — бо паўнамоцтвы скончыліся ў лютым, але, як вядома, самі чальцы Рады іх працягнулі, што таксама выклікала негатыўны рэзананс у часткі палітызаванай публікі) пакінуў больш пытанняў, чым адказаў.
Калі паглядзець у нядаўнюю гісторыю — Каардынацыйная рада стваралася ў іншых умовах і, скажам шчыра, з іншай місіяй. Гэта структура паўстала ў жніўні 2020 года, калі бушавалі вулічныя пратэсты, і многім здавалася, што ўлада ўжо хістаецца і самы час весці з рэжымам перамовы пра нейкі транзіт улады…
Аднак, як вядома, падзеі павярнуліся зусім іначай: пратэсты былі здушаны, Лукашэнка ўзяў сітуацыю ў абцугі і трымае яе пакуль што моцна. Многіх з таго першага складу Рады ці пасадзілі ў турму, ці выціснулі ў эміграцыю, ці хтосьці сам лёг на дно, сцішыўся — то-бок, яна была разгромленая.
З таго часу пачаліся змушаныя пошукі новай нішы, новай місіі — і калі паглядзець на дзеянні папярэдняга складу КР, то поспехаў тут не было дасягнута. І нейкіх выразных сэнсаў свайго існавання, якія былі б зразумелымі для шырокай публікі, мне здаецца, гэтыя чальцы рады не знайшлі.
Гэтая кадэнцыя запомнілася найперш нейкімі скандаламі, гучнымі выхадамі са складу, нават абвінавачваннямі ў карупцыі. Што яшчэ? Знялі (ну, дакладней, дамагліся зняцця) Аляксандра Азарава з пасады ў Аб'яднаным пераходным кабінеце — вельмі ўмоўнае дасягненне, бо дагэтуль няма чалавека на яго месца, што сведчыць пра праблему кароткай лаўкі запасных і нежаданне многіх ісці на гэтую «расстрэльную» пасаду.
Але самая вялікая прэтэнзія, мяркуе Аляксандр Класкоўскі, — за зрыў тэрмінаў выбараў у КР, уся фішка якіх была ў супрацьпастаўленні так званым «бязвыбарам», як трапна назвалі беларусы сёлетні «адзіны дзень галасавання» ў Беларусі 25 лютага.
— Усё гэта было бяздарна правалена, — падкрэслівае аналітык, — Лукашэнка ж ніяк не замінаў чальцам Рады вызначыць своечасова механізм выбараў і правесці іх менавіта тады, у лютым. Але з-за ўнутраных спрэчак гэта не атрымалася.
Відавочна, што былі вялікія «цёркі» паміж КР і камандай Ціханоўскай, былі гучныя заявы з абодвух бакоў, ніяк не маглі прыйсці да згоды ў пытанні выбарчай сістэмы.
Кажуць, маўляў, КР — протапарламент, школа дэмакратыі для беларусаў і г.д. З гэтым можна згадзіцца, але ўсё ж парламенцкія баталіі не павінны ператварацца ў самамэту. Навучанне навучаннем, а мусіць быць і нейкая адказнасць, і кейс са зрывам тэрміну выбараў вельмі расчароўвае.
Цяпер — вырашальны момант.
Думаю, перыяд дзейнасці новага складу КР і вызначыць лёс гэтай структуры. Калі тыя людзі, каторыя прыйдуць у яе, дакажуць на справе, што гэта патрэбная структура, якая можа быць эфектыўнай і ствараць моцныя палітычныя сэнсы — гэта адна гісторыя.
Калі ж працягнецца валтузня і далейшы шлях Рады будзе азнаменаваны толькі скандаламі і сваркамі — тады, мяркую, нават палітызаваныя беларусы ў ёй расчаруюцца.
Што да значэння выбараў для беларусаў унутры краіны і па-за межамі — зразумела, гаворыць Аляксандр Класкоўскі, што для беларусаў у Беларусі яны не стануць адметнай падзеяй.
Бо, па-першае, мноства людзей не адчуваюць перасячэння сваіх інтарэсаў і дзейнасці Рады, а па-другое, шмат каго ўтрымае ад удзелу ў галасаванні элементарны страх і клопат пра бяспеку (раптам натрапіш на фэйкавы бот сілавікоў). «Прагаласаваць, а потым сесці на вялікі тэрмін у турму — задавальненне так сабе», — канстатуе аналітык.
— Нават спікер Рады Андрэй Ягораў напачатку казаў, што жаданая планка — 100 тысяч выбаршчыкаў, пазней знізіў яе да 50 тысяч. Калі спраецыраваць яе на колькасць выбаршчыкаў у Беларусі, гэта меней за 1%, таму лічба сама за сябе гаворыць.
Я не кажу, што гэта структура апрыёры бескарысная. Але ёй трэба неяк сфармуляваць сваю місію і паказаць, што чальцы Рады здольныя сапраўды напоўніць сэнсам сваю дзейнасць.
Трэба акрэсліць нейкую праграму, бо на сёння распаўсюджанае меркаванне, што рада — такая валізка без ручкі, якая стваралася ў адзін перыяд, які здаваўся пераходным да дэмакратыі, а сёння перыяд ужо зусім іншы: рэжым, наадварот, пераходзіць да таталітарызму. І перспектыва жаданых перамен адцягваецца, магчыма, на доўгі час.
Што цяпер рабіць? Давайце паразважаем. Традыцыйная задача парламента — прымаць законы. Але рабіць гэта паралельна з «палаткай» рэжыму, якая штампуе свае законы — па-першае, няма такіх рэсурсаў, дый законы гэтыя могуць састарэць да таго часу, калі надыдзе час рэальных перамен у Беларусі. Мы не ведаем, будзе гэта праз год, ці праз пяць ці дзесяць, і пісаць законы ў стол — таксама рэч няўдзячная.
Быць галіной улады, якая кантралюе кабінет Ціханоўскай? Ужо спрабавалі, у выніку знялі Азарава. І з аднаго боку, гэтая функцыя кантролю карысная, а з іншага — можа спарадзіць новыя канфлікты і стаць крыніцай бясконцых сварак, высвятлення адносінаў. У той час, калі дэмакратычным сілам і так нестае кансалідаванасці.
Займацца практычнымі пытаннямі для дыяспары? Гэтым, па ідэі, больш лагічна займацца выканаўчай уладзе, кабінету. І АПК гэта ўжо робіць, напрыклад, прасоўвае праект пашпарта Новай Беларусі — праўда, пакуль што не бачна вялікіх поспехаў.
Таму пакуль што я асабіста не адчуваю выразнай місіі Рады. І падаецца, што новы яе склад на пачатку сваёй дзейнасці павінен даць грамадскасці гэты адказ.