«Беларусы заслугоўваюць большага». У Вільні хочуць адкрыць сквер у памяць пра ахвяр мінскага рэжыму
Ад прапаноў разбіць сквер імя Лукашэнкі ў Мінску да скверу памяці забітых рэжымам. Гэты шлях сведчыць аб адным — будучы тыранам, увайсці ў гісторыю пад іншым абліччам не атрымаецца. У Літве палічылі важным звярнуць увагу на злачынствы рэжыму новай беларускай грамадскай прасторай.
Выданне Made in Vilnius паведамляе, што літоўская партыя сацыял-дэмакратаў звярнулася ў Віленскае самакіраванне ды камісію па гістарычнай памяці з прапановай разбіць сквер памяці ахвяр рэжыму Лукашэнкі ў сталіцы. Асноўнай прычынай такой ініцыятывы дэпутаты называюць недахоп лакацый для правядзення ўласных мерапрыемстваў беларускай дыяспары Літвы.
Старшыня сацыял-дэмакратычнай фракцыі ў Віленскай радзе Повілас Пінэліс адзначыў, што падчас святкавання важных дзён, ушанавання трагічных падзей і правядзення акцый пратэсту праз новыя атакі рэжыму на людзей у краіне, беларусы стала збіраюцца ля беларускай амбасады. На яго думку, гэта вельмі добрае і сімвалічнае месца, якое дазваляе людзям выказаць сваю пазіцыю і нагадаць пра сябе наўпрост уладзе. Аднак праблема заключаецца ў тым, што гэтае месца ніяк не легалізаванае і фармальна — людзям прыходзіцца стаяць наўпрост на тратуары, які яшчэ і мае даволі кампактныя памеры.
«Мы лічым, што людзі, якія праявілі вялікую мужнасць, паставілі на кон сваё здароўе ці нават жыццё за свабоду Беларусі, заслугоўваюць большага», — заявіў Повілас Пінеліс у Віленскай радзе.
Сацыял-дэмакраты прапануюць спраектаваць сквер памяці ахвяраў рэжыму Лукашэнкі ў цэнтральнай частцы горада, дзе ён быў бы добра бачны жыхарам Вільні, а таксама прыцягваў увагу гасцей сталіцы. Новая грамадская прастора верагодна атрымае сімвалічную назву «Беларускі шлях да свабоды» — барацьбы за рэальны суверэнітэт і незалежнасць ад Крамля.
Да таго ж, гістарычная акцыя з такой назвай ужо праходзіла ў Літве на піке беларускіх пратэстаў. 23 жніўня 2020 года, з нагоды гадавіны «Балтыйскага шляху», дзясяткі тысяч чалавек усталі жывым ланцугом ад Вільні да беларускай мяжы ў знак салідарнасці з дэманстрантамі, якія ў гэты момант змагаліся з рэжымам у беларускіх гарадах. Па звестках LRT, у акцыі прынялі ўдзел значна больш за 30 тысяч чалавек. Да таго ж, падобныя, але карацейшыя мітынгі ў той дзень былі праведзены ў Латвіі, Эстоніі, Украіне і Сакартвэла.
Глядзіце таксама
У скверы (але гэта можа быць і іншая грамадская прастора) таксама павінны з’явіцца мемарыяльныя дошкі пра герояў, якія загінулі ад рэжыму Аляксандра Лукашэнкі з 1994 па 2024 год.
«У Вільні знайшлі прытулак і дапамогу многія прадстаўнікі беларускай апазіцыі, палітычныя і няўрадавыя арганізацыі, якія ўдзячныя за прыём і дапамогу. Для гэтай вялікай суполкі сапраўды было б важна легалізаванае месца ў сталіцы, якое надало б сэнсу іхняму цяжкому, але вельмі патрэбнаму змаганню за свабоду ў Беларусі», — дадала старшыня Камісіі сацыял-дэмакратычных нацыянальных суполак Наталля Ярцава.
Парк Рэфармату, Вільня. Фота: Made in Vilnius
Сквер імя Лукашэнкі vs скверу ахвяр рэжыму Лукашэнкі
У ліпені 2017 года ў Мінску праходзіла грамадскае абмеркаванне забудовы мікрараёна Зялёны Луг, а менавіта зарослай пусткі пад лініяй электраперадач на вуліцы Кастуся Каліноўскага. На адносна прывабным «зялёным» месцы ля Севастопальскага парку і Сляпянскай воднай сістэмы горадабудаўнікі прапаноўвалі ўзвесці тры жылыя комплексы, але жыхары раёна накіравалі ў адміністрацыю 5690 подпісаў супраць ушчыльнення забудовы.
У той жа момант мясцовая актывістка Людміла Бяляева-Гундарына прапанавала разбіць на вуліцы Каліноўскага сквер імя Лукашэнкі.
«Мы хочам прапанаваць гораду разбіць бульвар або сквер і размясціць там спартовыя пляцоўкі. Паколькі азелянёная тэрыторыя, пра якую ідзе гаворка, знаходзіцца на вуліцы, названай у гонар Кастуся Каліноўскага, знакавай асобы ў гісторыі Беларусі, а таксама ўлічваючы ролю кіраўніка дзяржавы ў станаўленні сучаснай незалежнай Беларусі і яго падтрымку развіцця даступнага для моладзі спорту, мяркуем, будучы сквер ці бульвар павінен насіць імя першага прэзідэнта Беларусі», — так прагучала ініцыятыва Бяляевай-Гундарынай.
Горадабудаўнічая рада прызнала заўвагі жыхароў слушнымі і пагадзілася з імі, даслаўшы праект на дапрацоўку. А вось прапанова аказалася праігнараванай — як вынік, у 2024 годзе на гэтым месцы па-ранейшаму стаяць слупы ЛЭП.
Скульптурная кампазіцыя ў памяць пра паўстанне 1863-1864 гадоў
Адваротна, цягам апошніх гадоў у Вільні ўзвялі вялікую колькасць новых сквераў, паркаў і помнікаў, выкананых у вельмі хуткія тэрміны.
Нагадаем, да 160-й гадавіны забойства Кастуся Каліноўскага ў літоўскай сталіцы была ўрачыста адкрыта скульптурная кампазіцыя ў памяць пра паўстанне 1863-1864 гадоў, у складзе якой ёсць і нацыянальны герой Беларусі. Таму магчымасць убачыць «Беларускі шлях да свабоды» можа з’явіцца ў хуткім часе.