Павел Усаў лічыць, што люстрацыйны працэс у дэмакратычным руху «неабходны зараз»
Палітолаг агучыў чарговыя заўвагі наконт выбараў у Каардынацыйную Раду трэцяга склікання і пракаментаваў выяўленне даносчыкаў сярод кандыдатаў.
Павел Усаў звярнуў увагу на чарговую цікавую акалічнасць, звязаную з выбарамі ў Каардынацыйную Раду, што маюць адбыцца сёлета 25-27 мая.
«Мы так спавадзіліся ствараць новыя структуры і запускаць працэсы, што забываем пра тое, што ўжо створана і запушчана. Калі я не памыляюся, зіма-вясна 2021 году адбыліся анлайн выбары ў апазіцыйны народны "Сход"», — прыгадаў палітолаг.
«Тады прагаласавала каля 25 тысяч чалавек (у асноўным тыя, хто знаходзіўся ў Беларусі). Былі абраны «дэпутаты», былі нават анлайн паседжанні, прымаліся нават нейкія палажэнні. (Не магу дакладна сказаць колькі ўсяго было абрана «дэлегатаў»).
Тады, асабліва, ў гэтым працэсе ОСТ, КС ды іншыя структуры, удзелу не бралі — максімальна дыстансаваліся», — зазначыў спадар Усаў.
Палітолаг кажа, што «фармальна ўжо існуе «выбраны» ворган, у нейкім сэньсе легітымізаваны».
Такім чынам, паводле Паўла Усава, «Беларусь перафарматавалася ў шматпарламенцкую рэспубліку». Паводле Усава, яе складаюць: «Вярхоўная Рада XIII скліканьня, якая гістарычна і палітычна ёсьць канстытуцыйным прадстаўніцтвам РБ; Лукашэнкаўскі двухпалатны Нацыянальны Сход — палітычна рэальны інстытут; Лукашэнкаўскі УНС — фармальна-палітычны-(анты)канстытуцыйны ўладны ворган; Апазіцыйны «Сход», «абраны» ў 2021 годзе праз анлайн галасаваньне (статус неясны); КР — створанная ў 2020, перафарматаваная ў 2023 і ў працэсе анлайн прагаласоўваньня зараз».
«Есьць яшчэ Рада БНР з выключным гістарычна-сымбалічным статусам», — адзначае палітолаг.
Таксама Павел Усаў выказаўся з нагоды выяўлення даносчыкаў сярод кандыдатаў на месцы ў Каардынацыйнай Радзе. Нагадаем, сярод базы зваротаў у КДБ, апублічанай «Кіберпартызанамі», знайшліся даносы ад імя двух чальцоў партыі «Народная Грамада» — Вольгі Тышкевіч (верагодна, данасіла на Эдуарда Пальчыса) і Паўла Бялюціна (верагодна, данасіў на Мікалая Аўтуховіча). Абодва «неабыякавых грамадзяніна» зараз балатуюцца ў Каардынацыйную раду трэцяга склікання.
«Скандалы зьвязаныя з наяўнасцю «данасіцеляў» у «выбарчых» сьпісах, ёсьць нагодай для пераносу галасавання ў КР, дзеля больш дакладнай праверкі «удзельнікаў» па пытаннях этасу, адказнасьці, працы на сістэму.
Неабходны люстрацыйны працэс зараз. Бо пазнейшае выяўленне лаяльных да рэжыму Лукашэнкі людзей, ужо ў КР, канчаткова падарве давер да гэтай структуры», — лічыць палітолаг.