Хто выйграе ад «жалезнай заслоны»?
«Беларускае пытанне» ўсё больш востра стаіць на павестцы дня ў Літве. Каму выгадныя абмежаванні супраць беларусаў?
Кіраўнік літоўскага офіса «Freedom House» Віціс Юрконіс добра знаёмы многім беларусам, якія жывуць у Літве і не па чутках ведае і беларускі кантэкст, і саміх беларусаў. Нягледзячы на блізкасць двух народаў — геаграфічную, гістарычную і, мабыць, каштоўнасную, — такіх экспертаў мала. Для большасці экспертаў абедзве краіны аказаліся занадта «маленькімі», каб цікавіцца суседкай.
І пасля выбараў 2020 года і пачатку расійскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны раптам выявілася, што і літоўцы, і беларусы жывуць у палоне стэрэатыпаў адны пра адных. Гаворка не ідзе пра бытавыя стэрэатыпы — народы, якія жывуць так блізка, інтуітыўна адчуваюць адзін аднаго і ўвогуле добра адзін да аднаго ставяцца. Але ў камунікацыі паміж беларусамі як нацыянальнай меншасцю, якая жыве ў Літве, і літоўскімі ўладамі стэрэатыпы граюць першую скрыпку. І гэта вельмі моцна дапамагае «імперскай» прапагандзе: са стэрэатыпамі працаваць прасцей, чым з фактамі, маніпуляваць можна любым з бакоў. Юрконіс добра разумее гэта: «І адзін, і другі бакі павінны вярнуць сабе кантроль над камунікацыяй пра нашы адносіны, каб пра іх не расказвалі рэжымы ў Мінску і Крамлі».
Праблемы з такой камунікацыяй відавочна бачныя з інфармацыйнага фону вакол становішча беларускай дыяспары ў Літве. Усе разумеюць, што цяпер афіцыйны Мінск — гэта хаўруснік агрэсара, і што існуюць рызыкі, звязаныя з наведваннем Беларусі грамадзянамі Літвы і беларусамі, якія жывуць за мяжой. На гэтым фоне спецслужбы Літвы прасоўваюць прапанову ўвесці абмежаванні на наведванне Беларусі яе грамадзянам, якія маюць негуманітарны ВНЖ у Літве. Беларусы ў Літве спадзяюцца на тое, што большасць у Сейме ўстане на іх бок, беларуская грамадзянская супольнасць і арганізацыі дыяспары не заўважаюць «нязручнай» тэмы, а аргументацыя супраць прапаноў абмежаваць колькасць паездак для беларусаў зводзіцца да стандартных эканамічных аргументаў — падаткі, працоўныя месцы і іншае ў тым жа духу. Міхаліна Зарэцкая на «Delfi» спрабуе разабраць гэтыя прапановы з розных бакоў, каб зрабіць унёсак у тую самую камунікацыю аб адносінах паміж людзьмі нашых краін.
Прапанову, ухваленую Камітэтам па бяспецы і нацыянальнай абароне Сейма, называюць кампраміснай. Маўляў, была больш радыкальная прапанова Аўдронюса Ажубаліса, які прапаноўваў пазбаўляць беларусаў іх працоўнага ВНЖ, калі яны за апошнія 12 месяцаў бывалі ў сябе на радзіме часцей за адзін раз на тры месяцы, — але ад гэтай прапановы адмовіліся. Аднак кампраміс ці гэта? Літва — дэмакратычная краіна, якая прытрымліваецца прынцыпу вяршэнства закона. Калі б яе парламент прыняў прапанову аб наданні закону зваротнай сілы, гэта было б настолькі супраць асноватворных прынцыпаў права, што беларусы маглі б разлічваць на адмену такога закона. Гэта значыць «радыкальная прапанова» была загадзя непраходнай, але затое дапамагла стварыць ілюзію кампрамісу.
Аргументацыя на карысць абмежавальных мер зыходзіць з таго, што ёсць два профілю міграцыі — палітычная і эканамічная. Палітычныя мігранты (уцекачы ці людзі з гуманітарным ВНЖ) не могуць ездзіць у Беларусь паводле закона, а на радзіме іх амаль напэўна чакае палітычна матываваны пераслед. Таму прапановы абмежаваць наведванне Беларусі тычацца беларусаў, якія маюць працоўны ВНЖ — маўляў, частыя візіты на радзіму эканамічных мігрантаў робяць іх «лёгкай мішэнню» для беларускіх спецслужбаў. У гэтай простай логіцы ёсць два уразлівыя месцы. Першае — а ці сапраўды імавернасць таго, што цябе паспрабуюць завербаваць, залежыць ад частаты візітаў? Хто ведае, можа, завербаваны чалавек не стане шастаць туды-сюды праз мяжу, прыцягваючы лішнюю ўвагу? Тыя факты, пра якія пісалі апошнім часам — наколькі яны былі звязаныя з частымі паездкамі? Праблема ёсць, яна няпростая, але ці дапамогуць яе вырашыць такія абмежаванні?
З гэтым звязана другое слабае месца — спрошчанае разуменне беларускай міграцыі. Дзяленне мігрантаў на «палітычных» (якія пераследуюцца па палітычных матывах) і «эканамічных» (якія павышаюць ўзровень даходаў) пакідае за рамкамі гуманітарныя прычыны, якія падахвочваюць людзей прымаць рашэнне пакінуць сваю краіну. Такіх прычын вельмі шмат: ўз'яднанне сям'і, каштоўнасныя арыенціры (напрыклад, антываенная пазіцыя), патрэба ў атрыманні якаснай адукацыі і, нарэшце, базавая патрэба любога чалавека — пачуццё бяспекі.
Менавіта ў групе мігрантаў па гуманітарных прычынах выезды ў Беларусь найбольш частыя. У многіх выпадках гэта сямейная міграцыя, паколькі па гуманітарных прычынах людзі, як правіла, пераязджаюць не ў адзіночку, а як шлюбная пара, поўная сям'я з дзецьмі або так званая «транснацыянальная сям'я», калі частка сям'і застаецца ў Беларусі. У такіх сітуацыях людзі выбіраюць для пераезду Літву, таму што так у іх застаецца магчымасць падтрымліваць сувязь з блізкімі сваякамі, якія засталіся ў Беларусі. У такім спрошчаным разуменні вінаватыя самі беларусы — стэрэатып пра тое, што міграцыя з Беларусі з'яўляецца ў пераважнай большасці выпадкаў эканамічнай, сфармаваўся з падачы беларускага аналітычнага цэнтра, які працуе ў Літве. Сямейная міграцыя як самастойны феномен проста ігнаруецца — паспрабуйце знайсці гэтае словазлучэнне ў апошніх працах на тэму беларускай міграцыі, апублікаваных беларусамі. Па іроніі, важнасць гэтага феномену паказала даследаванне, праведзенае ў 2022 годзе літоўскай арганізацыяй (ЕЭСК) — паводле яго даных, 65% мігрантаў з Беларусі прыехалі ў Літву са сваімі сем'ямі.
Можна сказаць напэўна, што для мігрантаў з гэтай групы наступствы абмежаванняў кантактаў з Беларуссю могуць быць найбольш драматычнымі: будуць разарваныя сувязі паміж пакаленнямі, у разведзеных сем'ях аслабеюць кантакты дзяцей з бацькам, якія засталіся ў Беларусі, моцна абмяжуюцца магчымасці падтрымліваць састарэлых або хворых сваякоў, якім патрэбныя догляд і дапамога. Для бацькоў студэнтаў, якія вучацца ў Літве, такія абмежаванні таксама траўматычныя. Летась у Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт было прынята 630 першакурснікаў, пераважная большасць з якіх — беларусы. У Беларусі дзеці заканчваюць школу ў 17-18 гадоў і, як правіла, выязджаюць на навучанне за мяжу без бацькоў. Добрыя аўтобусныя зносіны паміж Літвой і Беларуссю дазвалялі многім студэнтам падтрымліваць частыя кантакты з сям'ёй, якая жыве ў Беларусі і мае абмежаваныя магчымасці самім наведваць дзяцей з-за вялікіх складанасцей з атрыманнем шэнгенскіх віз у цяперашніх умовах. Урэшце, «кожны чалавек мае права пакідаць любую краіну, уключаючы сваю ўласную, і вяртацца ў сваю краіну» — у адрозненне ад Беларусі, для Літвы Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека не з'яўляецца пустым гукам.
Дадамо яшчэ некалькі «працэдурных» рысак. Любое рашэнне трэба адміністраваць. Чым складаней правіла (шмат выключэнняў, неадназначнасць трактовак і да т.п.), тым больш чалавечых рэсурсаў дзяржапарата яно вымагае. Прапанаваныя папраўкі ў закон вельмі моцна ўскладнілі б і без таго няпростыя працэдуры кантролю. Загрузка памежнай службы, міграцыйных органаў і судоў будзе прыводзіць да зніжэння якасці іх працы і ў рэшце рэшт скончыцца «простым» рашэннем: няма адкрытай мяжы — няма праблемы. Пытанне, хто выйграе ад «жалезнай заслоны»: два блізкія адно аднаму народы або імперыя, якая спрабуе падмяць пад сябе ўвесь рэгіён, — здаецца рытарычным.
Нам менш за ўсё хацелася б, каб у кагосьці склалася меркаванне, што мы «вучым жыць» народ і ўлады той краіны, якая нас прыняла і дапамагла нам атрымаць адчуванне нармальнага жыцця, што стала немагчымым у нас на радзіме. Але мы бачым, што прапанова вельмі сырая, што ёсць групы мігрантаў, якія фармальна з'яўляюцца «эканамічнымі», але на самой справе падзяляюць тыя ж каштоўнасці, што і людзі краіны, якая прыняла іх. І менавіта гэтыя людзі і іх сем'і акажуцца самымі ўразлівымі.
Напэўна, у такой сітуацыі прыняцце падобных прапаноў варта адкласці, каб правесці дадатковы аналіз сітуацыі і, магчыма, знайсці варыянт, які дапаможа ўлічыць інтарэсы нацыянальнай бяспекі, не грэбуючы правамі чалавека. Што рабіць? Магчыма — візы бацькам і выключэнні для студэнтаў, дадатковыя элементы кантролю ў момант атрымання ВНЖ. Дакладна — даследаванні сямейнай міграцыі. І голас саміх беларусаў, чый досвед маўчання ў аўтарытарнай краіне пакуль яшчэ моцна пераважае досвед у дэмакратыі.
Нагадаем, на днях у Сейме Літвы прайшло галасаванне па папраўках у законапраект аб абмежаваннях, датычных беларусаў і расійцаў. Разгляданы праект прадугледжваў, што грамадзяне Беларусі, якія маюць від на жыхарства ў Літве, змогуць вяртацца ў Беларусь не часцей за адзін раз на тры месяцы. Тым, хто будзе перасякаць мяжу часцей, будзе адмоўлена ў ВНЖ.
Аднак большасць дэпутатаў Сейма папраўкі не падтрымалі.
20 дэпутатаў прагаласавалі за пазбаўленне дазволу на часовае пражыванне ў Літве тым расіянам і беларусам, якія выязджаюць у РФ і Беларусь больш за адзін раз на год, 47 былі супраць, 45 дэпутатаў устрымаліся.
За прапанову дазволіць адну паездку ў тры месяцы выказаўся 41 член Сейма, супраць — 37, устрымаліся — 39 дэпутатаў.
ВНЖ у Літве маюць больш за 60 тысяч грамадзян Беларусі.