794-ты дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: атака ўкраінскіх дронаў на расійскія НПЗ і ваенны аэрадром, пашкоджанні ўкраінскай энергетычнай сеткі
Амаль 800 дзён працягваецца ваенная агрэсія Расіі ва Украіне. Нападнікі па-ранейшаму абстрэльваюць мірныя населеныя пункты і выводзяць з ладу крытычныя аб'екты інфраструктуры. Але ўкраінцы не застаюцца ў даўгу і адказваюць адпаведнымі захадамі.
***
Здольнасць Украіны вярнуць усю сваю тэрыторыю ў доўгатэрміновай перспектыве залежыць ад шматлікіх будучых рашэнняў на Захадзе, у Крамлі і Кіеве, і любыя дыскусіі, якія разглядаюць перспектывы ўкраінскай перамогі ці паразы як загадзя пэўныя вынікі, ігнаруюць тое, як усе ўцягнутыя бакі маглі дынамічна мяняць ход вайны ва Украіне, піша амерыканскі «Інстытут вывучэння вайны» (ISW).
Заходнія СМІ працягваюць паведамляць, што асобныя афіцыйныя асобы ЗША аднавілі абмеркаванне ідэі «замарожвання межаў», паколькі апошні пакет ваеннай дапамогі ЗША Украіне можа быць недастатковым, каб Украіна вярнула ўсю сваю тэрыторыю.
Ваенныя аналітыкі адзначылі, што прыхільнікі цяперашняга пакета не сцвярджалі, што ён сам па сабе дазволіць Украіне вызваліць усю акупаваную тэрыторыю, а абмеркаванне магчымых канчатковых станаў вайны з'яўляецца вельмі заўчасным, паколькі прэзідэнт Джо Байдэн падпісаў законапраект з новай дапамогай толькі два дні таму.
Ваенная дапамога ЗША цяпер накіроўваецца ва Украіну, і спатрэбіцца некалькі тыдняў, каб яна прыбыла ў падраздзяленні на перадавой і мела адчувальны ўплыў на полі бою.
Украінскім сілам спачатку давядзецца выкарыстоўваць дапамогу ЗША, каб стабілізаваць лінію фронту і спыніць расійскае прасоўванне, у прыватнасці ў напрамках Аўдзееўкі і Часавога Яру, у бліжэйшыя тыдні.
Маштаб і інтэнсіўнасць прагназуемай расійскай наступальнай аперацыі летам 2024 года, якая, верагодна, пачнецца ў чэрвені, таксама застаюцца незразумелымі, і расійскае ваеннае камандаванне можа актыўна ацэньваць і пераглядаць планы сваіх летніх наступальных намаганняў, каб ўлічыць сутыкненні з лепш абсталяванымі ўкраінскімі сіламі.
Украінскія сілы павінны будуць абараняцца ад расійскіх летніх наступальных намаганняў і не даць расійскім сілам дасягнуць значнага аператыўнага прагрэсу на працягу летніх месяцаў, перш чым змогуць кінуць выклік ініцыятыве і правесці контрнаступную аперацыю пазней у 2024 або 2025 гадах.
Украінскія сілы таксама павінны вырашаць бягучыя праблемы з навучаннем новага персаналу, абсталяваннем новых падраздзяленняў і аднаўленнем старых падраздзяленняў. Дакладны расклад гэтых намаганняў, які, верагодна, будзе адыгрываць значную ролю ў вызначэнні раскладу будучых контрнаступальных аперацый Украіны, застаецца незразумелым.
Паводле ацэнак ISW, дастатковая і паслядоўная заходняя дапамога будзе мець вырашальнае значэнне для будучых контрнаступальных намаганняў Украіны, хоць ЗША і Захад, верагодна, павінны будуць рэагаваць, паколькі ўкраінскае ваеннае камандаванне вызначае маштаб і накіраванасць такіх аперацый і перадае патрэбы Украіны заходнім партнёрам за некалькі тыдняў і месяцаў да будучых контрнаступальных аперацый.
***
У ноч на 27 красавіка Расія атакавала чатыры цеплавыя электрастанцыі ДТЭК, ёсць пацярпелыя грамадзянскія:
«Вораг у чарговы раз масава абстраляў энергетычныя аб'екты Украіны. Сёння ноччу ў выніку атакі пацярпелі чатыры цеплаэлектрастанцыі ДТЭК. Паводле папярэдняй інфармацыі, на жаль, ёсць пацярпелыя. Даем усю неабходную дапамогу».
Кампанія ўдакладняе, што сур'ёзна пашкоджана абсталяванне прадпрыемстваў. Цяпер энергетыкі спрабуюць ліквідаваць наступствы атакі.
***
У ноч на суботу дзясятак БПЛА спрабаваў атакаваць два нафтаперапрацоўчыя заводы, бітумны завод, ваенны аэрадром на Кубані, паведаміла расійскае прапагандысцкае агенцтва ТАСС.
Паводле інфармацыі губернатара Краснадарскага краю РФ Веніяміна Кандрацьева, было збіта больш за 10 беспілотнікаў у Славянскім, Северскім і Кушчаўскім раёнах. Чыноўнік таксама паведаміў, што аператыўныя службы ліквідуюць узгаранне ў выніку падзення БПЛА.
Пазней кіраўнік Славянскага раёна Краснадарскага краю дадаў, што на Славянскім НПЗ падчас атакі беспілотнікаў пашкоджаная рэктыфікацыйная калона.
Паводле інфармацыі мясцовых жыхароў, у Северскім раёне Краснадарскага краю атакаваны Ільскі НПЗ. Пасля атакі БПЛА на заводзе ўзнік пажар, ён ужо амаль патушаны.
Паводле звестак Мінабароны Расіі сродкі СПА над тэрыторыяй Краснадарскага краю нібыта знішчылі і перахапілі шэсцьдзесят шэсць БПЛА, яшчэ два дроны былі знішчаныя над Крымам.
Служба бяспекі Украіны пацвердзіла гэтую атаку. Як паведамляе «Украінская праўда», СБУ дзейнічалі разам з сіламі абароны Украіны. На ваенным аэрадроме «Кушчэўскае» размяшчаліся дзясяткі самалётаў, РЛС і сродкі РЭБ.
***
За апошнія суткі на фронце адбылося 94 баявыя сутыкненні. З іх 29 нападаў было на Аўдзееўскім кірунку, паведамляе Генштаб УСУ ў Facebook.
Увогуле, вораг нанёс 12 ракетных і 76 авіяцыйных удараў, здзейсніў 83 абстрэлы з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях украінскіх войскаў і населеных пунктах.
Уначы расійскія акупанты нанеслі чарговы масіраваны ўдар па Украіне, ужыўшы крылатыя ракеты розных тыпаў. Інфармацыя па дадзенай атацы ўдакладняецца.
За мінулыя суткі авіяцыйным ударам падвергліся населеныя пункты Сумскай, Харкаўскай, Данецкай вобласці, Запарожскай і Херсонскай абласцей.
Пад артылерыйскім агнём былі больш за 110 населеных пунктаў Чарнігаўскай, Сумскай, Харкаўскай, Луганскай, Данецкай, Запарожскай, Днепрапятроўскай, Херсонскай і Мікалаеўскай абласцей.
Страты расійскіх акупантаў за 26 красавіка склалі 1124 чалавекі. Агульныя баявыя страты праціўніка з 24.02.22 па 27.04.24 арыенціровачна склалі:
- асабістага саставу — каля 465 054 (+1124) чалавек;
- танкаў — 7268 (+6) адз.;
- баявых браніраваных машын — 13 971 (+14) адз.;
- артылерыйскіх сістэм — 11 905 (+38) адз.;
- РСЗА — 1 049 (+0) адз.;
- сродкаў СПА — 775 (+3) адз.;
- самалётаў — 348 (+0) адз.;
- верталётаў — 325 (+0) адз.;
- БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 9 485 (+24);
- крылатых ракет — 2 124 (+5);
- караблёў / катэраў — 26 (+0) адз.;
- падводных лодак — 1 (+0) адз.;
- аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 16 019 (+35) адз.;
- спецыяльнай тэхнікі — 1 968 (+6).
***
Раніцай над Днепрапятроўскай вобласцю сілы СПА Украіны знішчылі 13 ракет — у Дняпроўскім, Крыварожскім і Паўлаградскім раёнах. У вобласці пашкоджаны два энергааб'екты, напісаў старшыня Днепрапятроўскай АВА Сяргей Лысак у Telegram.
У Дняпроўскім і Крыварожскім раёнах пашкоджаны энергетычныя аб'екты. Адбылося некалькі ўзгаранняў. Паранены 39-гадовы мужчына. Яго шпіталізавалі ў стане сярэдняй цяжкасці. Ёсць перабоі з водазабеспячэннем на Крыварожжы.
Акрамя гэтага, вечарам і ноччу агрэсар працягваў біць па Нікапальшчыне. Тройчы абстраляў раён з артылерыі і 4 разы ўдарыў БПЛА. Больш за ўсё дасталася самому Нікапалю. Пацярпела 82-гадовая жанчына. Пашкоджаны 7 пяціпавярховак, рынак, больш за 10 крам, адмінбудынак, салон прыгажосці.
Гучна было і ў Чырвонагрыгор'еўскай і Марганецкай абшчынах. У апошняй пабіта аўто. Абследаванне паражаных тэрыторый працягваецца.
З-за абстрэлаў Марганецкай абшчыны, якія адбыліся напярэдадні, без электразабеспячэння засталося 2 вёскі. Гэта 600 абанентаў. Спецыялісты чыняць сеткі.
***
Падчас паветранай трывогі, якая доўжылася на Львоўшчыне з 03:58 па 06:02 у суботу, вобласць была атакаваная крылатымі ракетамі рознага класа і аэрабалістычнымі ракетамі «Кінжал», ёсць пападанні, паведамілі ў Львоўскай абласной ваеннай адміністрацыі. Тры крылатыя ракеты былі збітыя.
Паводле звестак уладаў, РФ атакавала два аб'екты крытычнай энергетычнай інфраструктуры ў Стрыйскім і Чырвонаградскім раёнах. На іх пачаліся пажары, ёсць разбурэнні.
Ахвяр, пацярпелых, разбурэнняў жылой інфраструктуры на Львоўшчыне няма. Пра аварыйныя адключэнні электраэнергіі пакуль гаворка не ідзе. Аднак, каб не давялося ўжываць пагадзінныя адключэнні, людзей просяць не ўключаць энергаёмістыя электрапрыборы з 19:00 да 22:00.
***
Байцы ГУР паспяхова ўдарылі па расійскай радыёлакацыйнай сістэме 48Я6 К-1«Падлёт».
Адзначаецца, што па РЛС адпрацавала група ГУР «Гусі-9» сумесна з вайскоўцамі 15-й брыгадай артылерыйскай выведкі «Чорны лес».
Паспяховае агнявое паражэнне нанеслі па антэна-фідэрнай устаноўцы і дызельнай станцыі, якая сілкавала комплекс.
Паводле даных выведнікаў, гэтую сістэму вораг выкарыстаў для выяўлення і перадачы каардынат цэляў расійскім зенітна-ракетным комплексам С-300/С-400.
Радыёлакацыйная станцыя «Падлёт» — новая расійская распрацоўка, на ўзбраенне войска РФ яе пачалі пастаўляць у 2015 годзе.
Кошт такой РЛС складае больш за 700 мільёнаў рублёў, або больш за 5 мільёнаў долараў.
***
У сяле Вазнясенаўка Шабекінскай акругі Белгародскай вобласці робат-каміказдзе ўпаў на ўчастак дарожнага палатна і выбухнуў, паведаміў губернатар Вячаслаў Гладкоў.
«У выніку падзення з наступнай дэтанацыяй былі пашкоджаныя тры машыны, пацярпелі пяць чалавек, у тым ліку адзін падлетак», — цытуе Гладкова «Бі-бі-сі».
Паводле даных губернатара, пацярпелую 17-гадовую дзяўчынку з аскепкавымі раненнямі спіны і рукі даставілі ў дзіцячую абласную клінічную бальніцу.
У абласную клінічную бальніцу ў цяжкім стане з асколачным раненнем галавы дастаўлены кіроўца адной з машын, жанчына з асколачнымі раненнямі спіны і пляча і мужчына з множнымі асколачнымі раненнямі, пранікальнымі ў брушную паражніну, дадаў губернатар.
За некалькі гадзін да гэтага Гладкоў паведаміў, што тое самае сяло атакавалі пяць дронаў-камікадзэ, у выніку чаго былі пашкоджаныя трактар і збожжавоз, раненні атрымаў механізатар.