Улады Кіева эвакуююць дзве бальніцы праз пагрозы Церцеля
Улады Кіева тэрмінова пачалі эвакуацыю двух бальніц, адна з якіх дзіцячая. Кіраўнік КДБ Беларусі Іван Церцель заявіў, што там «хаваюцца тэрарысты».
Улады Кіева тэрмінова пачынаюць эвакуацыю дзвюх бальніц, размешчаных на вуліцы Багатырскай у Абалонскім раёне сталіцы.
Гэта звязана з тым, што «ў інтэрнэт-СМІ шырока распаўсюджваецца відэаролік, які фактычна анансуе напад праціўніка на гэтыя медыцынскія ўстановы. І што, нібыта, у гэтых шпіталях знаходзяцца вайскоўцы».
«Гэта абсалютная хлусьня і правакацыя праціўніка, якую ён спрабуе выкарыстаць для нападу на сацыяльную інфраструктуру сталіцы», — паведамляецца ў заяве Кіеўскай адміністрацыі.
Каб абараніць хворых дзяцей, іх бацькоў і медперсанал, улады Кіева робяць усё магчымае для транспарціроўкі пацыентаў і лекараў у іншыя медыцынскія ўстановы сталіцы.
Мэр горада Віталь Клічко апублікаваў відэа, знятае каля дзіцячай бальніцы на вуліцы Багатырскай у Кіеве. Ён паведаміў, што зараз эвакуіруюць дзве бальніцы.
«Медыкі дзейнічаюць зладжана, машыны хуткай дапамогі развозяць пацыентаў у іншыя бальніцы горада, — сказаў Клічко. — Мы робім усё, каб абараніць дзяцей, іх бацькоў, дарослых пацыентаў і персанал ад магчымага нападу». Ён таксама спаслаўся на відэа з пагрозамі ўдару.
Гэтыя дзеяньні ўладаў Кіева зьвязаныя з ускоснымі пагрозамі нападу на кіеўскія шпіталі з боку старшыні КДБ Беларусі Церцеля (праўда, яго імя ў заявах кіеўскай адміністрацыі не згадваецца).
Пра «тэрарыстаў» у шпіталі Церцель заявіў на паседжанні «Усебеларускага народнага сходу»:
«Усе гэтыя асобы, іх дзейнасць, іх планы камітэту вядомыя. У барацьбе з тэрарызмам дзейнічаем па законах ваеннага часу рашуча і без ваганняў. Сярод тэрарыстаў і іх памагатых ёсць і забітыя, і параненыя. Без сумневу ўсіх іх спасцігне заслужаная кара, нават нягледзячы на тое, што сваім логавам яны абралі кіеўскія бальніцы па адрасе Багатырская, 30 і 32, дзе фактычна хаваліся за спінамі хворых дзяцей».
У СБУ адзначылі, што «цяпер прымаюцца ўсе неабходныя меры, каб нівеліраваць любыя негатыўныя наступствы нават тэарэтычнай пагрозы», а таксама нагадалі кіраўніку КДБ Беларусі аб Гаазе пасля яго пагрозаў кіеўскім бальніцам.