Ці будуць выбары ў Каардынацыйную Раду справядлівымі?

Палітолаг Павел Усаў публікуе шэраг рэзонных пытанняў наконт выбараў у КР. Ён лічыць, што малая мабілізацыя людзей у працэс галасавання стане фактарам дэлегітымізацыі структур і асобных палітыкаў. 

Павел Усаў. Фота: Telegram

Павел Усаў. Фота: Telegram

Павел Усаў кажа, што не знайшоў палажэння адносна таго, пры якой колькасці (мінімуме) прагаласаваўшых, выбары ў Каардынацыйную Раду будуць лічыцца адбыўшыміся.

«Пры якім мінімуме прагаласаваўшых КР будзе лічыцца рэпрэзэнтатыўным ворганам, нават для дэмакратычнай і грамадзянскай супольнасьці?

Увогуле, якая колькасьць беларускай дэмакратычнай супольнасьці (БДС)? Пры гэтым БДС нават не ўся беларуская эміграцыя, колькасьць якой 1,5 млн. чалавек.

Напрыклад, калі прагаласуе 10 тыс., гэта будзе дастаткова ці не для прызнаньня і легітымізацыі КР?» — задаецца пытаннямі палітолаг, і сам жа адказвае: «Я думаю, зусім не».

Няроўнасьць суб’ектаў

Усаў адзначае, што структуры, якія заяўленыя ў спісе для галасавання, прадстаўляюць толькі саміх сябе («толькі тую групку, якую яны здолелі сабраць для рэгістрацыі»).

«Ніводная з гэтых структур не з’яўляецца масавай, ці нават «трошкі масавай», — лічыць спадар Павел. Ён дадае: «Ягораў, Пракоп’еў, Сахашчык паспрабавалі зладзіць рух, але не атрымалася».

У якасці выключэння палітолаг называе толькі прадстаўнікоў Палку імя Кастуся Каліноўскага.

«Фактычна ўсе структуры будуць «змагацца» на вельмі вузенькім электаральным полі і толькі ў медыяпрасторы», — піша Павел Усаў.

Глядзіце таксама

Адміністрацыйны рэсурс

У якасці яшчэ аднаго праблемнага фактара спадар Павел называе няроўныя фінансавыя магчымасці ўдзельнікаў галасавання:

«Напрыклад прадстаўнікі АПК і ОСТ, маючы большыя фінансавыя рэсурсы, могуць сабе дазволіць напрацягу месяцу паездзіць, пасустракацца з «выбарцамі» (Вільня, Варшава, Прага, Брусэль), чаго не змогуць зрабіць тыя ж каліноўцы, ці іншыя малыя ндашныя структуры», — сцвярджае ён.

«Як у гэтым выпадку ЦВК зьбіраецца забяспечыць умоўную роўнасць усіх суб’ектаў, каб усе ўдзельнікі змаглі, напрыклад, мець магчымасць сустрэцца з выбарцамі, ці мець аднолькавы эфірны час на Белсаце, Свабодзе, Еўрарадыё?» — цікавіцца Павел Усаў.

Палітолаг выказвае сумнеў, што ў дадзеных абставінах выбары ў Каардынацыйную Раду будуць справядлівымі. 

Ён прадказвае, што агучаныя пытанні стануць прадумовай для канфліктаў і скандалаў.

Глядзіце таксама

Яўка

Яўка на выбары ў КР з'яўляецца асноўным пытаннем, які засмучвае палітолага. 

«Давайце ўявім, што ў галасаваньні прыняло ўдзел агулам 25-30 тыс., чалавек. (Фактычна паталок падпішчыкаў на ТГ каналах асобных структур). Гэта і так вельмі і вельмі мала», — лічыць ён.

«З улікам такой вялікай канцэнтрацыі розных структур і арганізацый у працэсе —13 спісаў, больш за 200 чалавек, малая мабілізацыя людзей у працэс галасавання пакажа, што БДС, дыяспара не давярае структурам і палітыкам ад апазіцыі» — сцвярджае Усаў. 

Больш за тое, Павел Усаў лічыць, што нізкая колькасць удзельнікаў галасавання стане «фактарам дэлегітымізацыі структур і асобных палітыкаў».

«Бо малая яўка (25 тыс., прагаласаваўшых) будзе азначаць, што персанальны палітычны капітал асобных дзеячоў і апазіцыі агулам, мінімальны».

Глядзіце таксама

Усаў падказвае, што зараз галоўная задача прэтэндэнтаў на месцы ў Каардынацыйнай Радзе — спрыяць максімальнаму забяспячэньню яўкі.

«У такой спрэчнай сітуацыі, сітуацыі крызісу структур і СМІ, неабходна забясьпечыць удзел прынамсі 100 тыс., чалавек. А гэта верагодна ўжо не магчыма», — лічыць спадар Павел.

«Бо амаль 3 месяцы вялася невядомая валтузня вакол КР і галасавання, якая яшчэ больш збіла зацікаўленасць да гэтых гульняў».

Палітолаг мяркуе, што менавіта з гэтай прычыны Святлана Ціханоўская дыстанцавалася ад палітычнай падтрымкі выбараў. 

«Малая яўка пры закліку «прызнанага лідэра» будзе таксама азначаць мінімалізацыю яе ўласнага даверу і ўплыву.

Ніхто не паслухаў, нікому ўжо не цікава. То ў гэтай сітуацыі лепш будзе маўчаць, а потым абвінаваціць КР ў дрэннай падрыхтоўцы», — піша Усаў. 

Палітолаг свярджае, што «слабы вынік галасавання будзе ў пэўнай ступені «электаральным адкатам» і ідэалагічнай паразай для ўсіх структур і палітыкаў, якія ўзніклі на сцэне пасьля 2020 году».