«Беларускія генералы выходзяць на вялікую міжнародную арэну»
Заявы кіраўніка КДБ Івана Церцеля шырока разляцеліся па ўсім свеце. Пасля яго выступу ў Кіеве нават эвакуявалі лякарню. Адразу відаць, што беларускім генералам стала цесна ў дзяржаўных межах РБ, піша ТГ-канал «Лісты да дачкі».
Генерал Церцель трошкі паскандаліў на знешнім контуры. Сказаў што яны правялі вострую чэкісцкую аперацыю, каб прадухіліць атаку баявых дронаў з Літвы. І многія адказныя і не вельмі асобы сказалі, што генерал Церцель быў схлусіў.
Так я хачу сказаць, што не згодны з гэтым паклёпам. Што генерал Церцель сказаў чыстую праўду. Проста не згадаў некаторыя дробныя дэталі. Ну, там, па-першае, гэта былі не дроны, а дрон. Па-другое, не ваенны, а грамадзянскі. Па-трэцяе, не з бомбамі, а з цыгарэтамі. І па-чацвёртае, ён збіраўся ляцець не з Літвы ў Беларусь, а з Беларусі ў Літву.
Але ў астатнім жа праўда. Дрон жа быў. І яны сваёй вострай чэкісцкай аперацыяй гэты дрон прадухілілі.
І калі назваў адрас лякарні ў Кіеве і сказаў, што там лечаць байцоў з палка Каліноўскага, гэта таксама была праўда. А тое, што ў бальніцы лечаць не вайскоўцаў, а дзяцей, то гэта ўжо неістотныя дэталі. Вось бальніца па паказаным адрасе ёсць? Ёсць. Лечаць у гэтай бальніцы? Лечаць. Гэта значыць, не проста так чалавек сказаў, абы сказаць. А сказаў пасля паспяхова праведзенай выведвальнай аперацыі.
А якую мы можам зрабіць з усяго гэтага выснову? Мы можам зрабіць выснову, што свой хлебушак КДБ есць нездарма і зорачкі на пагоны яму не проста так падаюць. А падаюць па справе.
Вось гэтае вось прадухіленне атакі дронаў і выкрыццё дзіцячай бальніцы ў Кіеве, яно ж нічым не адрозніваецца ад усёй астатняй дзейнасці генерала Церцеля паасобку і ўсіх астатніх беларускіх генералаў, разам узятых.
Спачатку яны прыдумляюць сабе тэрарыста, які хацеў падарваць самалёт. А потым усім сваім спецназам у поўнай баявой ідуць арыштоўваць бабулю, якая прадала гэтаму тэрарысту малако. Спачатку арганізоўваюць групу кантрабандыстаў, каб вазіць праз мяжу танную гарэлку і цыгарэты. А потым паказваюць у тэлевізары разгром атрада варожых дыверсантаў. І гэта я не кажу пра рэгулярнае выкрыццё экстрэмісцкага падполля, якое ў глабальнай сетцы Інтэрнэт падрывае стабільнасць лайкамі.
Проста раней беларускія генералы ў асноўным трымалі сябе ў рамках дзяржаўных межаў Рэспублікі Беларусь. А цяпер ім у рамках дзяржаўных межаў Рэспублікі Беларусь стала цесна. І беларускія генералы пачалі выходзіць на вялікую міжнародную арэну.
Але на гэтую арэну яны ж выходзяць са сваім старым рэпертуарам. А гледачы на міжнароднай арэне да такога рэпертуару яшчэ пакуль не звыклі. Вось сказаў генерал Церцель пра бальніцу ў Кіеве, а ў Кіеве гэтую бальніцу эвакуявалі.
І гэтая неспрактыкаванасць міжнароднага гледача нясе, вядома, беларускай стабільнасці некаторыя нездаровыя рызыкі. Вось іншым разам, калі які-небудзь генерал апіша, дзе канкрэтна ён збіраецца даць NATO па зубах, NATO ж можа неспадзявана пачуць. І прыняць прэвентыўныя меры. А гэта можа мець трагічныя для генералаў наступствы.
Таму што спецназ генерала Церцеля ў поўнай баявой добры супраць бабуль з малаком і дзяўчат у белым з кветкамі. А нават з лёгка ўзброеным праграмістам гэты спецназ спраўляецца з цяжкасцю і ахвярамі сярод асабістага саставу. Таму што не падпісваўся спецназ генерала Церцеля на ўзброенага праціўніка. Таму што ўзброены праціўнік у адказ можа балюча стрэліць.
Ды яно і генералу Церцелю не трэба. Проста беларускія генералы ўмеюць думаць пра зорачкі на пагонах. А пра аддаленыя наступствы ў выглядзе СБУ і сапраўдных дронаў — ужо не вельмі. Інакш яны б задумаліся.